Высокая планка Жабінкаўскай ПМК-10

Высокая планка Жабінкаўскай ПМК-10

 Дзяржаўнае ўнітарнае будаўнічае прадпрыемства “Перасоўная механізаваная калона № 10” аб’яднання “Брэстаблсельбуд” — брэнд і гонар Жабінкаўшчыны. Больш за паўстагоддзя яно займаецца будаўніцтвам і рэканструкцыяй сацыяльна-значных аб’ектаў. З чэрвеня 2018 года Жабінкаўскую ПМК-10 узначальвае малады і энергічны кіраўнік — Аляксандр Якімук, які працуе ў арганізацыі з 2004-га, прайшоўшы за гэты час прафесійныя прыступкі ад сталяра-станочніка, майстра будаўніча-мантажных работ, начальніка планавага вытворча-тэхнічнага аддзела, галоўнага інжынера да начальніка прадпрыемства. Напярэдадні Дня будаўніка Аляксандр Уладзіміравіч падзяліўся дасягненнямі калектыву і планамі на будучае.
— Амаль тры гады таму Жабінкаўская ПМК-10 адзначыла свой паўвекавы юбілей. Якімі вынікамі можа пахваліцца асноўная будаўнічая арганізацыя раёна?
— Наша прадпрыемства пераадолела вялікі шлях у развіцці і дасягненні пастаўленых мэт. За час існавання калектывам ПМК-10 былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю тысячы квадратных метраў жылля, аб’екты аховы здароўя, школы, дзіцячыя сады, адміністрацыйныя будынкі ўсіх калгасаў раёна, комплексы для буйной рагатай жывёлы, збожжасховішчы, культурнамасавыя аб’екты, базы адпачынку і шматлікія іншыя збудаванні, якія патрабуюць пільнай увагі і выканання. У апошнія гады мы галоўным чынам будавалі жылыя дамы на Жабінкаўшчыне.
— Аляксандр Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, пра самыя значныя, на ваш погляд, аб’екты, узведзеныя Жабінкаўскай ПМК-10 летась і сёлета.
— Сярод іншых вылучу будаўніцтва сярэдняй школы з блокам пачатковых класаў у мікрараёне “Паўднёвы Захад-2” горада над Бугам: агульны кошт падрадных работ склаў 24 млн. рублёў. Здача аб’екта прымеркавана да 1000-годдзя горада Брэста. Са збудаванняў, уведзеных у эксплуатацыю ў 2018 годзе, грамадска-гандлёвы цэнтр у Высокім, гандлёвы цэнтр у Вялікай Бераставіцы Гродзенскай вобласці і квартал шматкватэрных жылых дамоў у Жабінцы. Не магу не сказаць пра іншыя аб’екты, не меней важныя для нас. Узводзім 40-кватэрны жылы дом у нашым горадзе, а таксама дзве фермы ў Жабінкаўскім раёне (у Буснях і Кардах) і адну ў Брэсцкім — у Тэльмах. У верасні плануем прыступіць да будаўніцтва долевага дома ў райцэнтры і два ўзвесці ў наступным годзе. Плануем пабудаваць шэсць шматкватэрных дамоў. Хачу адзначыць, што дзякуючы прафесіяналізму нашых работнікаў і нашым агульным старанням дасягаем добрых вынікаў у тэрмінах узвядзення, якасці работ і адпаведна вядзём адкрытую канкурэнцыю, у тым ліку і ў спаборніцтвах ды конкурсах па будаўнічай тэматыцы.
— І прычым паспяхова. Наколькі я ведаю, Жабінкаўская перасоўная механізаваная калона № 10 заняла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе, што праводзіў Саюз будаўнікоў Беларусі. Што вам дала гэтая перамога?
— У першую чаргу яна павысіла прэстыж нашай арганізацыі, дадала гонару работнікам, праславіла Жабінкаўшчыну на ўсю краіну. Дыплом і крышталёвую статуэтку атрымліваў у сталіцы з рук міністра архітэктуры і будаўніцтва наш галоўны інжынер Андрэй Северанюк. Будзем і надалей трымаць гэтую высокую планку! Лічу, гэта заслуга ўсіх работнікаў прадпрыемства, а не кагосьці асобнага. У нас малады перспектыўны калектыў: са 188 супрацоўнікаў працэнтаў 60 ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў. Прадукцыйнасць працы па выніках мінулага года склала 50,606 тыс. рублёў. Сярэднямесячная зарплата — 1007 рублёў, для раёна, лічу, вялікая лічба. Праца ў нас здзельна-прэміяльная, і людзі прыходзяць на прадпрыемства не за тым, каб адбыць на рабочым месцы патрэбных восем гадзін, а для таго, каб зарабіць. Сакрэт поспеху якраз у тым і заключаецца, што трэба працаваць, а не гультаяваць, і правільна, пісьменна планаваць — сваю работу і арганізацыі ў цэлым.
— На што накіраваны галоўныя намаганні прадпрыемства?
— На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, пашырэнне геаграфіі дзейнасці і павелічэнне аб’ёмаў выкананых работ. Сёння спецыялісты нашай ПМК-10 выконваюць будаўнічыя і спецыяльныя мантажныя работы на аб’ектах культурна-побытавага, жыллёвага, сацыяльнага і іншага прызначэння ў Жабінцы і раёне, а таксама ў Брэсцкім, Кобрынскім, Маларыцкім, Камянецкім раёнах і абласным цэнтры. Аб’ём падрадных работ за 2018 год выкананы ўласнымі сіламі ў суме 9,017 млн. рублёў, што склала 179 % да папярэдняга года. Аб’ёмы работ растуць, і іх дапамагае выконваць свая дапаможная вытворчасць: растворны вузел магутнасцю 100 кубічных метраў у змену, лесапільны цэх на 1500 кубічных метраў лесу ў год, сталярны цэх з аб’ёмам перапрацоўкі драўніны 400 кубічных метраў у год, цэх па вырабе зварных металаканструкцый і нарыхтовак з труб, пляцоўка для вытворчасці вырабаў зборнага бетону і жалезабетону. Летась выкананы і істотна перакрыты планавыя паказчыкі як па выручцы ад рэалізацыі (144 % да плана), так і па дабаўленым кошце (144,9 %), іншыя. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг склала 6,7 %,
продажаў — 5,3 %. Прычым сёлета ў першым паўгоддзі асноўныя паказчыкі выкананы на 50 і больш працэнтаў. Адным з галоўных складнікаў поспеху Жабінкаўскай ПМК-10 стала тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя. Мы нямала інвесціравалі ў набыццё аўтатранспартных сродкаў, механізмаў і абсталявання — 195 тысяч рублёў. Работы наперадзе шмат, і тэхніка патрэбна сучасная, якасная. Нельга забываць і пра паляпшэнне ўмоў працы і быту работнікаў прадпрыемства, павышэнне іх культурнага і тэхнічнага ўзроўню, развіццё творчай ініцыятывы. Клопат пра падначаленых — адна з галоўных задач кіраўніка.
— Будаўнікі — гэта чараўнікі з залатымі рукамі, якія за непрацяглы час узводзяць патрэбныя і важныя аб’екты. Назавіце лепшых з лепшых работнікаў ПМК-10, якія будуць узнагароджаны да прафесійнага свята.
— Асабіста я ўдзячны кожнаму нашаму працаўніку за ўклад у агульную справу, за добрасумленную працу. Усе работнікі прадпрыемства атрымаюць грашовыя падарункі да Дня будаўніка. А 22 рупліўцы будуць узнагароджаны падчас святочнага мерапрыемства ганаровымі граматамі і пісьмамі падзякі Жабінкаўскага райвыканкама, аб’яднання “Брэстаблсельбуд” і непасрэдна нашай арганізацыі. Сярод іх машыніст аўтавышкі Яўген Кузнец, бетоншчык Юрый Еўтушук, вядучы эканаміст Святлана Яскавец, машыніст бульдозера Віктар Ахрымук, электрагазазваршчык Андрэй Вашчук, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Людміла Шыкута, прарабы Віктар Баброўнік і Уладзімір Малецкі, бетоншчыкі Дзмітрый Фунцяеў і Анатоль Актысюк і іншыя. Віншую іх і жадаю ўсім майстрам будаўнічых спраў моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў і шчасця.
Інтэрв’ю правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top