Вольга Уладзіміраўна Асіпук — сакратар судовых пасяджэнняў суда Жабінкаўскага раёна

Вольга Уладзіміраўна Асіпук — сакратар судовых пасяджэнняў суда Жабінкаўскага раёна

Правазнаўства — выбар на ўсё жыццё

Вольга Уладзіміраўна Асіпук памятае свой выпускны вечар у першай жабінкаўскай дзесяцігодцы, калі аднакласніцы адна перад адной хваліліся сваімі марамі. Хто хацеў быць падобнай на любімую настаўніцу, хто збіраўся стаць урачом, а каго клікалі нязведаныя дарогі геолага. Вольга сказала проста:
— Я буду юрыстам!
Праўда, дзяўчаты чамусьці не адобрылі яе выбар:
— Бегаць з пісталетам за рознай шпаной — гэта не жаночая справа!
— Чаму абавязкова з пісталетам? — усміхнулася Вольга. — Проста добра ведаць законы і дабівацца, каб іх выконвалі ўсе!
Гэтая размова з сяброўкамі не перакрэсліла Вольгіну мару: пасля школы яна падала дакументы на юрыдычны факультэт. Тым больш што перад вачыма быў добры сямейны прыклад: у Жабінкаўскім судзе працавала загадчыцай канцылярыі цёця Ганна Якаўлеўна Кавальчук, якая неаднойчы расказвала пра сваю прафесію.
Ды справа юрыста спачатку аказалася для Вольгі тым цвёрдым арэшкам, які не адразу дазволіў зазірнуць у сярэдзіну. Але і ў дзяўчыны быў характар: не адступлю!
Каб адпавядаць сваёй прафесіі, прыйшлося падоўгу праседжваць над заканадаўчымі дакументамі, часам забіраючы частку ночы. Праз паўгода вызвалілася месца сакратара судовых пасяджэнняў. Не думала тады Вольга Уладзіміраўна, што загад №2 ад 17 студзеня 1975 года будзе ледзь не адзіным запісам у яе працоўнай кніжцы.
Аднойчы выбраная дарога вымушала маладую жанчыну вучыцца, і Вольга падала дакументы ў Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум, выбіраючы сабе спецыяльнасць “Правазнаўства”. Скончыла тэхнікум з адзнакай, што адкрывала перад ёй дарогу ва ўніверсітэт. Без уступных экзаменаў. Ды сям’я і малыя дзеці — не да вучобы тады было…
Вось ужо 37 гадоў Вольга Уладзіміраўна Асіпук бесперапынна на пасадзе сакратара судовых пасяджэнняў. У характарыстыцы, падпісанай старшынёй суда В.В.Новікам, значыцца: “Да выканання сваіх службовых абавязкаў адносіцца добрасумленна, з’яўляецца працавітым, дысцыплінаваным і старанным работнікам”.
І гэта сапраўды так: двойчы В.У.Асіпук аб’яўлялася падзяка Міністэрствам юстыцыі рэспублікі. Вольга Уладзіміраўна ўзнагароджвалася Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама, мае некалькі Падзячных пісьмаў. У сваім калектыве таксама карыстаецца павагай: В.У.Асіпук шмат гадоў запар узначальвае прафсаюзную групу, клапоціцца пра адпачынак работнікаў, выхоўвае маладых спецыялістаў, што прыходзяць на працу ў суд.
— Не можа надакучыць работа, — лічыць Вольга Уладзіміраўна, — калі за кожнай справай бачыш чалавека, ягоны лёс, што патрабуе сур’ёзнага разгляду справы і вынясення справядлівага прыгавору. Прымае вердыкт, канечне, суддзя, але і сакратар не можа быць безуважным да лёсу падсуднага. Мяне заўсёды радуе, калі чалавек становіцца на шлях перавыхавання.
Вольга Уладзіміраўна з мужам Анатолем Рыгоравічам стварыла сям’ю, у якой заўсёдны лад і ўзаемапаразуменне. (Дарэчы, муж — майстар залатыя рукі таксама ўсё жыццё працуе на адным месцы: токарам на цукровым заводзе). Вольга і Анатоль вырасцілі дзве дачкі, дачакаліся ўнукаў. Старэйшая дачка Таня працуе інспектарам аддзела кадраў у РВУП “Гомельгандальтэхніка”. Яна закончыла той жа тэхнікум, што і маці, а зараз завочна займаецца на чацвёртым курсе юрыдычнага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— З майго боку прамой прапановы ёй вучыцца на юрыста, не было — прызналася В.У.Асіпук. Таня бачыла, з якім настроем я ішла на працу, з якім — вярталася, як я расказвала пра людзей, з кім сустракалася, і дачка, мусіць, зразумела, што мая спецыяльнасць — цікавая, і сама зрабіла такі выбар.
Словам, Таццяна неўзабаве будзе мець вышэйшую юрыдычную адукацыю.
Малодшая дачка Святлана таксама выбрала справу, карысную для людзей: стала медыцынскай сястрой у райбальніцы. Мае толькі добрыя водгукі ад пацыентаў. Поспехі дачок надзвычай радуюць маці, прыдаюць ёй сілы, напаўняюць жыццё шчасцем.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: сакратар судовых пасяджэнняў суда Жабінкаўскага раёна В.У.Асіпук.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top