З Польшчы ў Жабінку — на веласіпедах!

З Польшчы ў Жабінку — на веласіпедах!

Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.

У мінулыя выхадныя Жабінкаўшчыну наведала група велападарожнікаў з Польшчы.
Галоўны спецыяліст Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Валерый Ігнатчык расказаў, што госці-суседзі тэсціравалі маршрут у рамках развіцця веласіпеднага турызму і прасоўвання бязвізавага рэжыму сярод замежных турыстаў, і гэта ўжо чацвёрты Міжнародны велапрабег.
Яны праехалі ад горада Лабачэў (Польшча) да Брэста, а потым — на Жабінкаўшчыну. Прадстаўнікі суседняй дзяржавы два дні гасцявалі ў нашым раёне.
Чым жа пакарылі жабінкаўцы гасцей? Велападарожнікі былі прыемна ўражаны паслугамі, якія аказваюцца жадаючым паправіць здароўе ў санаторыях “Буг” і “Надзея”. Потым яны мелі магчымасць і самі здорава адпачыць у парку-атэлі “Лясная гавань”, дзе размясціліся на начлег. Яго дырэктар Яўген Кірылюк прадставіў амаль сарака падарожнікам месцы для бівуака, мангалы, ваду, альтанкі.
Раніцай гасцей чакала пазнаваўчая экскурсія з цікавым аповедам пра гістарычнае мінулае нашага раёна, якую правёў гісторык, супрацоўнік раёнкі Анатоль Бензярук ля каплічкі ў вёсцы Чыжэўшчына.
Гістарычны экскурс плаўна змяніўся спартыўным запалам, калі госці пераехалі ў “Спортынг клуб “Залаты фазан”. На стралкова-паляўнічым стэндзе яны мелі магчымасць праявіць трапнасць у разбіванні мішэняў у паветры.
Затым удзельнікі велапрабегу накі-раваліся ў бок Жабінкі і па дарозе Рачкі-Тэльмы вярнуліся ў Брэст з абяцаннем абавязкова наведацца ў Жабінку яшчэ не адзін раз, бо ім вельмі спадабаўся маршрут.

Popularity: 1%

Top