Заўсёды рады пакупнікам!

Заўсёды рады пакупнікам!

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Удзячнасць — цудоўная якасць, чароўная сіла, якая раскрывае і ажыўляе не толькі сэрца таго, хто дзякуе, але і сэрцы тых, каму гэтыя словы адрасуюцца. Удзячныя людзі вылучаюць энергію і пазітыў. Жыхарка Жабінкі Тамара Андрасюк якраз з такіх. Яна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, удзячна лёсу за дваіх цудоўных сыноў — Аляксандра і Віктара, за любімую работу (а яна прадавец 6 разраду магазіна № 13 “Прадукты” філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжрайбазы), за надзейных калег, за добрых сяброў, за верных і ветлівых пакупнікоў (некаторыя прыязджаюць на Калгасную нават з мікрараёна бальніцы).
У сферы гандлю Тамара Віктараўна працуе 25 гадоў. Прыгадвае, як пасля заканчэння першай гарадской школы ўладкавалася фасоўшчыцай у магазін № 15. Праца прыйшлася па душы, тым больш з дзяцінства Тамары падабалася гуляць “у краму” і папраўляць на паліцах сапраўдных магазінаў тавары. На шляху да ўвасаблення юнацкай мары ў жыццё дзяўчына скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Маларыце і атрымала пасаду прадаўца ў магазіне ў вёсцы Панцюхі. Затым падмяняла калег на час іх адпачынку па ўсім раёне. Завочна скончыла Гродзенскі гандлёвы каледж Белкаапсаюза і ўладкавалася загадчыцай універсама “Буг” (зараз “Бытавая тэхніка”).
Апошнія 13 гадоў Тамара Андрасюк рупіцца ў магазіне № 13 “Прадукты”. За добрасумленную працу неаднойчы ўзнагароджвалася граматамі розных узроўняў, была занесена на раённую Дошку гонару. Тамара Віктараўна лічыць, што яе поспехі і прафесійны рост сталіся магчымымі дзякуючы ў тым ліку дапамозе і падтрымцы калег. З цеплынёй і ўдзячнасцю гаворыць яна пра сваю былую начальніцу Ірыну Уладзіміраўну Шэйка, прадаўца Галіну Фёдараўну Асіпук і сённяшнюю напарніцу Галіну Антонаўну Зарэмба.
Магазін № 13 “Прадукты”, абноўлены пасля капітальнага рамонту ў 2013 го-дзе, адпавядае любым запатрабаванням пакупнікоў. Тут ёсць усё — ад харчовых да прамысловых тавараў: адным махам можна купіць малако, кефір і садовы сувенір, пасту зубную і таматную, каву ды пячэнне, посуд і адзенне.
— Абавязкова ўлічваем пажаданні пакупнікоў пры афармленні заявак, — кажа Тамара Андрасюк. — Нашы пастаянныя кліенты ведаюць дні завозу свежай прадукцыі — прыходзяць, атаварваюцца, дзякуюць. Працуем з усмешкай, з душою, уважліва ставімся да кожнага, хто завітвае да нас па пакупкі. Тавараабарот у дзень складае 1000-1500 рублёў, планы выконваем і перавыконваем. Працу сваю я люблю, пакупнікоў паважаю, таму і аддачу ад іх адчуваю. Мне падабаюцца зносіны з людзьмі, цешыць, калі яны пакідаюць магазін задаволеныя пакупкамі.
Асартымент трынаццатага сапраўды багаты: можна купіць прадукты на любыя святы. Тавары прыгожа і прадумана расстаўлены ды раскладзены на паліцах і ў вітрынах. А мілыя, абаяльныя ўсмешкі Тамары Віктараўны і Галіны Антонаўны проста скараюць і заклікаюць наведацца на Калгасную, 46 яшчэ і яшчэ. Тут заўсёды рады пакупнікам!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro