Ноч паездак

Каму з маладых не церпіцца паруліць?! Нават калі не сабраў пакуль грошай на “Мерседэс” ці якую-небудзь “Ладу”?
Бываюць ночы музеяў, бібліятэк, а два 19-гадовыя аматары аўто Арцём Р. ды Яўген П. назначылі для сябе ноч паездак. Хлопцаў нават не хвалявала тое, што ў іх няма аўтамабіля: можна ўзяць як бы напракат, крышачку так паездзіць ды вярнуць на месца.
Так і зрабілі. Завалодалі “Ладаю”, якая належала ААТ “Мацеевічы”, і пакацілі, упіваючыся яздой. Ды нядоўгай была іх радасць: паблізу вёскі Залуззе машына раптоўна заглохла (можа, скончыўся бензін?)
Гэта, аднак, не збянтэжыла хлопцаў. Яны ў хуткім часе “памянялі” расійскую “Ладу” на болей камфортны нямецкі “Фальксваген Пасат” і паехалі далей. Аж да горада над Бугам давезла іншамарка, але далей і яна адмовілася служыць кіроўцам. Давялося пакінуць машыну ў знаёмых.
Цяпер Арцёма і Яўгена чакае лава падсудных. Хаця хлопцы сцвярджаюць, што аўтамабілі яны не збіраліся красці, а ўзялі толькі для таго, каб пакатацца, але ўгон ёсць угон. За падобныя ўчынкі трэба спаўна адказваць у свае дзевятнаццаць гадоў.

 Шукай ветру ў полі!..

Колькі трапляецца аматараў пажывіцца за чужы кошт! І так, каб ніхто не здагадаўся, хто тут вінаваты. Словам, украў — і шукай ветру ў полі! Бо часам, і сапраўды, крадуць прама ў полі, у аддаленні ад людскіх вачэй. Гэтак невядомы скраў з будаўнічага аб’екта “Жабінка” 425 метраў кабелю, тым самым нанёс адкрытаму акцыянернаму таварыству “Палессежылбуд” філіялу ПМК-12 Брэста стратаў на суму звыш 3800 рублёў.
Другі Містэр Х “спецыялізуецца” на крадзяжах пад’ёмнікаў 2,5 В: спачатку скраў з гідратэхнічнага збудавання меліярацыйных сістем “Лясоты”, а затым — і “Хмелева”, нанёс значныя страты Жабінкаўскай ПМК-19 унітарнага прадпрыемства “Брэстводбуд”.
А куды падзеліся 48 саджанцаў фундуку з аграгарадка Азяты? Па ўсіх гэтых злачынствах узбуджаны справы па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Хочацца верыць, што будуць раскрыты ўсе імёны зламыснікаў і яны панясуць заслужанае пакаранне.

Невядомы ў нявызначаны час

У пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы і прыняцці да вытворчасці значыцца: “Невядомы, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, атрымаўшы нявыеўленым спосабам рэквізіты банкаўскай плацежнай карткі ААТ “АСБ Беларусбанк”, зарэгістраванай на імя Юрыя А., шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму заведама ілжывай інфармацыі аб выкарыстанні карткі яе ўтрымальнікам і ажыццяўляючы несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, украў з бягучага рахунку 224 рублі 48 капеек, чым прынёс пацярпеламу маёмасныя страты”.
Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчым давядзецца рашаць задачу з многімі невядомымі: хто, дзе, калі і як?.. Гэтага б не здарылася, калі б Юрый А. не рассакрэціў перад некім са сваіх знаёмых (падобнага ні ў якім разе рабіць нельга!) рэквізіты банкаўскай карткі.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Popularity: 1%

Top