Юшка, духмяная гарбата і ўражанняў багата

Юшка, духмяная гарбата і ўражанняў багата

Традыцыйна падчас летніх канікулаў вучні нашага класа разам з класным кіраўніком Юліяй Аляксандраўнай Дусь і бацькамі здзейснілі велапаход. Але сёлета вырашылі яго ўскладніць: хто ж адмовіцца хоць адны суткі пажыць у палатачным гарадку на ўлонні прыроды? Яшчэ ў мінулым годзе пра гэта дамаўляліся! Аднак забарона на наведванне лясоў адклала наш паход на пэўны час.
Напярэдадні вызначанага дня сіноптыкі папярэджвалі пра навальніцы і моцныя дажджы, але нас гэта не спыніла. І мусіць, прырода злітавалася над намі і падаравала на ўсе выхадныя цудоўнае надвор’е і досыць цёплую ноч.
У дзевяць гадзін раніцы ад роднай першай школы дружна рушылі ў дарогу, папярэдне паўтарыўшы правілы дарожнага руху. Спрактыкаваныя ў велапаходах, хутка дабраліся да месца і дружнай талакою пачалі будаваць палатачны гарадок. Якіх толькі “домікаў” тут не было! Двух- і чатырохмесныя, на адзін, два і нават тры “пакоі”! Цікава было паспрабаваць свае сілы і навучыцца ставіць палаткі розных відаў.
Затым абсталявалі тэрыторыю. На спартыўнай пляцоўцы нацягнулі валейбольную сетку. Паправілі месца вогнішча і назбіралі ламачча, каб хапіла яго на ўвесь час паходу. Побач з кастром з аднаго боку размясцілі “сталоўку”, з другога — “кухню”. Такім чынам, у нас атрымалася некалькі зон.
Дзень быў насычаны, праходзіў весела, актыўна і разнастайна. Гулялі ў піянербол, хованкі, казакоў-разбойнікаў, адзінаццаць, у шахматы… Купаліся ў Мухаўцы, дарэчы, вада была вельмі цёплая. Пакаталіся па чарзе на маторцы. Таццяна Людына правяла лікбез на тэму “Лекавыя травы нашых лясоў”. Мы знайшлі святаяннік і маліннік, з якіх затым атрымалася духмяная і карысная гарбата.
Меню было вельмі багатым. Шмат гародніны: гуркі, памідоры, цыбуля, кроп, пятрушка. Канешне ж, сала і бульба! Смажаны на агні шашлык. А які ж паход без юшкі?! Менавіта яна стала галоўнай стравай вячэры. Трэба быць сапраўднымі майстрамі-кухарамі, як Аляксандр Уласюк, Юрый Піўчык, Уладзімір Дземядзюк, Аляксандр Гацкевіч, каб так смачна прыгатаваць ежу на вогнішчы.
Вельмі ўтульна было прыцемкам проста пасядзець каля агню. Нават дыскатэку тут наладзілі. Далёка за поўнач разышліся па палатках, пакінуўшы дзяжурных ля кастра.
Раніцай усе прачнуліся на дзіва рана. Эмоцый было шмат: некаторыя ўпершыню былі ў паходзе з начлегам. Але ўсе добра сябе адчувалі дзякуючы клопатам спрактыкаваных у такім адпачынку турыстаў са стажам.
Каля трох гадзін дня падлеткі самі вырашылі, што прыйшоў час вяртацца. Сабралі палаткі, праверылі, ці не пакінулі дзе смецця. Залілі вадой вогнішча, прысыпалі пяском. Адным словам, ніякіх слядоў пасля сябе не пакінулі.
Паход удаўся на славу! Такія “вылазкі” на прыроду — гэта паўтарэнне правілаў бяспекі, паводзінаў на вадзе і ў лесе, абыходжання з агнём і набыццё новых ведаў. Яны спрыяюць узмацненню дружбы, узаемавыручкі і ўзаемадапамогі, пашырэнню кругагляду. А яшчэ — паляпшаюць зносіны бацькоў з дзецьмі, умацоўваюць сем’і, адным словам, прыносяць толькі карысць.
Людміла ЦУПА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top