“Зямля бацькоў — мая зямля”

“Зямля бацькоў — мая зямля”


Святочна, любоўна ў адносінах да роднай спадчыны прайшло ў Хмелеўскай адзінацаццігодцы мерапрыемства, прымеркаванае да Сусветнага дня Зямлі. У зале, упрыгожанай вырабамі народных умельцаў, адчувалася непарыўная сувязь паміж людзьмі сталага ўзросту і моладдзю. Пра гэта згадвалі і запрошаныя на свята госці (сярод іх — спецыялісты мясцовай гаспадаркі) і завуч школы Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва, якая была сярод арганізатараў мерапрыемства.
На працягу вечарыны згадваліся прыказкі, прымаўкі, народныя прыкметы, прысвечаныя зямлі, якая выклікае павагу ў селяніна, паколькі для яго і карміцелька, і стваральніца прыгажосці, і абаронца ў ліхія часы.
— Таму найвышэйшым правілам для людзей, — даводзілі вядучыя свята Каця Трафімук і Алег Цяліпка, — заўжды заставалася біблейская мудрасць: “Не рабі шкоды ні зямлі, ні мору, ні дрэву”. А вобраз маці-Зямлі у хрысціянскай традыцыі злучыўся з культам Багародзіцы. Пра гэта ніколі не забываюць хмелеўцы.
Шмат прыгожых слоў гучала ў гонар малой радзімы, якая стала сапраўднай калыскай для многіх таленавітых людзей: военачальніка Маркіяна Германовіча, паэта Івана Арабейкі, таленавітах самадзейных артыстаў з фальклорных калектываў “Хмелеўскія валацугі” і “Дараносіца”.


На працягу ўсяго года зямля просіць беражлівага догляду, таму надзвычай пачэсныя на сяле земляробчыя спецыяльнасці. Пра гэта школьнікам расказваў галоўны заатэхнік СВК “Хмелева” Віктар Іванавіч Максімук, які запрасіў школьнікаў пасля заканчэння навучальнай установы заставацца ў сельскай гаспадарцы і дадаў:
— Каб зямля, што ведае працу рук вашых бацькоў, сапраўды стала і вашаю зямлёю.
З вуснаў маладога спецыяліста, бухгалтара Вольгі Васільўны Мекец, якая толькі тры месяцы таму ўлілася ў калектыў, дзеці даведаліся пра яе прафесію — адну з самых запатрабаваных на рынку працы.
Сёння ўпершыню ў СВК “Хмелеве”, якім кіруе Барыс Уласавіч Парафянюк, вырашылі прэміраваць школьнікаў стыпендыямі за добрыя вучобу і паводзіны ў трэцяй чвэрці. Трынаццаць найбольш здольных і працавітых хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі іх з рук бухгалтара сельгаскааператыву Валянціны Сямёнаўны Засімук.
Сапраўдным упрыгажэннем свята стала выступленне педагогаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Чароўна гучала труба ў руках Васіля Канстанцінавіча Палулеха. Доўга не адпускалі хмелеўцы са сцэны балалаечніка Сяргея Валер’евіча Носава. Парадавалі сваім мастацтвам ігры на розных інструментах Наталля Мікалаеўна Грэцкая, Вольга Іванаўна Супрун і Лідзія Уладзіміраўна Санюк.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час святкавання Сусветнага дня Зямлі ў Хмелеўскай школе.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top