Пад велічныя гукі паланэза

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Цяжка знайсці адукаванага чалавека, хто ніколі не чуў чароўныя гукі паланэза (мо найбольш вядомы, названы “Развітанне з Радзімай”, стварыў у трагічны для сябе і сваёй краіны час славуты Міхал Клеафас Агінскі).
Каму пашчасціла пабываць у Слоніме і паўдзельнічаць у юбілейным ХV фестывалі “Паланэз–2019”, той змог наталіцца дзясяткамі гэтых велічных твораў. Сярод тых шматлікіх шчасліўцаў аказаліся і жабінкаўцы — ансамблі “Тоніка” і “M&M’s”.

ГЭТА АДБЫЛОСЯ ЎПЕРШЫНЮ і адразу прынесла поспех.
А пачыналася ўсё па волі выпадку. Адкуль сённяшні чалавек найчасцей чэрпае інфармацыю? Вядома, з інтэрнэту. Неяк дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Людміла Калбаска, блукаючы ў прасторах бязмежнага сеціва, звярнула ўвагу на палажэнне аб фестывалі, які вось ужо ў 15 раз праводзіцца на Гродзеншчыне, роднай зямлі Міхала Агінскага.
Амаль імгненна выспела жаданне прапанаваць калегам паўдзельнічаць у імпрэзе, тым больш інструментальны ансамбль настаўнікаў школы “Тоніка”, які ўзначальвае Наталля Грэцкая, даўно ў сваім рэпертуары меў паланэзы Агінскага і Касцюшкі. Увогуле, удзельнікі калектыву — цымбалістка Вольга Супрун, баяністкі Святлана Зотава і Наталля Грэцкая, выканаўца на скрыпічным кантрабасе Сяргей Малёваны ды Лідзія Санюк — сваёй творчасцю неаднойчы радавалі слухачоў. Апошнюю кіраўнік ансамбля нездарма паважліва назвала “нашым чалавекам-аркестрам, бо музіцыруе ў ансамблі і на акардэоне, і на балалайцы”.
Поспех — добры спадарожнік таму, хто імкнецца не зарываць свой талент, а несці яго людзям. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Толькі за адзін 2016 год “Тоніка” была тройчы ўганаравана дыпломамі: на ХХІ Міжнародным калядным фестывалі ў Польшчы, у анлайн-конкурсе маладых музыкантаў і выканаўцаў “Street Music. Pro” і на раённым спаборніцтве “Разам весела іграць”, што ладзіўся на базе роднай Жабінкаўскай ДШМ.
І вось цяпер узнікла ідэя зноў паспрабаваць свае сілы на слонімскіх падмостках. А каб
удзел жабінкаўцаў стаў яшчэ больш прадстаўнічым, музычны “кветнік” было вырашана дапоўніць яшчэ і дзіцячым танцавальным калектывам з вельмі салодкай назвай “M&M’s” (юнымі артыстамі кіруе настаўніца па харэаграфіі Алена Калюшык).
Імпрэза ладзілася ў гарадскім Доме культуры, а гала-канцэрт — у прыгожым парку. Балазе, надвор’е спрыяла адпачынку пад гукі паланэзаў. Слонімскае музычнае свята з радасцю прыняло 36 выканаўцаў і творчых калектываў з Беларусі, Польшчы і Літвы. Заўважым, Брэстчыну, акрамя нашых землякоў, прадстаўляў хор польскай песні з Пінска.
Увесь дзень быў аддадзены пад уладу шляхетных мелодый. Выконваліся класічныя паланэзы, напісаныя ў XVIII–XIX стагоддзях Міхалам Агінскім і Фрыдэрыкам Шапенам, Юзафам Эльснерам і Пятром Чайкоўскім, Міхаілам Глінкам і Канстанцінам Ельскім, Станіславам Манюшкам і Тадэвушам Касцюшкам. Дарэчы, менавіта твор нашага вялікага земляка, названы “Паланэз № 1”, прадставілі на суд публікі артысты з “Тонікі”. Гэтак на працягу аднаго месяца Касцюшкаў паланэз спачатку прагучаў пад сяхновіцкімі ліпамі на святкаванні 510-х угодкаў у Малых Сяхновічах, а затым выклікаў авацыі і ў Слоніме.
Напрыканцы заўважым, што ў ролі арганізатараў фестывалю “Паланэз–2019” выступіла польская дыяспара ў Германіі. Для музыкантаў з “Тонікі” стала прыемнай нечаканасцю атрымаць ад кіраўніка Рады польскага краёвага аб’яднання ў Берліне Фердынанда Дамарадзкага запрашэнне на традыцыйны фестываль “Дзень Палоніі”, што будзе ладзіцца ў маі 2020 года. У рэпертуары калектыву павінны з’явіцца новыя айчынныя і польскія творы. Акрамя таго, каб годна падаць свае таленты ды ўвесь наш непаўторны край на міжнародным узроўні, артыстам з Жабінкі вельмі патрабуюцца касцюмы — нацыянальныя строі. Бо і за мяжой патрэбна як след паказваць самабытнасць нашай Беларусі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда