Міканор Катовіч

Міканор Катовіч

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.

Адзін з найбольш цікавых храмаў Жабінкаўшчыны месціцца ў вёсцы Чыжэўшчына. Будаўніцтва яго пачалося ў 1883 годзе, калі на прыход быў прызначаны айцец Міканор Катовіч (1845–1938). Гэта была яго ідэя — новую царкву зрабіць храмам-помнікам воінам, што загінулі ў бітве 1794 года на Крупчыцкім полі.
У гісторыі Палесся айцец Міканор Катовіч пакінуў заўважны след. Ён нарадзіўся 26 жніўня 1845 года і быў адным з сямі сыноў кобрынскага дабрачыннага Антонія Катовіча.
Айцец Міканор быў не толькі настаяцелем, але й грамадскім дзеячам, пастаянным аўтарам часопіса “ЛЕВ” (“Литовские Епархиальные Ведомости”). Вядомы ён і тым, што больш за паўвека служыў на адным прыходзе — у вёсцы Крупчыцы (сённяшняй Чыжэўшчыне), першым у епархіі адкрыў царкоўна-прыходскую школу, заснаваў народную бібліятэку, дзе налічвалася 1500 кніг.
Незадоўга да смерці, 14 снежня 1936 года, свяшчэннік, абараняючы свой гонар, адправіў у Палескую духоўную кансісторыю дакладную запіску. Справа ў тым, што ў лістападзе ў Крупчыцы прыязджаў член кансісторыі Бекіш, каб дамовіцца з айцом Міканорам аб продажы альховага гаю, які знаходзіўся на сядзібе святара. Госць прапанаваў 30 адсоткаў выручкі пакінуць на рамонт мясцовага храма, а 70 — на патрэбы кансісторыі. Катовіч з такой “дзяльбой” быў катэгарычна не згодны, пратэставаў, даказваючы, што гай пасаджаны ягоным клопатам. Ад’язджаючы, Бекіш кінуў фразу: “Вы тут абсалютна нічога не зрабілі”, — і гэтыя словы надта пакрыўдзілі крупчыцкага святара.
Візіт меў сумныя наступствы. 20 лістапада ў дом айца Міканора прыбыў Павел Фалько, які прадставіўся новым настаяцелем Крупчыцкай царквы і нават прывёз свае рэчы ды размясціўся ў пакоях, нібыта гаспадар. Аднак толькі праз дзевяць дзён бацюшка атрымаў з кансісторыі пастанову, дзе паведамлялася, што яго звальняюць за штат з прычыны вельмі шаноўнага ўзросту.
Дакладная запіска айца Міканора захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці. З яе даведваемся пра падрабязнасці жыцця святара і яго прыхода.
“Паходжу я са стара-даўняга роду свяшчэннікаў, — пачынаў свой расповед Катовіч, — якія на працягу больш трох стагоддзяў няспыннай чарадой змянялі адзін аднаго ў служэнні каля Прастола Божага. Уся дзейнасць іх працякала на тэрыторыі Брэсцкага і Кобрынскага паветаў”.
Далей айцец Міканор падрабязней спыняўся на ўласнай біяграфіі: “Дзесяць гадоў я працаваў у Рагозне, у старой царкве і столькі ж часу збіраў грошы на будаўніцтва новага храма, рассылаючы адозвы па ўсёй Расіі. У выніку перадаў пераемніку тры тысячы рублёў. На тыя сродкі і пачалося будаўніцтва. Пасля прызначэння ў Крупчыцы я знайшоў тут голую пустку, пакінутую моцным пажарам, што адбыўся 9 верасня 1882 года. Мне нічога не заставалася, як пачаць ствараць усё нанова. Прыхаджане нічога не маглі даць з-за сваёй галечы. Грошы на будаўніцтва царкоўнага дома мне сабралі сваякі (даўгі ім я вярнуў). Будаваў разам з рабочымі сам, штодзённа прыязджаючы за шэсць вёрст з Рагозна”.
На будоўлю Свята-Уладзімірскай царквы клопатам настаяцеля было сабрана 7 тысяч рублёў, яшчэ 23 тысячы асігнавала дзяржаўная казна. Але ж храм меў беднае начынне. “Шмат рэчаў было ахвяравана паводле маіх просьбаў, нават ад Іаана Кранштацкага, — успамінаў айцец Міканор. — Тысячу долараў перадалі былыя прыхаджане з Амерыкі. Перад Першай сусветнай Крупчыцкая царква стала самай добраўпарадкаванай у епархіі. Падчас вайны найбольш каштоўныя рэчы забралі вайскоўцы. Тое, што заставалася ў царкве, было разрабавана (ацалела толькі тое, што паспелі закапаць у зямлю на могілках, у тым ліку метрычныя кнігі). Амаль усе прыхаджане выехалі ў глыб Расіі. Палова вёсак прыхода згарэла цалкам. А калі ў 1918 годзе я вярнуўся назад, то не пазнаў мясцовасці. Хаця царква ацалела. Па вяртанні немцы даручылі мне загадваць чатырма прыходамі. Успыхнула эпідэмія тыфу. Але Бог мяне ахоўваў, я ні разу не заразіўся, хаця спавядаў і хаваў амаль усіх тыфозных”.
Нашэсце бальшавікоў у 1920 годзе зноў спустошыла прыход. 3 цягам часу прыхаджане сталі ачуньваць і ўжо ў 1927 годзе пачалі збор сродкаў на рамонт царквы (імі было выдаткавана 1200 злотых, якія выкарыстаны па прызначэнні).
А далей з горыччу і абурэннем піша стары бацюшка: “Я быў упэўнены, што ніхто не перашкодзіць мне дажыць век у сваім доме. Ды зараз мяне выганяюць з уласнай хаты, і напрыканцы сваіх дзён я застаюся жабраком… Прадастаўляю Вашаму Высокапраасвяшчэнству меркаваць, ці сапраўды я “нічога не зрабіў”. Абарона сваіх і царкоўных інтарэсаў, абарона сваіх правоў, абарона свайго гонару — не ёсць бунт. А што датычыць маёй душы — даручаю яе Суддзі Праведнаму і Міласэрнаму”.
Пакуль абураліся прыха-джане (петыцыю ў падтрымку святара падпісвалі нават каталікі і “бязбожнікі”), справа амаль не рухалася. Аднак за айца Міканора ўступіўся сам берасцейскі ваявода Костка-Бярнацкі. І вось гэта прынесла вынік. Ужо ў студзені 1937 года свяшчэнніка Паўла Фалько перавялі ў Рагозна, а настаяцеля тамтэйшай царквы Мікалая Міхалоўскага (сваяка айца Міканора) — у Крупчыцы. Айцец Мікалай апекаваў састарэлага свяшчэнніка да самай ягонай смерці.
Памёр бацюшка 1 красавіка 1938 года і пахаваны каля царквы. Магіла яго захавалася да нашага часу.
На здымку: пахаванне айца Міканора КАТОВІЧА і матушкі Алімпіяды паблізу Свята-Уладзімірскай царквы ў вёсцы Чыжэўшчына.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top