ЛАСКАВАЕ ІМЯ “ІЛЬЮША”

ЛАСКАВАЕ ІМЯ “ІЛЬЮША”

Нарыс

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

У Берліне, недзе на самай
высокай ацалелай сцяне, я
з вялізнай любоўю напішу:
“Развалінамі Рэйхстагу
задаволены!” І можна хоць
дамоў — сады апырскваць”.

“У бой ідуць толькі «старыя»”.

Ён меў ласкавае імя “Ільюша”. Хоць быў заўсёды грознай сілай, штурмавымі крыламі Перамогі.
“Іл-2” — нябесны ратнік, востры, як брытвеннае лязо, паважаны нават ворагам, што называў яго з жахам Чорнай Смерцю.
Калісь “Ільюшу” было падуладна неба, а сёння яго з гонарам узносяць на п’едэсталы на зямлі. Яшчэ на памяці, як шматлікія сябры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі шчыравалі, абнаўляючы пад Мінскам Курган Славы. Велічны мемарыял узнік паўстагоддзя таму, каб захаваць глыбокі след для новых пакаленняў пра подзвіг і ахвяры ліхалецця. Сёлета краіна адзначае 75-я
ўгодкі вызвалення. Таму яшчэ адна знакавая памятка — штурмавік “Іл-2” — паўстае ля падножжа Кургана. Гэты падарунак айчынныя прафсаюзы падрыхтавалі да Дня Незалежнасці.

Незасеянае поле
(замест прадмовы)

ВЁСКА АГАРОДНІКІ — паселішча земляробаў, заснаванае чатыры сотні гадоў таму. Тут хлебароб спрадвеку маліўся небу: каб у час — сонца, у пару — дождж. Каб зерне налілося, не згарэла.
Ды толькі поле цяпер незасеянае. На ім — аэрадром. У Агародніках прызямлілася 197-я штурмавая авіядывізія ў складзе 618-га, 765-га, 805-га палкоў. Таму і “моляцца” на вясковым полі іншыя: летакі, штурманы, механікі. Каб неба было без хмар, прыгоднае для ўзлёту, і не гарэлі “Ілы”, прашытыя варожымі кулямі.
У пачатку вайны баявое жыццё лётчыка-штурмавіка складала ў сярэднім 6-7 вылетаў. Для параўнання: сярэдняя жывучасць лётчыка-знішчальніка дасягала 65 баявых вылетаў. Узнімаючыся ў неба для суправаджэння “Ілаў”, “ястрабкі” мелі ў 10 разоў больш шанцаў вярнуцца жывымі. Галоўная прычына: штурмавая авіяцыя — гэта “хірургічны інструмент” для падтрымкі пяхоты. Лёс “Ілаў” — вынішчаць праціўніка на полі бою і ў тыле. Таму штурмавікі дзейнічаюць на малой вышыні ды брыючым палёце: “брыюць” варожую абарону, але й самыя пры гэтым дасягальныя для нямецкіх зенітак.
Аднак цяпер не сорак першы. На календары — верасень 44-га года. Услед за сонцам савецкіх перамог вайна рашуча павярнула з усходу на захад, і блізіцца дзень, калі аўтографамі распішуць Рэйхстаг. Таму кожная страта — яшчэ большы сардэчны боль.
— Хто? — пытае ціха камдыў, палкоўнік Цімафееў.
— Гашэнка і Совалеў, камандзір, — яшчэ цішэй адказвае начштаба. — Не разумею… яны ж былі як птушкі ў небе…

Камэска

ХЛОПЕЦ З УКРАІНСКАЙ вёскі Дружкоўка захварэў небам яшчэ ў маленстве. Каб мары сталі яваю, Саша Гашэнка паехаў у горад Балашоў, у школу авіятараў. Прымераў новенькую лейтэнанцкую форму за чатыры гады да вайны, прайшоў шлях да камандзіра эскадрыллі. У вогненным небе — з першых дзён. За гэты час пілот і яго самалёт (нумарны знак 1872599) сталі сапраўды адным цэлым. Колькі разоў верны “Ільюшка” ратаваў свайго Сашку! І ён плаціў браніраванаму сябру той жа манетай. Разам змагаліся пад Сталінградам, на Кубані, а потым вызвалялі Беларусь.
— Наш камэска, быццам загавораны, — верылі ў 618-м штурмавым палку: так часта вяртаўся старшы лейтэнант Гашэнка з бою, “ледзьве трымаючыся на адным крыле”.
Упершыню гэта здарылася ў жніўні 1943-га. Самалёт, падбіты ў час штурмоўкі зенітным агнём, Аляксандр Гашэнка змог давесці да аэрадрома. У задняй кабіне знайшлі забітага паветранага стралка Івана Саблукова. Камсамольскі білет, прабіты асколкам, быў заліты крывёю 20-гадовага юнака. Хаваючы баявога таварыша, ніхто яшчэ не ведаў, што вайна ледзь мінула “экватар”, ды кожны разумеў, як шмат яшчэ ахвяр яна запатрабуе…
Між тым, Гашэнку шчасціла. За ратную працу грудзі ўпрыгожылі ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонага Сцяга. Ад куляў ды асколкаў ратаваў надзейны “Іл”, якога шмат разоў механікі латалі, каб зноў вучыўся станавіцца на крыло. Аднойчы (ужо над Беларуссю) у гарачай справе былі прашытыя і фюзеляж, і радыятар, пашко-джаны вінты… Мо хіба толькі знае Бог, як стойкі самалёт вярнуўся… Ледзь выйшаў з-пад агню зенітак, як паявіўся “месер”. Ды двухкрылы таварыш не падкачаў, амаль што пузам поўз па кавылях. На ім, бадай, не засталося жывога месца.
— Відаць, патрэбна “Іл” спісаць, — прапанавалі Аляксандру. Ды той і слухаць не хацеў, што можна здрадзіць баявому сябру.
Двое сутак, забыўшыся на сон і ежу, “варажылі” над “Ільюшам” сяржанты Віленскі, Тузаў, Карпаў, Гарбанёў. Харошыя былі майстры, бо неўзабаве камэска сумесна з лейтэнантам Аўчыннікавым прайшоўся моцна па тылах. Ды гучна так — з сапраўдным феерверкам, калі патрапілі, бы ў яблычак, у мінны склад.

Апошні палёт

 

 

 

 

 

 

 

СЛАЎНА ПРАЦАВАЛІ “Ілы”, дасягнуўшы перавагі ў нашым небе! 197-я штурмавая авіядывізія паўдзельнічала ў вызваленні Мінска і ўсёй Беларусі. У самым пачатку восені 1944 года, калі на фронце ўсталявалася падманлівае зацішша, паветраная дывізія перайшла ў рэзерв Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. К вечару 8 верасня яе авіяпалкі асвойваліся на новым месцы — паблізу Агароднікаў і Вежак.
Вопытныя экіпажы вынішчалі варожыя аб’екты ў Польшчы, і нязменна побач ішлі паветраныя машыны Аляксандра Гашэнкі і Мікалая Совалева. Так было і ў апошнім іх палёце, які аказаўся не баявым, а трэніровачным. І ўсё ж — трагічным.
Гэта адбылося 26 верасня. Частка лётчыкаў займалася парнымі вучэбнымі палётамі па маршруце Агароднікі — Вежкі — Бяроза-Картузская — Косава — Жабінка. У адным з палётаў удзельнічаў старшы лейтэнант Гашэнка, з ім — паветраны стралок старшына Сяргей Абрамаў. Другі “Іл-2” пілатаваў лейтэнант Совалеў, з ім — паветраны стралок старшына Сцяпан Яршоў. Палёт праходзіў у нармальным рэжыме, аднак у 16 гадзін 15 хвілін нечакана абарваўся.
Пазней высветлілася: на чыгуначнай станцыі Косава адбылася катастрофа. Выконваючы розныя манеўры, самалёты сутыкнуліся ў паветры, экіпажы загінулі.
Лётчыкаў і іх стралкоў пахавалі на ўскрайку аэрадрома. Быў час, замест прозвішчаў на магілах значылася: НЕВЯДОМЫЯ. Толькі напрыканцы мінулага стагоддзя стала магчымым дакрануцца да пажоўклых архіўных папер у Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Гэта дазволіла вярнуць памяць пра авіятараў. І цяпер каля абеліска з імёнамі вяскоўцаў, загінулых у Вялікую Айчынную вайну, можна прачытаць імёны Аляксандра Капітонавіча Гашэнкі і Сяргея Мітрафанавіча Абрамава, Мікалая Аляксеевіча Совалева і Сцяпана Георгіевіча Яршова.

“Мабыць, чарга мая…”
(замест эпілога)

ПАСЛЯ ТОЙ ТРАГЕДЫІ старшы лейтэнант Валянцін Шышкін напісаў дамоў: “Загінуў адзін з лепшых сяброў, Саша Гашэнка. У палку амаль не засталося хлопцаў, з кім ваяваў пад Сталінградам. Мабыць, наступная чарга мая. Тым больш, што наперадзе чакаюць жорсткія баі”.
Гэта былі прарочыя радкі: і пра жорсткія баі, і пра хуткую гібель…
10 студзеня 1945 года “перадышка” закончылася. 197-я штурмавая зноў прыбыла на І-ы Беларускі фронт, скіраваны сваім вастрыём на Віслу і Одру, Познань і Варшаву.
14-га пачалася Вісла-Одэрская аперацыя. У той дзень злучэнні штурмавікоў і вынішчальнікаў не маглі падтрымаць наземныя войскі: туманы спускаліся да зямлі, закрываючы аэрадромы і цэлі. “Ілы” засталіся на зямлі. А пяхота? Яна ж — “царыца палёў”! — пайшла наперад па гарачым снезе. І ў тых палях многім давялося скласці галовы. У іх ліку і гвардыі радавому Мацвею Бензеруку, майму дзеду.
Мы пачыналі эпіграфам, узятым з кінастужкі “У бой ідуць толькі «старыя»”. Памятаеце, свае разважанні наконт аўтографаў на Рэйхстагу камэска Цітарэнка завяршыў словамі: “І ўвогуле, першым там распішацца радавы пяхотны Ваня. Ды і па праву”.
На здымках: афіцэры 618-га штурмавога авіяпалка, у першым радзе — Валянцін ШЫШКІН, Аляксандр ГАШЭНКА і Мікалай СОВАЛЕЎ, лета 1944 года; помнік паблізу вёскі Агароднікі з пералікам лётчыкаў, загінулых  26 верасня 1944 года.

 

Да юбілею адкрыцця Кургана Славы Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла з ініцыятывай устанавіць ля яго падножжа штурмавік “Іл-2”. Адкрыты дабрачынны рахунак для падтрымкі гэтага пачынання.
Атрымальнік: Унітарнае прадпрыемства па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і абслугоўванні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Дом прафсаюзаў”, 220019, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 21, УНП 100116931.
Дабрачынны рахунак: BY20РОIS31320000002800933008, банк: РКЦ № 1 ААТ «Парытэтбанк», г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 19, БІК РОISBY2Х.
Назначэнне плацяжу: на поставку металлической копии самолёта «Ил-2» с использованием оригинальных частей, монтаж, установку и обустройство площадки под её установку.

Popularity: 1%

Top