Новая паэтава зямля

Новая паэтава зямля


Нараджэнне і выхаванне ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Пастушковае маленства поруч са старэйшым братам і адначасова сталенне, бо выпасвалі кароў не толькі сваіх, але і іншых хмелеўцаў за некалькі пудоў жыта. Першыя вершы, пасланыя ў “Піянер Беларусі”. Вучоба ў Беларускім політэхнічным, праца на шклозаводзе “Нёман”, вяртанне на Брэстчыну, праца на “Газаапараце”, у інжынерна-будаўнічым інстытуце і шмат яшчэ дзе, уключна да пахавальнага ведамства — дзеля кватэры, за якую потым змагаўся аж на прыёме ў Маскве і праблему якой вырашыў народны паэт Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савета БССР Іван Шамякін… Пра ўсё гэта шчыра, без употайкі распавядаў паэт Іван Арабейка на мінулым тыдні землякам — сябрам клуба “Суразмоўнік” — у раённай бібліятэцы. Чытаў свае цудоўныя вершы як са зборнікаў, так і новыя, напісаныя пераважна ў цяперашнім паэтавым прытулку — вёсцы Жыцін. Запэўніў, што працяглае маўчанне ягонай музы спынілася, і ён рыхтуе свой новы зборнік вершаў.
Добрая, узаемапаважлівая была сустрэча! Толькі цяжка пагадзіцца з адным: вучні (якія, дарэчы, выдатна дэкламавалі вершы паэта) і настаўнікі Хмелеўскай сярэдняй школы падаравалі 70-гадоваму юбіляру-земляку вітальныя словы не на мове ягоных вершаў. Кропля непрыемнасці была адчувальная. А яшчэ не хочацца пагадзіцца з крытыкамі паэзіі Івана Арабейкі, якія занадта “прызямляюць” яе. У вонкавай “прастаце” ягоных вершаў — глыбіня і мудрасць, вывераная эстэтычная напоўненасць. Нездарма (напэўна, з гэтай нязгоды) нарадзіўся ў мяне сяброўскі шарж, з якім пазнаёміў паэта і знаёмлю зараз чытачоў:
Муза мудрага Івана
зноў імкне да ясных зор.
Сёння Ясная Паляна
для яго — Жыцінскі двор.

Зноў зрадніўся ён з зямлёю,
ходзіць годнаю хадой.
Твар аздобіць барадою —
будзе рыхтык Леў Талстой.

Садам шчасны, агародам
ды курынаю сям’ёй.
Ён не скарбам граф, не родам —
граф паэзіяй сваёй.
Алесь КАСКО.
Фота Аляксея Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top