Клопат пра франтавікоў у прыярытэце

Клопат пра франтавікоў у прыярытэце

Святлана КІСЛАЯ.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Віталем Кулаком пабывала на сустрэчы з калектывам Жабінкаўскага РАНС.
Тэмай для абмеркавання стала важная для нашай краіны дата — 75-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вера Бортнік нагадала прысутным, якім коштам дасталася Перамога над фашысцкай Германіяй. “Цэлы месяц працягвалася гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, — расказвала Вера Уладзіміраўна. — А на тэрыторыі Беларусі чуліся выбухі снарадаў, пошчакі куль, вяліся кровапралітныя баі на працягу доўгіх трох гадоў аднаго месяца і шасці дзён. Усяго на франтах змагаліся з ворагам 1,3 мільёна беларусаў. Набліжалі агульную перамогу над ворагам і працаўнікі тылу. 28 ліпеня 1944 года вызваленнем горада Брэста завяршылася выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі.
Вярнуўшыся да мірнага жыцця, учарашнія франтавікі, партызаны і падпольшчыкі здзейснілі і яшчэ адзін — працоўны — подзвіг, самааддана адрадзіўшы Айчыну.
Пастаянны клопат пра франтавікоў застаецца прыярытэтным накірункам дзяржаўнай палітыкі Беларусі. У нашай краіне налічвалася на на 1 красавіка 2019 года 6250 ветэранаў вайны (у тым ліку 848 інвалідаў і ўдзельнікаў вайны), а таксама 15194 грамадзян, што пацярпелі ад наступстваў вайны. Яны маюць права карыстацца шэрагам льгот. Што тычыцца Жабінкаўшчыны, то ў нас пражываюць 17 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і яшчэ 20 — былыя вязні канцлагераў, турмаў, гета. Згодна з Указам Прэзідэнта краіны ад 28 сакавіка 2019 № 118, ім выплачана матэрыяльная дапамога ад 650 да 1500 рублёў кожнаму.
Пасля выступлення Веры Бортнік пажарныя-выратавальнікі мелі магчымасць задаць кіраўніку раёна хвалюючыя пытанні. Работнікі РАНС цікавіліся, ці можна паставіць гушкалку і арэлі на скрыжаванні вуліц Савецкая і Камуністычная, ці плануецца будаўніцтва арэнднага жылля, калі будуць “абувацца” ў асфальт дарогі ў новых жылых кварталах.

Popularity: 1%

Top