Харчаванне ў школе: і смачна, і карысна

Харчаванне ў школе: і смачна, і карысна

Святлана БЯЛЯК.

У райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне. Абмяркоўвалася работа камісіі па арганізацыі сістэмнага кантролю за харчаваннем школьнікаў і дашкалят у першым паўгоддзі бягучага года.
Начальнік аддзела па адукацыі Галіна Бурко паведаміла, што за гэты час быў праведзены маніторынг у 11 установах адукацыі. Увага звярталася на забеспячэнне якасці і бяспекі харчавання і стварэнне належных санітарна-гігіенічных умоў, паляпшэнне санітарна-тэхнічнага стану харчаблокаў, забеспячэнне культуры абслугоўвання дзяцей. Сумесна са спецыялістамі
райЦГЭ праведзена санітарна-гігіенічная экспертыза прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў харчавання дзяцей.
За сродкі бюджэту харчуюцца вучні 1-11 класаў у вёсках (868 дзяцей) і вучні 1-4 класаў гарадскіх школ (899 чалавек). Льготнае харчаванне маюць 477 навучэнцаў. Усяго бясплатна харчаваліся ў 2018/2019 навучальным годзе 2261 чалавек, астатнія 639 — за кошт бацькоў. Гарачымі абедамі ахоплены 100 % дзяцей у вясковых школах, у гарадскіх — 9 %.
У другім квартале бягучага года былі адабраны 52 пробы гатовых кулінарных вырабаў на адпаведнасць хімічнага складу і каларыйнасці тэарэтычным дадзеным у 14 установах адукацыі. У выніку адхіленняў ад нормы не выяўлена.
Вядзецца паэтапная мадэрнізацыя харчаблокаў. Напрыклад, у маі пачаты капітальны рамонт у першай гарадской школе. Тут часткова будзе заменена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, абедзенная мэбля (агульны кошт — 415,4 тыс. рублёў). Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне капітальнага рамонту харчаблоку ў другой гарадской школе.
Для прыгатавання страў для дзетак у школах і садах прадукты ў сталоўкі пастаўляюць ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат”, “Берасцейскі пекар”, “Белавежскі”, “Ляхавіцкі кансервавы завод”, “Кобрынская птушкафабрыка “Дружба” і інш.
Дарэчы, падчас 62 рэвізійных праверак арганізацыі харчавання, не было выяўлена пратэрмінаваных прадуктаў. Натуральная норма ў садах і школах па мясе, рыбе, тварагу, малаку, соках, садавіне і гародніне, па сыры, сметанковым масле выкананы на 93-97 %.
На харчаблоках забяспечаны неабходныя ўмовы захоўвання прадуктаў, рацыён складаецца згодна з дзеючымі нарматыўна-тэхналагічнымі дакументамі. Узмоцнены кантроль за захаваннем таварнага суседства прадуктаў, персаналам выконваюцца ўмовы асабістай гігіены, харчаблокі забяспечаны мыючымі і дэзінфікуючымі сродкамі, аднаразовымі пальчаткамі. Разам з тым, ёсць яшчэ праблемныя пытанні. Напрыклад, у першай гарадской школе ў гароднінным цэху столь пакрылася цвіллю, на халадзільніку іржаўчына.
Работа па забеспячэнні кантролю за арганізацыяй належнага якаснага харчавання ва ўстановах адукацыі будзе прадоўжана.
Па заслуханых пытаннях райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні. Сярод іх, напрыклад, правядзенне анкетавання школьнікаў па асартыменце блюд; інфармаванне бацькоў па пытаннях здаровага харчавання. У кастрычніку плануецца правесці семінар-вучобу для маладых спецыялістаў-повараў на базе ясляў-сада №2.
Вынікі пасяджэння падвёў кіраўнік раёна Віталь Кулак.

Popularity: 1%

Top