Іх подзвіг бессмяротны!

Іх подзвіг бессмяротны!

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Час няўмольна бяжыць. Не шкадуе ён і нашых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: іх у раёне засталося ўсяго 37 — тых, хто са зброяй у руках адваёўваў свабоду і незалежнасць, каго прымусова вывезлі на работы ў Германію, хто рупіўся ў тыле.
На мінулым тыдні старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Кулак уручыў юбілейныя медалі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” тром ветэранам Азяцкага сельсавета і павіншаваў воінаў-вызваліцеляў з важнай для Беларусі датай — Днём Незалежнасці. Ад імя райвыканкама Віталь Уладзіміравіч выказаў вялізную ўдзячнасць нашым ветэранам. Дзякуючы іх подзвігу мы зараз жывём у мірнай, квітнеючай краіне і наша задача — зрабіць усё, каб гэтыя шаноўныя людзі жылі годна.
Разам з юбілейным медалём удзельнікі вайны атрымалі падарункі: канверцік-трохкутнік з віншавальнымі словамі ад Прэзідэнта нашай краіны, паштоўку ад райвыканкама, кветкі, пасцельную бялізну.
Так, Аляксей Філімонавіч Гумянка (здымак 3) свой баявы шлях пачаў у жніўні 1944-га. Ён ваяваў у складзе І Украінскага фронту. Жабінкавец з баямі вызваляў Польшчу, Германію, Чэхаславакію, а ў маі 1945-га распісаўся на Рэйхстагу. Вярнуўся дадому жывы, без раненняў. Пра абпаленую вайной маладосць нагадваюць узнагароды на святочным пінжаку: медалі “За перамогу над Германіяй”, “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”. Візіту кіраўніцтва раёна ветэран быў вельмі рады.
Наступны, да каго завітаў старшыня райвыканкама з цёплымі словамі віншаванняў і падарункамі — Ярас Пятровіч Казачэнка (здымак 1). Яго забралі на вайну восенню 1944-га, аднак дадому ў Нароўлю ён змог вярнуцца толькі ў 1951 годзе.
Чарнобыльская бяда пры-мусіла сям’ю Казачэнкаў пакінуць родныя мясціны і шукаць лепшай долі. Жабінкаўшчына стала для іх другой радзімай.
Іван Аляксандравіч Алексіевіч з вёскі Старое Сяло (здымак 2) ад прыезду гасцей з раёна вельмі расчуліўся. Ветэрану ёсць што прыгадаць з баявой маладосці. Успамінаць тое цяжка, аднак гэта часцінка яго жыцця і гісторыі краіны ў цэлым. Подзвіг вызваліцеляў бессмяротны!

Popularity: 1%

Top