“Уяўленне малюе чарговую клумбу”

“Уяўленне малюе чарговую клумбу”

Наталля ВАЛОШКА. Фота аўтара. 

“Заходзь, калі што”, — запрашае гасцей і адпачываючых санаторыя “Буг” вядомай фразай з мультфільма Воўк. Скульптура, якая “вартуе” чароўнай прыгажосці клумбу, з’явілася на тэрыторыі здраўніцы зусім нядаўна. А кампанію Ваўку склалі Вослік з возікам (мабыць, з “Брэменскіх музыкантаў”), Шчупак, які выконвае жаданні, прыгожыя ветракі, карэта Папялушкі ў атачэнні цудоўных кветак, елачак, туй ды іншых “суседзяў”. Кожная клумба, што з’явілася ў санаторыі за апошні час, — своеасаблівы шэдэўр. У гэтым можна ўпэўніцца, зірнуўшы на здымкі. Нараджаюцца гэтыя кампазіцыі ў галаве інжынера па ахове працы і інжынера садова-паркавай гаспадаркі санаторыя “Буг” Тамары Мартынчык, а затым увасабляюцца ёю ў рэальнасць. — Уяўленне малюе чарговую клумбу, падзеленую на сектары, перад вачамі паўстаюць разнастайныя кветачніцы, а непадалёк ад іх розныя дрэўцы і кусточкі, ідэі прыходзяць нават у сне, — дзеліцца Тамара Пракопаўна. — Зразумела, мае задумкі былі б немагчымыя без падтрымкі і адабрэння галоўнага ўрача санаторыя Уладзіміра Жука, а таксама без дапамогі ўнітарнага прадпрыемства “Белпрафсаюзкурорт”, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ўласных сродкаў здраўніцы.
Затраты немалыя, таму ў Тамары Пракопаўны душа баліць, калі бачыць, як дзеці адпачываючых узбіраюцца на Восліка або на трох мядзведзяў, што “пасяліліся” ў “Бугу” яшчэ летась.
— На жаль, і многія дарослыя не шкадуюць чужой працы: вырываюць і топчуць кветкі, туі, фатаграфуюцца верхам на нашых скульптурах, якія ад гэтага псуюцца і ламаюцца, — са скрухай у голасе кажа Тамара Мартынчык.
Зараз інжынер садова-паркавай гаспадаркі занята абуладкаваннем зоны рэлаксу, або куточка, дзе можна пабыць сам-насам, у спакоі і цішыні. За лічаныя дні тут з’явіліся два ставочкі з мосцікам і арэлі ля іх.
Утрымліваць тэрыторыю санаторыя ў парадку і чысціні Тамары Пракопаўне дапамагаюць работнікі садова-паркавай гаспадаркі Іна Галанава, Людміла Калініна і Максім Касаткін.
У чацвер у “казачным царстве” з’явіліся шэсць падвясных крэслаў, у якіх жадаючыя могуць адпачыць на ўлонні прыроды, пачытаць кнігу ды палюбавацца прыгожымі клумбамі.

Popularity: 1%

Top