Давяраюць уладзе, вырашаюць праблемы на месцы

Давяраюць уладзе, вырашаюць праблемы на месцы

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

“Прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян правёў у мінулую пятніцу ў Жабінкаўскім райвыканкаме памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч. З набалелымі пытанні да яго звярнуліся больш за дзесяць чалавек не толькі з нашага раёна, але і з Кобрына, Брэста, Бярозы, Столінскага раёна.
Вольга Мельнік з аграгарадка Фядоры Столінскага раёна, напрыклад, цікавілася, ці можа яна, маці трох дзетак, атрымаць большае па плошчы жыллё ад мясцовай гаспадаркі. Абое бацькоў працуюць жывёлаводамі, пражываюць у кватэры плошчай 45 м2, упяцярых з малымі ўжо і цесна.
Другі тэлефонны званок быў ад жыхара аграгарадка Ленінскі Уладзіміра Кузьміча. Ён працаваў на торфабрыкетным заводзе. Для назначэння ільготнай пенсіі яму не хапае ўсяго чатырох месяцаў. Па яго словах, у працоўны стаж не ўключаны тры гады, хаця ўпраўленне на працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ўжо разбіралася ў яго праблеме і не знайшло парушэнняў. Анатоль Маркевіч даручыў дэтальна вывучыць дакументы яшчэ раз і даць Уладзіміру Кузьмічу канкрэтны адказ.
Алена Галанава аніяк не можа дачакацца аліментаў на дзяцей ад былога мужа. Яна звярталася да судовага выканаўцы, ды толькі праблема не вырашылася і запазычанасць на дзяцей вырасла вялізная.
Анатоль Маркевіч даручыў начальніку Жабінкаўскага РАУС Андрэю Лагоце дапамагчы жанчыне знайсці ўправу на бацьку-“забываку”. Дарэчы, апошні зараз знаходзіцца за кратамі, бо здзейсніў злачынства. Аднак і ў месцах не вельмі аддаленых яго прымусяць працаваць і пагашаць запазычанасць па аліментах. Каб дабіцца гэтага, жанчыне параілі звярнуцца ў суд.
Жабінкаўца Юрыя Сахарчука турбуе праблема адлову бадзячых жывёл. “Чаму іх адстрэльваюць, а не адлоўліваюць, на вачах у жыхароў, у разгар дня ды яшчэ ў цэнтры горада?! Гінуць і хатнія жывёлы, з ашыйнікамі. Майго сабаку падчас такой “аперацыі” паранілі, давялося лячыць. Чаму работнікі ЖКГ не выбіраюць больш гуманны спосаб — адлоў?”.
Жыхары вёскі Сакі Ларыса Яшчанка, Аксана Кавальчук, Васіль і Наталля Аскома, Сяргей Калішук на прыём прыйшлі з калектыўнай просьбай. Дарога ад цукровага завода да вёскі не заасфальтаваная, таму ў сухое надвор’е населены пункт задыхаецца ад слупоў пылу, а легкавушкі псуюцца на выбоінах, што пакідае пасля сябе ў цукровы сезон вялікагрузны транспарт.
Старшыня райвыканкама Віталь Кулак патлумачыў наведвальнікам, што на асфальтаванне дарогі ад завода да вёскі Сакі і ад Сакоў на Матыкалы, працягласць якой каля двух кіламетраў, неабходна парадку 600 тысяч рублёў, таму пакуль гэтую дарогу будуць часцей грэйдзіраваць.
Клопат Жанны Дзенісюк з вёскі Федзькавічы — абуладкаванне разваротнай пляцоўкі для транспарту па трасе М1. “Месца для развароту вынесена да вёсак Пятровічы і Рагозна. З-за гэтага аўтобус Кобрын-Жабінка ў нашай вёсцы і не спыняецца”, — турбавалася жанчына. Ды і самім жыхарам Федзькавічаў нязручна кожны раз даваць лішнія пяць кіламетраў, каб выехаць на трасу. Памочнік Прэзідэнта адзначыў, што для прыняцця правільнага рашэння неабходна ўлічыць многія нюансы, і ў першую чаргу — бяспеку людзей. У любым выпадку праблему неабходна вывучыць усебакова.
Лявонцій Крэўскі прыехаў на прыём да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з уласнай бядою. Ён шмат гадоў працаваў у ААТ “Вазнясенскі”, цяпер — на заслужаным адпачынку. Разам з жонкай жыве ў трохпакаёвай кватэры двухпавярховага дома 1977 года пабудовы. Але хочацца яму свой век дажываць у новенькім доміку, якіх нямала вырасла на вуліцах аграгарадка, бо сваё жытло, на думку заяўніка, у аварыйным стане, падлога згніла, дзверы і вокны вывальваюцца, зімой у пакоях вельмі холадна. Аднак камісія, якая наведала кватэру Лявонція Эдвардавіча, аварыйнай яе не прызнала. Затое параіла гаспадарам прыбраць у пакоях — вынесці смецце, рыззё, кармы для жывёл, вымыць посуд, падлогу і вокны. А калі ўжо дарослыя дзеці дапамогуць паклеіць свежыя шпалеры (не абавязкова дарагія), пафарбаваць падлогу (а рамонту пакоі ой як даўно не бачылі), дык і жаданне патрабаваць новае жыллё адпадзе… Памочнік Прэзідэнта гарантаваў праверку і наладку сістэмы ацяплення з боку мясцовай гаспадаркі пасля навядзення ідэальнага парадку. Ды і не ў правілах “Вазнясенскага” забываць аб працоўных заслугах сваіх рупліўцаў.
…Падводзячы вынікі “прамой лініі” і прыёму грамадзян, Анатоль Маркевіч адзначыў, што паднятыя праблемы актуальны.
— Добра, калі людзі ідуць у райвыканкам. Значыць, давяраюць уладзе, вырашаюць праблемы на месцы. Пытанні ў большасці павінны “здымацца” на раённымм узроўні. Як правіла, яны ў полі зроку спецыялістаў, якія валодаюць сітуацыяй і могуць аператыўна разабрацца. Думаю, што калектыў вашага райвыканкама працуе зла-джана, таму сёння я не пачуў вельмі вострых і нявырашаных пытанняў, — рэзюмаваў Анатоль Мечыслававіч.

Popularity: 1%

Top