Лета павінна быць бяспечным!

У рамках рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат” у Брэсцкай вобласці праходзіць прафілактычная акцыя “Бяспечнае лета!”. У ёй удзельнічае і наш раён.
Нядаўна, напрыклад, супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС наведалі дзіцячы аздараўленчы лагер “Арляня”. З хлопчыкамі і дзяўчынкамі пагаварылі пра прафілактыку крадзяжу маёмасці, правілы паводзін на вадзе, у лесе і на дарозе, адказнасць за парушэнне крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства.
Апроч таго, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама правялі для дзяцей цікавыя і пазнавальныя гульні, пазнаёмілі іх з працай ДАІ, дазволілі пасядзець у службовай машыне і расказалі пра яе будову. Але больш за ўсё хлопчыкам і дзяўчынкам спадабалася выступленне службовага сабакі па мянушцы Лонг, які затрымліваў “злачынца”.
Не дзіўна, што многія дзеці захацелі ў будучым працаваць у міліцыі.

Чытацкі падарунак да юбілею

У цэнтральнай раённай бібліятэцы праходзіць акцыя “Прачытаная кніга аб вайне — мой падарунак да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. У яе рамках была падрыхтавана падборка літаратуры на ваенную тэматыку і аформлены чытацкі куток, які карыстаецца папулярнасцю ў наведвальнікаў бібліятэкі.

Кніжны марафон

У дзіцячай бібліятэцы прайшоў марафон ваеннай кнігі “Чытаў я кнігу пра вайну”. Яго мэта — праз творы даведацца больш пра падзеі ваеннага часу, пра подзвігі салдат і мірных жыхароў, пра дзяцей, што нароўні з дарослымі змагаліся з ворагам і набліжалі перамогу. Падчас марафону было прачытана каля 30 кніг, асаблівай папулярнасцю карысталіся “Мы з Санькам у тыле ворага”, “Мы — хлопцы жывучыя”, “Чацвёртая вышыня”, “У спісах не значыўся”, “У вайны не жаночы твар”, пра піянераў-герояў, тэхніку часоў вайны, а таксама кнігі серыі “Дзеці вайны”.

“Настрой на ўра!”

Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў “Пакоі забаўніка”, дзе іх чакалі няпростыя пытанні, з якімі ўсе добра справіліся. У конкурсе “Складзі слоўца” юным чытачам прапаноўваліся карткі з наборам складоў, з якіх шляхам дадання адной літары неабходна было атрымаць цэлае слова. Таксама ўдзельнікі наведалі “Вясёлую майстэрню”, дзе з прыродных матэрыялаў і пластыліну змайстравалі вожыка. Прадоўжылася сустрэча на вуліцы. Дзеці з задавальненнем паўдзельнічалі ў рухомых гульнях “Ліса і куры”, “Хустачка”, “Ядомае — неядомае”.

Popularity: 1%

Top