Тавар на любы густ і ветлівая ўсмешка

Тавар на любы густ і ветлівая ўсмешка

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Магазін канцылярскіх тавараў РУП “Выдавецтва “Белбланкавыд”, што ў Жабінцы, тройчы мяняў свой адрас. Спачатку знаходзіўся на вуліцы Кірава, потым на Піянерскай, сёлета з 3 чэрвеня ён прапісаўся на вуліцы Леніна, 1 Б. Нягледзячы на гэта, магазін заўсёды меў сваіх пакупнікоў, карыстаўся попытам, асабліва напярэдадні новага навучальнага года, калі дзеці і іх бацькі набываюць тавары для школы.
Наведвальнікаў крамы сустракае ветлівая і ўсмешлівая Ірына Карабан (на здымку). Прадаўцом у “Белбланкавыдзе” яна працуе з 2010 года.
— Работу сваю люблю, — прызнаецца Ірына. — Падабаецца абслугоўваць пакупнікоў, з задавальненнем дапамагу вызначыцца з выбарам, падкажу і параю.
Яна адкрытая і камунікабельная, у гэтым упэўнілася падчас экскурсіі, якую правяла для мяне па магазіне Ірына Аляксандраўна. Асартымент крамы багаты: бланкі розных відаў, папера офісная і факсавая, папкі-рэгістратары, пластыкавыя і кардонныя, канцылярскія прылады, тавары для школы і дзіцячага сада — сшыткі і папкі для іх, ручкі і алоўкі, фламастары і расфарбоўкі, каляровая папера і кардон, пеналы і глобусы, ёсць ранцы, калькулятары, флэшкі, развіваючыя гульні — усяго і не пералічыш.
Тут аформлены “Куток школьніка”, ёсць так званыя шпаргалкі-падказкі — спісы, што патрэбна купіць да школы першакласніку і тым дзеткам, якія ідуць у дзіцячы сад. Бо не ўсе бацькі, якія прыходзяць, маюць пералік неабходных тавараў.
З 1 жніўня да 30 верасня ў магазіне дзейнічае акцыя на тонкія сшыткі: пры набыцці 20 і больш кошт аднаго складзе 12 капеек.
Як адзначыла Ірына Карабан, прадукцыя паступае ў краму з Мінска з цэнтральнага склада. Калі вы прыйшлі ў “Белбланкавыд” і нейкага тавару са спісу там не аказалася, вы можаце заказаць яго прадаўцу, а праз некаторы час забраць — вашу заяўку Ірына пастараецца выканаць.
Кожны дзень, акрамя нядзелі, магазін РУП “Выдавецтва “Белбланкавыд” чакае сваіх пакупнікоў. Упэўнена: вы знойдзеце тое, за чым прыйшлі, а якасцю абслугоўвання будзеце задаволеныя.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top