Явар і каліна

Явар і каліна


21 снежня мінулага года адсвяткавалі рубінавае вяселле жыхары Жабінкі Аляксандр Усцінавіч і Галіна Дзмітрыеўна Завяржэнцы. За 60 гадоў сумеснага жыцця шмат было ўсяго: і кепскага, і добрага. Але яны, нібы тыя явар з калінаю, хоць і гнулі іх вятры жыццёвых нягодаў, сумелі выстаяць перад цяжкасцямі, захаваць вернасць адно аднаму і цёплыя ўзаемаадносіны.
Аляксандр Усцінавіч родам з Канатопаў. Ён быў апошнім сынам у сям’і. Маці нарадзіла яго, калі было ёй ажно паўвеку. Напэўна, Бог паслаў ёй сына ў такія сталыя гады для таго, каб іменна ён дагледзеў яе да глыбокай старасці. Сям’я была вялікая, жылі бедна, таму з дзяцінства давялося Сашу працаваць на гаспадарцы і сваёй, і чужой, зарабляць хоць якую капейчыну. У 1944 годзе, калі савецкія войскі вялі наступленне, яго ў няпоўныя васемнаццаць забралі на вайну. Дайшоў аж да самага Берліна. А пасля Перамогі іх часць накіравалі на савецка-японскі фронт. Пяць гадоў Аляксандр Завяржэнец адслужыў на Курыльскіх астравах. Толькі ў 1950-м, пасля дэмабілізацыі, вярнуўся на радзіму. Пайшоў працаваць у нарыхтоўчую кантору. Тут, у Жабінцы, ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Галінай. Прыгожая — чарнявая і высокая — дзяўчына адразу захапіла яго сэрца. Будучы родам з вёскі Літвінкі Кобрынскага раёна, яна ў той час працавала ў нашым гарадку лабаранткаю на пункце нарыхтоўкі збожжа (“заготзерно”). Хлопец доўга не цягнуў, хутка пасватаўся, і ў 1951 годзе яны згулялі вяселле. Спачатку маладыя кватаравалі ў людзей, потым гаспадару, як удзельніку вайны, улады далі пазыку на будаўніцтва дома. У 1953-м нарадзіўся сын, якога ў гонар бацькі назвалі Сашам. Праз два гады Аляксандра Усцінавіча прызначылі на працу дырэктарам хлебапякарні ў Жабінцы.
Здавалася, усё добра складваецца ў маладой сям’і: збудавалі дом, завялі гаспадарку. Але ў жыцці, бадай, ніколі не бывае так, каб ішло ўсё гладка. У 1956 годзе, акурат тады, як нарадзілася дачушка Зоя, Аляксандр Усцінавіч захварэў. Цяжкія ваенныя гады, служба на Курылах, кепскае харчаванне зрабілі сваю няўдзячную справу: у яго дактары прызналі цыроз печані. Пачалася вандроўка па ўрачэбных кабінетах і бальніцах. Увесь клопат пра сям’ю лёг на плечы Надзеі Дзмітрыеўны. Як птаха над гняздом, яна кружыла і над дзецьмі, і над сваім любімым чалавекам — рабіла ўсё, абы ён ачуняў. Дзякуючы выпадку, ёй пашчасціла сустрэцца з выдатным урачом Альзенштэйнам, які параіў забраць мужа з бальніцы дамоў і лячыць паводле ягоных “пропісаў”, захоўваючы строгую дыету. Яна купіла карову, каб пад рукамі заўжды былі свежае малако, смятана і тварог. Сама збірала зёлкі, а чаго не было, купляла ў аптэцы альбо на базары. Нельга нават уявіць, як цяжка ёй прыйшлося: на руках двое малых дзяцей, гаспадарка і хворы муж, якому была супрацьпаказана ўсялякая фізічная праца. Вера ў яго выздараўленне і вялікае каханне прыдавалі ёй сілы. Многім мусіла ахвяраваць: ядой і ўборамі для сябе, сном і адпачынкам. Але ў гэты складаны для сям’і час яна не пабаялася нарадзіць трэцяе дзіця: у 1962 годзе на свет паявілася дачушка Юля. Можа, яе нараджэнне прынесла Аляксандру Усцінавічу яшчэ большую ўпэўненасць у выздараўленні?..
Так, менавіта вялікае каханне перамагло хваробу. Аляксандр Усцінавіч ачуняў, а неўзабаве зноў выйшаў на працу. Адпрацаваўшы 15 гадоў у хлебапякарні, ён пасля загадваў буфетам ад Брэсцкага аддзялення чыгункі, затым, ужо да пенсіі, працаваў у раённым спажывецкім таварыстве. Добры догляд і дыета на працягу ўсяго жыцця мацавалі і мацуюць яго: ён яшчэ і цяпер, у свае 85, трымаецца на нагах, чулы і ўважлівы, чым радуе жонку і дзяцей.
Галіна Завяржэнец, пакуль дзеці не падраслі, займалася гаспадаркай і сям’ёй, потым пайшла працаваць у аптэку касірам, аддала ёй 18 гадоў, а да выхаду на пенсію працавала ў гандлі.
Цудоўны вынік іх зладжанага жыцця, узаемных клопатаў — іхнія дзеці. Усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын закончыў будаўнічы інстытут і цяпер жыве і працуе ў Мінску, у яго ўжо ёсць свае ўнукі. Сашаў старэйшы сын — дырэктар сумеснай беларуска-кітайскай фірмы “Мегатоп”. Дачка Завяржэнцаў-старэйшых Зоя закончыла дашкольнае аддзяленне педінстытута і працуе метадыстам у жабінкаўскім дзіцячым садзіку “Званочак”. Малодшая Вольга пасля Гомельскага кааператыўнага інстытута працуе эканамістам на масласырзаводзе ў Кобрыне, чыя прадукцыя, як піша тамашняя раёнка, па-за канкурэнцыяй.
У Галіны Дзмітрыеўны і Аляксандра Усцінавіча ўжо пяць унукаў і пяць праўнукаў, якіх дзед і бабуля заўсёды з радасцю чакаюць у госці. Аляксандр Завяржэнец, як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер баявых узнагарод, два дзясяткі гадоў узначальваў ветэранскую арганізацыю ў райспажыўтаварыстве. І цяпер, нягледзячы на свой шаноўны век, ён даволі часты госць у вучняў трэцяй гарадской школы, куды яго запрашаюць падзяліцца ўспамінамі.
Гаспадыня апошнім часам хварэе — падводзяць ногі, але яна ніколі не забывае пра сваіх былых калег, заўсёды стараецца падтрымаць іх добрым словам і парадай. У свае 83 гады яна сама ўпраўляе ўсю хатнюю работу.
Хочацца ад душы пажадаць гэтым добрым і чулым людзям моцнага здароўя, каб яны яшчэ доўгія гады, нібы явар і каліна з вядомага верша-песні Янкі Купалы, “шапталіся” адно з адным, а іх цёплы дом быў той “ціхай далінай”, куды нязменна цягнуцца дзеці, унукі і праўнукі.
Святлана РАМАНЮК, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top