Як адступала прэч дрыгва, пра тое знаюць у Жабінцы здаўна

Як адступала прэч дрыгва, пра тое знаюць у Жабінцы здаўна

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Вось ужо пяць гадоў у нашым райцэнтры працуе арыгінальны музей, прысвечаны меліярацыі палескіх зямель. Шматлікія госці, якія, наведваючы Жабінку, прыходзяць сюды — яскравае сведчанне: унікальная ўстанова запатрабавана і людзьмі, і часам. Пра тое наша размова са стваральнікам гісторыка-экспазіцыйнага комплексу, як афіцыйна завецца цікавая выстава, Пятром ВАЙНОЎСКІМ (на здымку).
ПЕРШЫЯ ПІСЬМОВЫЯ згадкі пра пачатак меліярацыйных работ на Жабінкаўшчыне сягаюць у далёкія 1893–1895 гады, калі “рака Трасцяніца была расчышчана настолькі, каб забяспечыць пропуск вады”, а “ўласнікамі суседніх балот былі расчышчаны старыя каналы, злучаныя з Трасцяніцкім каналам”. Пазней, “за польскім часам”, пачалося штучнае рэгуляванне рэчак Жабінка і Асіпоўка. Аднак усё спынілася з пачаткам ваеннага ліхалецця. Як адгрымела Вялікая Айчынная, аднавіліся і меліярацыйныя работы. Іх арганізацыяй і вытворчасцю з 1948 года кіраваў раённы меліяратар Міхаіл Яроцкі.
16 лістапада 1970 года ў складзе трэста “Брэстводбуд” створана Жабінкаўская перасоўная механізаваная калона № 19. Ажно 35 гадоў яе ўзначальваў Канстанцін Шаўчук, якому на змену прыйшоў Пётр Вайноўскі. Сустрэліся з Пятром Уладзіміравічам, каб паразмаўляць пра мінулае, што рухае заўжды будучыню.
Ён мае да ўзнікнення гісторыка-экспазіцыйнага комплексу непасрэднае дачыненне. Усё пачалося амаль выпадкова.
— Неяк ўлетку 2014-га паехалі па вытворчых справах на Гродзеншчыну, — успамінае Пётр Уладзіміравіч. — Наведалі Скідзель, дзе пабачылі з дзясятак старых меліярацыйных механізмаў, выстаўленых на паказ.
Узначальваў групу гендырэктар “Брэстмеліяводгаса” Мікалай Клімовіч. Ён і загарэўся ідэяй:
— А чаму б і нам падобнае не зрабіць? Толькі больш маштабна, чым у гродзенскіх калег. Усё ж меліярацыя Палесся — гэта цэлая эпоха ў развіцці ўсёй Беларусі! Вось толькі на чыёй базе стварыць музей? Мо Жабінка возьмецца? А мы ўсім светам абавязкова падтрымаем. — І ўтаропіўся ў Вайноўскага, які “выклік” без ваганняў прыняў.
— Да ўсяго гістарычнага ў мяне заўжды душа ляжала, таму прапанове Мікалая Аляксеевіча нават узрадаваўся, — прызнаецца суразмоўца. — Справа ад слова не адставала і дасюль працягваецца: калі ў 2015 годзе наша выстава налічвала 62 машыны ды механізмы, дык зараз іх ужо 138. Бачыце: падвоілася, і гэта яшчэ не канец!
Як і абяцалася, музей стваралі разам. Львіная частка тэхнічных сродкаў, вядома, жабінкаўская. Аднак геаграфія экспанатаў вельмі шырокая: на пляцоўцы ў ПМК-19 “на ганаровую варту” паўсталі машыны з усіх без выключэння меліярацыйных прадпрыемстваў Брэстчыны.
— Наш комплекс унікальны, — упэўнена падкрэслівае Вайноўскі. — Бо ён адзіны ў краіне і гэткім застанецца назаўсёды: нават пры вялізным жаданні цяпер ужо немагчыма сабраць такую колькасць старой меліярацыйнай тэхнікі.
Сапраўды, калекцыя ўражвае. Адна з яе зорак — гусенічны Т-74, выраблены ў 1962 годзе на Харкаўскім трактарным заводзе. Ён цудоўна захаваўся. Працавіты і надзейны, некалі такі невялічкі эканомны трактарэц усю цаліну ўзняў ды багну асіліў. А зараз адзін з такіх “жалезных коней” адкрывае выставу ў Жабінцы!
Пра тое Пётр Уладзіміравіч распавядае з любасцю, усмешкай ды павагай. Ён гаворыць:
— Цэлае пакаленне ўпарта адваёўвала зямлю ў дрыгвы. Дзякуючы меліяратарам колішнія “людзі на балоце” далучаліся да сучаснага цывілізаванага свету. Таму захаваць такія памяткі вельмі важна.
Наведваючы гісторыка-экспазіцыйны комплекс, нібыта пераносішся ў часе, назіраеш эвалюцыю развіцця меліярацыйнай справы. “Кузня кадраў меліяратараў” — гэтак завецца адзін з раздзелаў выставы ў памяшканні музея. І гэта невыпадкова! Бо ставілася і другая, не менш важная задача: выхаваць на традыцыях новае пакаленне працаўнікоў. Нездарма сёння музей стаў філіялам кафедры прыродаўладкавання Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Ужо два гады студэнты-першакурснікі ўрачыста атрымліваюць тут свае залікоўкі і часткова праходзяць практыку па спецыяльнасці “Меліярацыя”.
Пётр Вайноўскі ў музеі гаспадар. А як жа гаспадыня? І яна ёсць… Нават не адна — цэлая парачка: клін-баба ды шар-баба! Гэтыя “жалезныя лэдзі” (кожная вагой да чатырох тон!) паўсталі пры ўваходзе.
— Задача ім пастаўлена, — гаворыць і ад душы смяецца суразмоўца, — як добрым гаспадыням сустракаць гасцей на парозе “хаты”. І з задачай сваёй яны спраўляюцца на выдатна. У нас парадак ды чысціня, 780 зялёных насаджэнняў: кустоўе, дрэвы, кветкі ствараюць утульны ландшафт.
Так, воку прыемна адпачыць, а слых лашчыць цікавы расповед гаспадара арыгінальнага музея. Ён быццам жыве гэтай справай, гатовы шмат хвілін адвесці кожнаму аб’екту, ловячы зацікаўленыя позіркі ды ўхваленні з боку наведвальнікаў. Іх за пяцігодку нават не пералічыш. Тут гасцявалі наведвальнікі з міністэрстваў, Адміністрацыі Прэзідэнта, абласныя кіраўнікі, прафсаюзныя дзеячы, прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі… З асаблівай цеплынёй згадвае Пётр Вайноўскі былога кіраўніка “Галоўпалессеводбуда”, Ганаровага меліяратара БССР Анатоля Зеляноўскага, якому плануецца прысвяціць новы музейны раздзел.
Аглядаць тэхніку, што стала экспанатамі музея пад адкрытым небам, можна вельмі доўга, а ў канферэнц-зале пабачыць не толькі ўнікальную, на ўсю сцяну, карту асушэння Палесся, але й даведацца са слайдаў пра мінулы ды сённяшні дзень берасцейскіх меліяратараў.
— Наш вопыт не застаецца па-за ўвагай, — дадае Пётр Вайноўскі. — Аднаго разу пінчукі цэлым аўтобусам выправіліся ў Жабінку. Паглядзеўшы нашыя здабыткі, і ў сябе ўладкавалі стэнды пра асушэнне Піншчыны. Добрае таксама бывае “заразным”.
Сярод экспанатаў музея пачэснае месца займае пераходны чырвоны сцяг. Ёсць і другі падобны штандар — непасрэдна ў адміністрацыйным будынку. Пра гэта Пётр Уладзіміравіч гаворыць з асаблівым гонарам:
— Ажно шэсць разоў (паміж 2009 і 2015 гадамі) Жабінкаўская ПМК-19 прызнавалася лепшым прадпрыемствам у сістэме “Брэст-водбуда”. Атрымалася, сцягі толькі па назве пераходныя, а насамрэч надоўга прапісаліся ў Жабінцы. Вось кіраўніцтва і вырашыла: калі ўжо вы такія спраўныя — захоўвайце назаўжды! Мы і захоўваем. І тым ганарымся.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top