Аб інвестыцыях і парадку на зямлі

Аб інвестыцыях і парадку на зямлі

Святлана КІСЛАЯ.

На чарговым пасяджэнні райвыканкама на абмеркаванне выносіліся два пытанні.
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ларыса Сняжко паведаміла аб інвестыцыйнай дзейнасці арганізацый раёна.
— За мінулы год у эканоміку раёна прыцягнута 112 мільёнаў 540 тысяч рублёў інвестыцый, рост аб’ёмаў у параўнанні з папярэднім годам склаў 120,6 % (сярэднеабласны — 107,6 %), — расказвала Ларыса Сцяпанаўна. — Асноўны аб’ём інвестыцый прыходзіцца на два прадпрыемствы: ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” (на яго мадэрнізацыю і рэканструкцыю — 37,6 мільёна рублёў) і ЗАТ “Консул” (на завяршэнне яго будаўніцтва — 29,2 мільёна рублёў).
За пяць месяцаў бягучага года ўжо прыцягнута 20 мільёнаў 733 тысячы рублёў інвестыцый. Дарэчы, два апошнія гады на Жабінкаўшчыне рэалізоўваліся два інвестыцыйныя праекты — будаўніцтва гандлёвага аб’екта “Санта” і завода па вытворчасці прэміксаў, суперканцэнтратаў і камбікармоў “Консул”.
Ларыса Сцяпанаўна расказала, што робіцца, каб прыцягнуць інвестыцыі ў раён. Удзельнічалі, напрыклад, у Міжнародных форумах-выставах дзелавых кантактаў “Брэст-2018”, “Брэст-2019”; падрытавалі буклеты пра раён, заявілі пра сябе ў інтэрнэт-сетцы і інтэрактыўным партале “Дарожная карта інвестара”, удзельнічалі ў форумах горада-пабраціма (Тамашуўскі павет) з магчымасцю інвесціравання ў турыстычную галіну, прамысловасць і сельскую гаспадарку; накіравалі прапанову ў пасольства КНР у Беларусі аб будаўніцтве аздараўленчага гасцінічна-турыстычнага комплексу і інш. Выступленне Ларысы Сцяпанаўны дапоўніў в. а. дырэктара КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Аляксандр Ганчук.
Па другім пытанні — “Аб навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Крыўлянскага сельсавета” — выступіла галоўны ўрач Жабінкаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, галоўны санітарны ўрач раёна Надзея Шосцік. Яна адзначыла станоўчыя моманты і недахопы. Так, у вёсках Гарэлкі, Вялікія Сяхновічы, Малыя Якаўчыцы сёлета былі спілаваны 9 аварыйных дрэў, рамантавалася вулічнае асвятленне ў Шадзях, Вялікіх Сяхновічах, Мацясах. Праводзіліся два суботнікі, у якіх пра парадак у вёсках (а іх у Крыўлянскім сельсавеце налічваецца 24) паклапаціліся і мясцовыя жыхары таксама, ліквідавана пяць стыхійных смеццезвалак, пасаджаны кветкі на 12 клумбах, 22 гаспадары атрымалі з пачатку года паведамленні аб навядзенні парадку каля сваіх дамоў.
У той жа час былі выяўлены недахопы: зараслі пустазеллем стадыён і гульнёвая пляцоўка ў аграгарадку Мацеевічы, валяецца смецце каля сельскага Дома культуры, паблізу некаторых дамоў у Вежках, Вялікіх Сяхновічах, Свішчах бур’ян вышэй плота. Пра добраўпардкаванне гаварылі і садакладчыкі — начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Лілія Сакалова і старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Марчук.
Кіраўнік раёна Віталь Кулак падвёў вынікі пасяджэння, былі прыняты адпаведныя рашэнні па абмяркоўваемых пытаннях.

Popularity: 1%

Top