Азяцкі. У апошні ліпеньскі панядзелак пад кіраўніцтвам старшыні Ларысы Харс прайшло пася-джэнне сельвыканкама. Дэпутаты, вясковыя старасты, члены сельвыканкама абмяркоўвалі вынікі развіцця за першае паўгоддзе. Вельмі ўдала спрацавалі паштовыя аддзяленні ў Азятах і Старым Сяле (загадчыкі Людміла Лысковіч і Алена Калюшык), а таксама магазін № 36, размешчаны ў аграгарадку, які ўзначальвае Галіна Краўцова. Згаданыя арганізацыі выканалі і нават перавыканалі свае планы за паўгоддзе. У пасяджэнні паўдзельнічалі начальнікі аддзелаў райвыканкама Святлана Плавух і Лілія Сакалова, якія правялі выязны прыём грамадзян у Пералум’і. Усе дзевяць жыхароў невялічкай вёскі мелі магчымасць напрамую звярнуцца да прадстаўнікоў раённых улад. Прынамсі, цікавіліся магчымасцямі будаўніцтва ў Пералум’і: вёска адносна недалёка ад Кобрына, а таму ўчасткі карыстаюцца попытам у двух маладых сем’яў з суседняга раёна.

Жабінкаўскі. Шпарка ідзе падрыхтоўка да раённых “Дажынак”, якія сёлета прымуць Вялікія Якаўчыцы. Пра тое распавядаў на пасяджэнні райвыканкама выконваючы абавязкі старшыні Жабінкаўскага сельвыканкама Мікалай Галавейка. Каб аграгарадок выглядаў годна, правялі вырубку старых аварыйных дрэў, працягваюць ачыстку тэрыторый ад смецця (у тым ліку расліннага), усталявалі чатыры кантэйнерныя пляцоўкі. Адным словам, пакрысе старажытнае паселішча, якому сёлета спаўняецца 485 гадоў, набывае абноўлены выгляд і неўзабаве прыме лепшых хлебаробаў раёна і гасцей галоўнага земляробчага свята.

Ленінскі. Сіламі Жабінкаўскай ЖКГ і яе падрадных арганізацый у аграгарадку Ленінскі ідзе капітальны рамонт дамоў на вуліцы Касманаўтаў, Міру і ў завулку Заводскім. Пабудовы будуць уцеплены і пафарбаваны, адрамантуюцца дахі.
Набліжаецца да завяршэння рамонт спартыўнай залы СДК, якая адчыніць дзверы сваім наведвальнікам 7 верасня — у дзень аграгарадка. З’явяцца новыя імёны на Дошцы гонару перадавых працаўнікоў Ленінскага сельсавета, на свяце назавуць лепшыя падворкі прыватных дамоў і пад’езды шматкватэрных, будуць уганараваны самы старэйшы і самы маленькі жыхары аграгарадка.

Ракітніцкі. Адбыўся выязны прыём грамадзян у вёсцы Булькова, у якім прынялі ўдзел старшыня Ракітніцкага сельвыканкама Валерый Андраюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вера Бортнік, начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Казак. Падчас размовы высветлілася: жыхароў Булькова хвалюе стан дарог, да прыкладу, той, што вядзе ад трасы М1 да вёскі, якасць грэйдзіравання. Выказваліся пажаданні наконт асфальтавання, таксама ўздымалася праблема высечкі аварыйных дрэў, абмяркоўваліся іншыя на-дзённыя пытанні.

Сцяпанкаўскі. Спакон вякоў умеюць працаваць і святкаваць арэпіцкія земляробы. Сёлетні год для жыхароў старадаўняга паселішча асаблівы: першая пісьмовая згадка пра Арэпічы знаходзіцца пад 1509 годам. З нагоды шаноўнага юбілею і завяршэння жніва сёння, 10 жніўня, ладзіцца свята вёскі, якой больш за паўвека. Загадчык мясцовага клуба Таццяна Краснянская падзялілася тым, што чакае гасцей на свяце. Пачнецца ўсё ў 15.00 дзіцячай гульнёва-забаўляльнай праграмай, асноўная дзея — крыху пазней (а 16-й гадзіне). Акрамя ўшанавання жыхароў Арэпічаў, чакаюцца выступленні спецыялістаў МНС і вялікая канцэртная праграма самадзейных артыстаў, у тым ліку з Брэста, Крыўлян, Мацеевічаў. У праграме свята таксама розныя забаўляльныя конкурсы ды выставы. Ёсць яшчэ магчымасць далучыцца да вясёлага святкавання 510-х угодкаў вёскі, у якой спрадвеку і зямлю аралі, і караваі пяклі!

Popularity: 1%

Top