Экіпаж машыны баявой

Экіпаж машыны баявой

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Пачатак у №№ 6, 8, 10, 12-14, 16, 20, 22, 24, 26, 28, 30, 32, 35–37, 43, 45, 47-49.

У вызваленні Жабінкаўшчыны бралі ўдзел розныя роды войскаў. Але найбольш грознай сілай стала бранятэхніка. Нездарма Другая сусветная — сапраўдны водараз-дзел у гісторыі, калі на змену кавалерыі, вядомай яшчэ з глыбокай старажытнасці, канчаткова прыйшла “вайна матораў”.

ГАДОЎ ДЗЕСЯЦЬ таму сваімі ўспамінамі дзяліўся ветэран вайны Міхаіл Аляксеевіч НІЧЫПАРУК:
— Пасля жорсткага бою за станцыю Жабінка ў адначассе неяк усё сціхла. Праз колькі дзён з боку Камянца раптам пачаў набліжацца моцны грукат. Гэта рухаліся савецкія танкі і самаходкі. Дарога была камяністая, таму цяжкія баявыя машыны ішлі з моцным ляскам, далёка разносіліся гук ад гусеніц і роў матораў. Хлопцы і дзяўчаты на роварах даехалі да Сенькавічаў, дзе спыніліся танкісты.
Чырвонаму афіцэру, які дапытваўся, ці засталіся ў мястэчку гітлераўцы, адказалі:
— Збеглі немцы, ужо двое сутак, як выбілі іх з Жабінкі.
— А дзе вашы паны? — раптам спытаў танкіст.
Хлопцы пераглянуліся і адказалі з усмешкай:
— Прошэ пана, тут паноў шмат, а дзяўчаты ў нас — паненкі!
Давялося тлумачыць чырвонаармейцам, што ў беларусаў ды палякаў не дзіва, калі адзін да другога звяртаецца са словам “пан”. Гэта быццам для рускага чалавека “таварыш”.
Сярод танкістаў, з якімі віталіся жабінкаўцы, магчыма, быў і Аляксей Сямёнавіч ЗАВАЛЬНЁЎ, наводчык гарматы СУ-76. 23 ліпеня яго часць на колькі дзён спынілася ў мястэчку, каб адрамантаваць машыны і папоўніць боекамплекты перад рашучым штурмам Брэста. А завяршыў свой вайсковы паход воін-вызваліцель у Берліне і Празе.
У Арэпічах ёсць вуліца Фёдара Рацюка. Яна названа ў памяць пра чалавека, што склаў галаву паблізу вёскі, змагаючыся з ворагам.
Фёдар Яўціхіевіч РАЦЮК (1909–1944) нарадзіўся ў сяле Драбаўка, што на Кіеўшчыне. Камандзір экіпажа СУ-152 гвардыі старшы лейтэнант Рацюк пачаў вайну ў сорак першым, змагаўся на Цэнтральным і І Беларускім франтах. У складзе 347-га гвардзейскага цяжкага самаходнага артылерыйскага палка 61-й стралковай дывізіі вызваляў Мазыр і Лельчыцы, Пінск і Драгічын.
На досвітку 20 ліпеня 1944 года яго экіпаж атрымаў заданне разведаць мясцовасць на памежжы Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў. На падыходзе да Арэпічаў, ва ўрочышчы Моргі, самаходная ўстаноўка была падбіта немцамі, засеўшымі на тутэйшых могілках. Цяжка паранены Фёдар Яўціхіевіч выбраўся з баявой машыны і папоўз узлескам у бок вёскі. Яшчэ жывога, але моцна абгарэлага чырвонага камандзіра знайшлі мясцовыя жыхары Арцём Цыбуля і Рыгор Славуціч. На іх руках ён і памёр. Тут, у сасновым бары, сяляне і пахавалі цела воіна.
Аднак трэба мець на увазе: СУ-152 — сур’ёзная машына, здольная крушыць магутны фашысцкі “звярынец” — іх знакамітых “Тыграў” ды “Пантэр”. Іх у вайну было выпушчана ўсяго 670 адзінак, аднак і гэтай колькасці хапіла, каб немцы адчулі, якая грозная сіла з’явілася на полі вайны. Свой бліскучы дэбют СУ-152 зай-мела на Курскай дузе. Каб трымаць у цуглях такога магутнага “каня” патрабаваўся экіпаж з пяці чалавек.
Дзе ж тады шукаць астатніх танкістаў, што былі разам з Фёдарам Рацюком? Прозвішчы яшчэ двух даўно вядомыя. Яны ўвекавечаны на мармуровых плітах у Жабінцы каля помніка савецкім воінам і партызанам на вуліцы Кірава.
Гэта гвардыі радавыя Васіль Паўлавіч ПАЎЛАЎ (1914–1944) і Мітрафан Іванавіч ФЯДЗЮКІН (1906–1944). Хто быў яшчэ? Або на выведку тым ранкам 20 ліпеня экіпаж выправіўся не ў поўным складзе? Гэтыя пытанні застаюцца пакуль без адказаў.
На здымку: магіла Фёдара РАЦЮКА ў лесе паблізу Арэпічаў.

Popularity: 1%

Top