Вековой стаж на двоих

Вековой стаж на двоих

Векавы стаж на дваіх
Сям’я Вольгі Іванаўны і Уладзіміра Антонавіча Максімукоў з вёскі Гарэлкі сваёй руплівай працай таксама стварала гісторыю гаспадаркі. Вольга Іванаўна адпрацавала тут 45 гадоў. Яшчэ больш працоўнага стажу ў яе спадарожніка па жыцці.
— Нават не верыцца, што ўсё гэта было — выціраючы далонню няпрошаную слязу з маршчыністага, але прывабнага твару, успамінае В.І.Максімук. — Я ў калгас прыйшла працаваць у 1959 годзе. Далі мне 13 каровак, пазней іх стала 20. Уручную даіла, гной выкідала, падсцілала, карміла. Гэта зараз табе і транспарцёры, і механічнае даенне, і малакапровад… А тады… Бярэш мяхі велізарныя, напаўняеш саломай і носіш. А не хапала падсцёлу — тарфакрошку насілі, пад кароў сыпалі. За дзень мяхоў нацягаешся, рук і ног не адчуваеш. Не скардзіліся, разумелі — ад галоднай кароўкі якое малако? Шкада было ў гноі без ежы пакідаць?
Адбілася ў памяці адна вясна. Корму ўжо няма, і ў полі яшчэ гола, як бубен. Пайшлі з сяброўкамі па сечку з лубіну. Раздалі рагулям. Тыя накінуліся. А потым жываты ад лубіну папучыла, пачалі дохнуць тыя каровы. Папаплакалі мы з тых страт. Ганьбілі сябе, а ці ж мы былі вінаватыя, што кармоў з гулькін нос? Доўга ў нашай гаспадарцы нішчымная вясна была нормай. Зараз на ферме сіласныя ямы нечапаныя да лета стаяць. Мы ж у свой час аб такім толькі марыць маглі.
Працавала Вольга Іванаўна шчыра, не дзеля галачкі. Лічыліся з ёю, бо вельмі клапацілася пра работу. Добра памятае старшынь, з якімі давялося працаваць. Кожны быў са сваім характарам, паводзінамі, падыходамі да спраў і людзей. Нікога ніколі не асуджала, хто з іх быў лепшы, бо з усімі працавалася ёй добра. Такі ж да работы быў і муж: добрасумленны, адкрыты, бязмежна ўлюблёны ў тэхніку. Як прыйшоў у калгас падлеткам, дык толькі ў 73 гады расстаўся з гусенічным трактарам і пайшоў на заслужаны адпачынак.
Летась Максімукі адзначылі залаты юбілей сумеснага жыцця. У ладзе і згодзе выхавалі двух сыноў, прывілі ім любоў да зямлі, нялёгкай сялянскай працы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top