Гэтае салодкае слова “воля”

Гэтае салодкае слова “воля”

Антон БЕРАСТОК. Фота Святланы БЯЛЯК.

Напярэдадні галоўнага свята краіны — Дня Незалежнасці — дзясяткі тых, хто не па кнігах ці фільмах зведаў жахі ваеннага ліхалецця, атрымалі юбілейныя медалі, прымеркаваныя да 75-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У іх ліку і жыхарка Жабінкі Сафія Ціханаўна Смалюк (на здымку).

МІЛАЕ ЯЕ СЛЫХУ слова “воля”. Па-першае, так завецца родная камянецкая вёсачка, у якой 31 снежня 1925 года Сафія Ціханаўна прый-шла на свет. Па-другое, у яе лёсе былі вайна, прымусовая праца ў Германіі, куды 16-гадовая дзяўчына трапіла не па сваёй волі.
Таварным цягніком акупанты везлі маладых палешукоў у Нямеччыну, каб тыя гарбаціліся на карысць “тысячагадовага Рэйху”. Унучка нашай гераіні Надзея Дземідзюк прыгадвае, як бабуля расказвала пра выпадак, што надарыўся ў дарозе:
— У вагоне людзей набілася шмат. Аднойчы нехта, не зусім чысты на руку, скарыстаўся гэтым і скраў мяшок. Пра тое даведаліся немцы і пачалі шукаць вінаватага. Столькі жаху нацярпеліся “пасажыры”, пакуль гітлераўцы чынілі “допыт” пад дуламі аўтаматаў… Пра такое і да смерці не забудзеш!
У адрозненне ад тых, хто пасля прыезду патрапіў на заводы або ў шахты, Соні пэўным чынам пашчасціла: у сям’і, куды яе аддалі як прыслужніцу, меліся дзеці. Іх і давялося гадаваць. Малыя прывязаліся да выхавальніцы, таму й гаспадыня па-добраму ставілася да дзяўчыны з Беларусі. І ўсё ж, наколькі салодкай мелодыяй прагучала слова “воля”, калі нарэшце прыйшло вызваленне.
За гады няволі зусім згубілася сувязь з радзімаю. Вярталася ў сваю Волю — не спадзявалася, што знойдзе каго-небудзь жывога. Вайна сапраўды родных раскідала па розных кутках. Ды вярнуўся з фронту брат Канстанцін і адшукаў сваякоў. Як зноў праз час сабраліся разам, колькі слёз было праліта і ад гора, і ад радасці!..
60 гадоў таму Сафія Хініч стала Смалюк, калі пабралася шлюбам з Міхаілам Міхайлавічам. З ім пражылі ў згодзе без малога сорак год. У 1965-м сям’я пера-ехала ў Жабінку. Узялі з сабою не толькі рэчы, сумесна нажытыя, але і… хату. Тады многія так рабілі: жытло “падарожнічала” разам з гаспадарамі, а на новым месцы зноўку ставіўся зруб. У нашы дні старая хата ў чарговы раз “маладзее”, бо чарговае пакаленне капітальна рамантуе дзедаўскую спадчыну. Гледзячы на дом, адразу і не скажаш, што яму ўжо многа гадоў, настолькі звонку выглядае жытло па-сучаснаму. Сюды і завіталі ў госці супрацоўнікі “СП”, каб кветкамі, падарункамі, ласкавымі словамі павіншаваць Сафію Смалюк з вялікім святам, якое імкліва набліжаецца. Візіт “сельскапраўдаўцаў” не выпадковы, бо жанчына шмат часу адпрацавала ў рэдакцыі, наглядаючы за чысцінёй у памяшканнях. З вялікім задавальненнем ад імя ваеннага камісарыята перадалі Сафіі Ціханаўне юбілейны медаль, выбіты да 75-годдзя вызвалення роднай Беларусі.

Popularity: 1%

Top