І адпачынак, і спорт

І адпачынак, і спорт

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Чарговы выдатны падарунак гораду — пляцоўка для варкаўта. Вабіць вока ярка-блакітнага колеру новенькі спортінвентар з аранжавым пакрыццём ля дзіцячай пляцоўкі і стадыёна ў гарадскім парку. Мантажом пляцоўкі займаліся спецыялісты Жабінкаўскай ЖКГ.
І хаця афіцыйнае адкрыццё пляцоўкі плануецца на Дзень горада ў бліжэйшую суботу, у пагодлівае надвор’е тут няма дзе яблыку ўпасці. Вельмі здорава, што ў Жабінцы ёсць столькі прыхільнікаў варкаўта, і на абсталяванні з задавальненнем спрабуюць падцягвацца, круціць “сонейка”, робяць “вугалкі” дарослыя і дзеці! На свежым паветры, у кампаніі сяброў, яны хоць на гадзінку забываюць пра гульні ў сеціве…
Праўда, пляцоўка для варкаўта — далёка не апошняе спартыўнае збудаванне ў гарадскім парку. Сёлета ў тэнісны корт “удыхнулі” новае жыццё. Шмат гадоў ён пуставаў, а цяпер там зручныя пляцоўкі для гульні ў пляжныя валейбол і футбол. Многія жабінкаўцы ўжо змаглі годна ацаніць гэтыя спартыўныя аб’екты.
Якія яшчэ сюрпрызы чакаюць жадаючых зай-мацца спортам? Як расказаў галоўны спецыяліст Жабінкаўскага райвыканкама Валерый Ігнатчык, будуецца пляцоўка для міні-футбола памерам 20*40 з сучасным пакрыццём на стадыёне трэцяй гарадской школы. Ну, а калі стане марозна і снежна, можна будзе і ў хакей пагуляць. Праўда, пакуль абмяркоўваецца пытанне, дзе ўстанавіць хакейную каробку.
Калі гаварыць аб перспектыве, то гарадскі парк у наступным годзе пахваліцца пляцоўкай з антывандальнымі трэнажорамі. А яшчэ ў планах — будаўніцтва лыжна-ролернай трасы на дзве дыстанцыі. Што ж дачакаемся, пакатаемся. А зараз — айда на пляцоўку для варкаўта!

Popularity: 1%

Top