“Гаворыць Масква!”

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Пачатак у №№ 6, 8, 10, 12-14, 16, 20, 22, 24, 26, 28, 30, 32, 35–37, 43, 45, 47-49, 53.

Кожны дзень на ўвесь свет цягам усёй вайны ў эфір ляцелі, агучаныя магутным голасам Юрыя Левітана, аператыўныя зводкі “Савінфармбюро”. Кожная перадача пачыналася словамі: “Гаворыць Масква! Ад Савецкага інфармбюро…” — хоць насамрэч перадачы рыхтаваліся і перадаваліся далёка ад савецкай сталіцы: у гарадах Свярдлоўску і Куйбышаве. Аднойчы сярод іншых населеных пунктаў, вызваленых ад фашыстаў, прагучала і назва нашай Жабінкі.

ВОСЬ ТОЙ УРЫВАК: “На Брэсцкім накірунку нашыя войскі, развіваючы наступленне, авалодалі раённымі цэнтрамі Брэсцкай вобласці, горадам і чыгуначным вузлом Гайнаўка і горадам Антопалем. А таксама з баямі занялі больш за 150 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Нараўка Малая, Вайноўка, Каростычы, Амялінка, Жабінка, Завершы, Запруды, Беразна, Бародычы, Асіповічы, вузлавую чыгуначную станцыю Жабінка і чыгуначную станцыю Антопаль”. І далей: “Савецкія рухомыя атрады выбілі немцаў з вузлавой станцыі Жабінка і перарэзалі чыгуначную дарогу Кобрын — Брэст. За дзень баёў знішчана больш за 2 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў. Захоплены трафеі і шмат палонных”.
Уладзімір Кружкоў, адзін з актыўных супрацоўнікаў “Савінфармбюро”, пазней іранічна пісаў: “Калі па нашых зводках палічыць усе страчаныя праціўнікам самалёты, танкі, гарматы і людскія сілы, дык ні ў Германіі, ні ў захопленай ёю Еўропе не засталося б ні лю-дзей, ні тэхнікі ўжо да сярэдзіны вайны!”
Дата паведамлення, у якім распавядалася пра Жабінку, — 18 ліпеня 1944 года. Быў час, калі на падставе гэтых звестак Дзень вызвалення Жабінкі нават афіцыйна адзначалі 18 ліпеня. Хоць на самой справе названая дата зусім не адпавядала рэчаіснасці, як і многае з таго, што агучвалася праз інфармацыйна-прапагандысцкае ведамства ў гады вайны.
У названы дзень усё толькі пачыналася. Для таго каб ачысціць Жабінку ад ворага, спатрэбілася ажно чацвёра сутак. Гэта ўнікальны выпадак, бо ні за адзін іншы населены пункт Беларусі, уключаючы сталіцу і абласныя цэнтры, гітлераўцы не трымаліся гэтак упарта і доўга. Прычыны відавочныя: станцыя і нафтабаза. Страта Жабінкі азначала для немцаў немінучую здачу Брэста. Каб вызваліць нашы землі, чырвонаармейцам давялося заплаціць вялікую цану, якая вымяралася жыццямі.
Першыя страты першага дня баёў — гэта байцы 61-й стралковай дывізіі: малодшыя сяржанты украінец Андрэй Афанасьевіч БАС (1916–1944) і рускі Барыс Рыгоравіч ПЫЛЬШЧЫКАЎ (1925–1944) ды шарагоўцы армянін Андранік Ягішавіч МУРА-
ДЗЯН (1925–1944) і рускі Васіль Макаравіч БЯЛКОЎ (1911–1944).
На наступны дзень, 19 ліпеня, свае галовы склалі ў жабінкаўскай зямлі лейтэнант, ротны Мікалай Ягоравіч АЎЧЫННІКАЎ (1916–1944), сяржанты Аляксандр Якаўлевіч СЯРГЕЕЎ (1914–1944) і Фёдар Мікітавіч ФРАЛОЎ (1898–1944), радавыя Лявонцій Іванавіч БАЛЕХА (1896–1944), Сцяпан Сямёнавіч КУРАН (1919–1944) ды зусім яшчэ маладзенькія хлопцы — Іван Дзмітрыевіч ЗБІТНЕЎ (1924–1944) і Васіль Нікіфаравіч ЛЯШКО (1924–1944). Усе яны былі пахаваныя ў Свішчах.
Здаецца, кожны разумее: вывучаць зараз Вялікую Айчынную па зводках “Савінфармбюро” тое самае, што знаёміцца з мінулым Францыі па раманах Аляксандра Дзюма або з гісторыяй ЗША па коміксах. І ўсё ж знаходзяцца тыя, хто і сёння пасуе перад чароўным голасам Левітана. Напярэдадні сёлетняй важнай даты Беларуская чыгунка аздобіла на сталічным вакзале дзве вялікія лесвіцы. На іх — пералік райцэнтраў, вызваленых ад захопнікаў у 1943-1944 гадах. Паказаны многія гарады, мястэчкі з датамі, калі яны сталі вольнымі.
Аднак дарэмная справа шукаць на прыступках тых цудоўных лесвіц Жабінку. Не назвала “Савінфармбюро” наш населены пункт сярод цэнтраў раёнаў — вось і застаемся дасюль пад “акупацыяй”. Не немцаў — свайго бяспамяцтва.
На здымку: лета 2019 года, Мінск, чыгуначны вакзал: нават не спрабуйце шукаць Жабінку і суседні Камянец сярод значных населеных пунктаў, вызваленых ад фашыстаў. “Гаворыць Масква!” пра тое не сказала…

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда