Сустрэча выпускнікоў Жабінкаўскага ліцэя

Сустрэча выпускнікоў Жабінкаўскага ліцэя

Тут пакідаюць сэрцы назаўсёды…


Чарговая, штогодняя, сустрэча выпускнікоў Жабінкаўскага ліцэя ў родных пенатах адбылася 27 студзеня і засталася памятнаю: навучальная ўстанова адзначыла свой першы юбілей — пяцігадовы. За гэты час тут атрымалі пуцёўкі ў жыццё 240 юнакоў і дзяўчат. Як праходзіць і чым напоўнены вучэбна-выхаваўчы працэс, якія вынікі ён дае? Пра гэта — гутарка з дырэктарам ліцэя Аляксандрам Рыгоравічам Палешчуком.
— Сустрэча сапраўды памятная, — сказаў мой суразмоўнік. — Яна не абмежавалася адным вечарам. Мы прымалі сваіх выхаванцаў цэлы тыдзень, балазе сёлета з’ехалася многа, з усіх выпускаў. Наш педкалектыў уважліва сочыць за далейшым лёсам ліцэістаў. Радуемся іхнім поспехам, засмучаемся няўдачамі. Радуемся — значна часцей. Усе 240 выпускнікоў працягваюць вучобу ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах, прычым пераважная большасць — 216 — атрымлівае вышэйшую адукацыю. Мы верым у добрую будучыню кожнага.
— Аляксандр Рыгоравіч, вы называеце выпускнікоў ліцэістамі, хоць правільней было б дадаваць — былыя ліцэісты…
— Былых ліцэістаў няма. Ліцэй — гэта на ўсё жыццё, тут свая філасофія зносін. Я заўсёды кажу выхаванцам, што ёсць жыццё да ліцэя і жыццё ў ліцэі. У тых, хто паступіў сюды, ёсць магчымасць пачаць навучанне на трэцяй ступені (10-11 класы), амаль з чыстага ліста. Само званне ліцэіст да многага абавязвае: даказаць усім, а галоўнае сабе, што ты ўжо чалавек самастойны, сам цягнешся да ведаў, “грызеш” навуку, здольны рэалізаваць сябе ў далейшай жыццёвай дарозе. Нашы выпускнікі атрымліваюць вялікі вопыт сацыялізацыі, яны лепш праходзяць адаптацыю ў студэнцкіх калектывах, а вучні з вёсак атрымліваюць вялікі вопыт пражывання ў інтэрнаце.
Мы ўсе разам — педагогі, навучэнцы, іх бацькі — вырашаем пытанні ў арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсаў, гэта дазваляе казаць, што ў нас створана ліцэйская сям’я. Менавіта ў цёплай, дружнай сямейнай атмасферы адсвяткавалі сваё пяцігоддзе. Не адзін з маладых гасцей шчыра прамаўляў: “Мы тут свае сэрцы пакінулі назаўсёды…”
— Якіх поспехаў дасягнуў ліцэй за гэтыя пяць гадоў?
— Ён даў магчымасць многім дзецям раёна ажыццявіць свае мары праз паступленне ў ВНУ, пры гэтым больш за 75% навучаецца на бюджэтнай аснове. Нашы ліцэісты ёсць ва ўсіх прэстыжных універсітэтах краіны.
Педагагічны калектыў удзяляе шмат увагі працы з таленавітымі вучнямі праз далучэнне іх да алімпіяднага і навукова-даследчага руху. За гэты час ліцэісты атрымалі 6 дыпломаў і 2 ухвальныя водгукі рэспубліканскага ўзроўню, 30 дыпломаў і 15 водгукаў узроўню абласнога. Ліцэістка Алеся Сіманоўская стала пераможцай у мінулым годзе Сусветнага фестывалю рускай мовы. Арцём Серада, студэнт чацвёртага курса БДУ, Вольга Сідорка, другакурсніца БрДУ, адзінаццацікласнікі Юля Яканюк і Аляксей Лось з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонда прэзідэнта краіны, створанага для падтрымкі адораных навучэнцаў. За мінулыя чатыры выпускі ліцэй падрыхтаваў 10 залатых медалістаў.
У бягучым навучальным годзе Кацярына Сакалоўская атрымала дыплом 3-й ступені абласной алімпіяды ў рускай мове, Аляксей Лось атрымаў дыплом 2-й ступені ў грамадазнаўстве. У каманду раёна ўваходзілі таксама ліцэісты Сяргей Брэнька (матэматыка), Арцём Бакун (хімія), Вікторыя Грэтчанка (беларуская мова). Усе яны паказалі добрыя веды і спыніліся літаральна ў кроку ад перамогі.
— Чым абумоўлены такія высокія дасягненні?
— Некалькі складнікоў поспеху. Першы — гэта вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні. На кожным з накірункаў (філалагічны, фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны і грамадазнаўчы) на профільныя прадметы выдзяляецца гадзін удвая больш, чым у школе, а з улікам дадатковых заняткаў нават у тры разы. Гэта дазваляе не толькі вывучыць новы матэрыял, але і грунтоўна яго замацаваць, чаго нельга ў поўнай ступені ажыццявіць у школе.
Тут я хацеў бы адзначыць вялікую дапамогу дзяржавы для атрымання якаснай адукацыі. Вучэбны матэрыял, які засвойваюць ліцэісты бясплатна, вучні школ павінны праходзіць з рэпетытарамі і плаціць за гэта немалыя грошы. Паводле самых сціплых падлікаў, за два гады вучобы сына ці дачкі ў ліцэі сям’я можа сэканоміць да 2,5 тысячы ўмоўных адзінак. Гэтыя грошы можна пусціць на паглыбленне ведаў або на атрыманне вышэйшай адукацыі. І яшчэ пра дапамогу дзяржавы. З раённага бюджэту выдзяляюцца сродкі для ліцэістаў-вяскоўцаў: на інтэрнат, на праезд (у тым ліку і для тых, хто мае месца ў інтэрнаце), на харчаванне.
Другі складнік. Педкалектыў ліцэя — гэта 95% настаўнікаў вышэйшай і першай катэгорый (67% і 28% адпаведна). Усе педагогі нацэлены на дасягненне высокіх вынікаў у навучанні і выхаванні. У 2009-2011 гадах у рэспубліканскім інавацыйным праекце Міністэрства адукацыі Беларусі ўдзельнічалі намеснік дырэктара ліцэя Г.І.Васілюк, настаўнікі К.Ф.Місіюк (руская мова і літаратура), А.І.Дзяжко (хімія), Н.М.Пратаковіч (біялогія), А.М.Дамасевіч і А.Г.Цаль (замежныя мовы), Н.Я.Нікалаюк (матэматыка).
Да навуковай дзейнасці далучаем, вядома ж, вучняў. Створана навуковае таварыства “Ліцэіст”, куды ўваходзяць асабліва адораныя юнакі і дзяўчаты. Яны працуюць пад кіраўніцтвам ужо названай вышэй Алены Мікалаеўны Дамасевіч. Таварыства супрацоўнічае з абласным ліцэем і ліцэем №1 у Брэсце, удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях Брэсцкага дзяржуніверсітэта і БДУ. Трывалыя сувязі з кафедрай фізікі першага з названых універсітэтаў. На пастаяннай аснове працуе ў нас супрацоўнік кафедры кандыдат фізіка-матэматычных навук Станіслаў Станіслававіч Секяржыцкі: праводзіць заняткі кожную пятніцу. Варта крыху больш сказаць таксама пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Нашы настаўнікі наведваюць заняткі, рыхтуюць сумесныя з прафесарам кафедры педагогікі Анатолем Пятровічам Сманцарам метадычныя распрацоўкі.
Нарэшце трэці складнік — высокая матывацыя ліцэістаў для навучання. У класе ўсе вучні прыкладна роўныя ўзроўнем ведаў, і ніхто нікому не перашкаджае. Напоўненасць класаў у ліцэі — да 20 вучняў, а ў школе — 25.
— Вучоба ды навуковая дзейнасць, зразумела, галоўнае. А як ліцэісты праводзяць вольны час, чым захапляюцца па-за ўрокамі?
— Працуюць розныя спартыўныя секцыі, тэатральны, журналісцкі гурткі, вельмі папулярны гурток танцавальны. У нас шмат здольных спевакоў, музыкаў, ёсць і паэты. Выпускаецца штомесячная газета “Ліцэіст”, якая ўсебакова адлюстроўвае насычанае жыццё навучальнай установы. Часам рыхтуюцца спецвыпускі яе. Яна, дарэчы, не толькі насценная — нярэдка раздрукоўваецца і раздаецца ў класы. Што яшчэ цікавага? Цікавыя экскурсіі да памятных мясцінаў раёна, вобласці і краіны, тэматычныя вечары і дыскатэкі. Летась прайшло першае пасяджэнне клуба вясёлых і знаходлівых. Словам, не сумна ў нас і па-за ўрокамі.
— Апошняе пытанне, Аляксандр Рыгоравіч надзённае: ці ёсць будучыня ліцэя ў Жабінцы? Некалькі слоў, у прыватнасці, пра наступны навучальны год.
— Займаюцца ў ліцэі 84 былыя вучні гарадскіх і 14 вучняў вясковых школ. Суадносіны нармальныя, аднак юных гараджан маглі б прыняць больш. На жаль, не ўсе разумеюць выгады ад навучання ў нас. Што перавага ёсць, сведчаць хаця б такія прыклады. Ліцэісты набору 2008-га года пасля году навучання занялі на раённай алімпіядзе першыя месцы па ўсіх 13-ці вучэбных прадметах. А пераможцы мінулых гадоў, якія засталіся ў школах, свае пазіцыі страцілі. Несумненна, паступленне ў ліцэй дало б ім магчымасць перамагаць не толькі на абласных, а і на рэспубліканскіх алімпіядах, а гэта — паступленне ў ВНУ. Дарэчы, сярэднія балы цэнтральнага тэсціравання ў ліцэістаў амаль у два разы вышэйшыя, чым у школьнікаў.
Карыстаюся выпадкам і запрашаю вучняў 9-х класаў раёна паступаць у ліцэй. Кожную суботу працуюць бясплатныя курсы падрыхтоўкі да паступлення. Да 26 мая, гэта азначае да канца навучальнага года, хто жадае — можа далучыцца ў любы момант. Заходзьце альбо тэлефануйце нам: 2-11-20 і 2-10-31.
Гутарыў Алесь КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top