Бяспека — галоўная тэма

Бяспека — галоўная тэма

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

На мінулым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком пабывала ў двух працоўных калектывах раёна.
Спачатку сустрэча адбылася ў “Белінвестбанку”, а потым — у ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Тэмай для абмеркавання паслужылі асноўныя накірункі бяспечнай жыццядзейнасці ў Беларусі.
Першым па гэтай тэме выступіў начальнік Жабінкаўскага РАНС Алег Бутрым. Ён расказаў, якая аператыўная абстаноўка склалася ў рэспубліцы. Так, з пачатку года адбылося 3399 пажараў, на якіх загінулі 273 чалавекі. На Жабінкаўшчыне давялося тушыць 12 пажараў. На шчасце, абышлося без чалавечых ахвяр (летась за такі ж перыяд загінулі ў агні два чалавекі).
— Як правіла, у большасці выпадкаў узгаранне адбываецца з-за няспраўнай электраправодкі і неасцярожнага абыходжання з агнём, — падкрэсліў Алег Анатольевіч. — Асабліва многа ўзгаранняў адбываецца па віне курыльшчыкаў, што засынаюць у ложку з непатушанай цыгарэтай у руцэ.
Аўтаномны пажарны апавяшчальнік, устаноўлены ў доме, рэагуе на малейшае задымленне ў пакоях, дзякуючы моцнаму гукавому сігналу дазваляе хутка зрэагаваць на небяспеку і выратаваць жыццё.
Асобная праблема — дзіцячае свавольства з агнём. Гэта неаднойчы прыводзіла да бяды, таму дарослым нельга пакідаць малых без нагляду ні на хвіліну. Алег Анатольевіч таксама звярнуў увагу прысутных на забарону выпальвання сухой расліннасці (колькі сёлета згарэла аўтамабіляў і дамоў у нашай краіне ад кінутай у траву запалкі!) і забарону наведвання лясоў у спякоту. Нагадаў выступоўца і правілы паводзінаў на вадаёмах. Нібыта ўсе іх ведаюць, ды толькі 110 чалавек патанулі, сярод іх — дзеці, якім яшчэ жыць і жыць!..
— Міністэрства па надзвычайных сітуацыях распрацавала мабільны дадатак “МНС Беларусі. Дапамога побач”, — расказваў Алег Анатольевіч. — Яго вельмі проста ўстанавіць у мабільным тэлефоне і імгненна знаходзіць важную інфармацыю аб дзеяннях у надзвычайных сітуацыях — што рабіць, калі сустрэлі змяю, пабілі тэрмометр, заблукалі ў лесе і многае іншае.
Затым выступіла паважаны госць — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. Яна расказала, як працуюць 14 камісій у парламенце, аб законапраектах, якія рыхтуюцца на восеньскую сесію. Больш падрабязна Жанна Уладзіміраўна спынілася на змяненнях у законах, што тычацца аховы працы. Сярод іх, напрыклад, двухтыднёвы адпачынак для тат, у сем’ях якіх нарадзіліся немаўляткі, браніраванне працоўных месцаў для пэўнай катэгорыі грамадзян і інш.
Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя мелі магчымасць задаць гасцям хвалюючыя пытанні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro