Даездзіўся да трагедыі

Даездзіўся да трагедыі

Дарога не церпіць абыякавых. Любое парушэнне правілаў дарожнага руху можа прывесці да аварыі, да няшчасця. Нягледзячы на гэта, кожны год колькі кіроўцаў затрымліваюцца п’янымі за рулём, штрафуюцца за перавышэнне хуткасці!..
На судзе абвінавачваемы Максім Г. расказаў: каля сямі гадзін вечара ён са знаёмым Мікалаем Т. распіваў паблізу вёскі Бусні спіртное. Цягнулася гэта не адну хвіліну, і было каля дзесяці вечара, калі сябрукі на аўтамабілі “Форд-Эскорт” паехалі ў Бусні. За рулём быў Максім. Па дарозе падабралі двух знаёмых, адзін з якіх — Дзяніс З.
Па гравійцы аўтамабіль рухаўся з хуткасцю каля 60 кіламетраў у гадзіну. Праязджаючы закругленне дарогі ўлева, кіроўца адчуў, што машыну пачало заносіць. Вадзіцель так і не справіўся з кіраваннем: “Форд” з’ехаў у кювет і стукнуўся ў прыдарожнае дрэва.
У час аварыі Дзяніс З. атрымаў шматлікія цялесныя пашкоджанні, ад якіх памёр, а Мікалай Т. аказаўся ў бальніцы. Аўтадарожнае здарэнне, як высветліла следства, адбылося па віне кіроўцы.
Па-першае, Максім ні ў якім разе не меў права сесці за руль у нецвярозым стане. Па-другое, ім не была выбрана бяспечная хуткасць. Па-трэцяе, вадзіцель праявіў злачынную халатнасць, перавозячы пасажыраў, не прышпіленых рамянямі бяспекі, і г.д. Увесь гэты ланцужок і прывёў да трагедыі.
У выніку суд прызнаў Максіма Г. вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту ў нецвярозым стане, што выклікала смерць чалавека па неасцярожнасці і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў другому пасажыру. Гэтае злачынства падпадае пад частку 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Такім чынам, Максім Г. панёс пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады з адбыццём у выпраўленчай калоніі ва ўмовах пасялення і з пазбаўленнем права на пяць гадоў займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Popularity: 1%

Top