Гепатыт — каварны тып

Гепатыт — каварны тып

У наш час гепатыт з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных і сур’ёзных інфекцыйных захворванняў у свеце. Вірусны гепатыт — запаленне печані, якое выклікаецца вірусамі. Існуе пяць асноўных яго ўзбуджальнікаў, вызначаных як вірусы А, В, С, D і Е. Прычына гепатытаў А і Е — ужыванне забруджаных харчовых прадуктаў ці вады. Вострая інфекцыя можа працякаць з такімі сімптомамі, як жаўтуха (пажаўценне скуры і вачэй), празмерная стамляльнасць, млоснасць, ірвота і болі ў жываце.
Гепатыты В, С і D, так званыя парэнтаральныя вірусныя гепатыты. Асноўныя шляхі перадачы: пры пераліванні крыві і трансплантацыі органаў; пры выкарыстанні нестэрыльнага медыцынскага (шпрыцы, катэтары, іголкі) і касметычнага інструментарыя (пры нанясенні татуіровак, пірсінгу, пры манікюры і педыкюры); пры прамым пападанні крыві ў арганізм праз ранкі, язвачкі, слізістыя абалонкі; пры карыстанні агульнымі зубнымі шчоткамі, брытвеннымі прыборамі, мачалкамі, ручнікамі; пры неабароненых сексуальных кантактах; ад інфіцыраванай маці дзіцяці падчас цяжарнасці, родаў і кармлення грудзьмі.
Вірусы В і С выклікаюць востры гепатыт, для якога характэрны стомленасць, страта апетыту, павышаная тэмпература і жаўтуха. Зыход захворвання — поўнае выздараўленне, або востры гепатыт В і С можа перайсці ў хранічны і прывесці да развіцця цырозу і раку печані. Пры хранічным працяканні хваробы сімптомы могуць мець слабавыражаны характар ці адсутнічаць зусім. Нездарма гепатыты В і С называюць “ціхімі забойцамі”, таму што з імі можна жыць гадамі і нічога не падазраваць і пры гэтым заражаць іншых людзей.
Асноўнай мерай прафілактыкі гепатыту А і Е з’яўляюцца санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы: не варта ўжываць некіпячоную ваду, заўсёды мыць садавіну і гародніну, есці тэрмічна апрацаваныя прадукты.
Адзін з самых надзейных спосабаў абароны ад віруснага гепатыту В — вакцынацыя. У Беларусі яна занесена ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Вакцыны супраць гепатыту С на цяперашні момант не існуе. Устанавіць інфіцыраванне парэнтаральнымі віруснымі гепатытамі магчыма пры даследаванні крыві на маркеры вірусных гепатытаў. Упэўненасць у тым, што вы не інфіцыраваны, — не толькі зарука вашага асабістага здароўя, але і бяспекі вашых родных і блізкіх.
Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, інфекцыяніст Жабінкаўскай ЦРБ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro