І пешаходны пераход не ратунак?

Непаўналетнюю К. вучылі ў школе Правілам дарожнага руху: на пешаходным пераходзе яна мае перавагу перад вадзіцелем — машына павінна спыніцца і прапусціць пешахода. Але ў жыцці не ўсё, на жаль, выходзіць па правілах.
Аднойчы, калі дзяўчынка пераходзіла вуліцу ў належным месцы, нечакана выкаціўся аўтобус “Радзіміч” і збіў яе. Пацярпелай былі нанесены цяжкія цялесныя пашкоджанні: закрытая чарапна-мазгавая траўма, страсенне мазгоў, пералом левай ключыцы, пераломы трох крыжавых пазванкоў і г.д. На вадзіцеля, які парушыў Правілы дарожнага руху, узбуджана справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Ключ пад дыванком?

Многа разоў праз газету “Сельская праўда” работнікі праваахоўных органаў папярэджвалі жыхароў раёна не хаваць ключ ад дома пад дыванком ці ў іншых месцах, дзе яго лёгка адшукае зламыснік, а людзі па-ранейшаму праяўляюць бяспечнасць і тым самым патураюць злодзею.
Не, на гэты раз ключ быў не пад дыванком, але ва ўмоўным месцы. Дый Якаў Г. не надта клапаціўся, каб схованка заставалася невядомай для таго, хто не павінен быў ведаць пра яе. Пасля гаспадар вельмі пашкадаваў пра тое. Бо аднойчы зайшоў у склад і недалічыўся адразу трох радыятараў ацяплення салона аўтобуса “ДАФ”.
Адразу стала зразумелым: замок адамкнулі ключом. Хутка выявілі злодзея. Ім аказаўся Мікалай А., супраць якога ўзбуджана крымінальная справа, а Якаў, кажуць, шукае новае сховішча для свайго ключа.

У кнігу Гінеса… не трапілі

Што можна зрабіць за дзве гадзіны? Нехта прызнаецца, што за гэты час напіша цудоўны верш. Другі сцвярджае, што скосіць участак сенажаці. Трэці — што прабяжыць адлегласць ад Брэста да Жабінкі, а Віталь Д. хваліўся, што перанясе з тэрыторыі ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” не меней за 15 мяхоў з кармамі на суму 1000 рублёў і тым самым яго імя будзе занесена ў “Кнігу рэкордаў Гінеса”.
Хітры Віталь, аднак, не сказаў, што дапамагаць яму згадзіўся Дзмітрый Б. Сярод вясенняй ночы ўзяліся хлопцы за справу. Працавалі старанна, аж успацелі, а ў “Кнігу рэкордаў Гінеса” так ніхто і не трапіў.
Па-першае, зламыснікі забыліся паклікаць суддзю, які б пацвердзіў іх рэкорд (“працавалі” ж яны пад покрывам ночы). Па-другое, і да рэкорду не дацягнулі: перанеслі не 15, а толькі 13 мяхоў, дый да лічбы 1000 не хапіла болей чым 100 рублёў.
Цяпер іх чакае іншы суддзя, які вызначыць унёсак кожнага “героя” ў гэтую злачынную работу, а яшчэ — тыя страты, што панёс ад падобных “спаборніцтваў” камбікормавы завод. На зламыснікаў узбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 КК.

Замок — не перашкода

Кажуць, добраму злодзею замок — не перашкода. Напрыклад, Уладзімір А. надумаў “ачысціць” Святлану Ш., дык сярод белага дня пашкодзіў уразны замок у дзвярах, забраўся ў дом ды скраў спартыўныя штаны, дзве майкі-безрукаўкі і мабільны тэлефон. Словам, прынёс жанчыне стратаў на суму ў 190 рублёў.
А Пятру В. і гэтага рабіць не прыйшлося. Хаця зусім нядаўна Пятро за крадзяжы прыцягваўся да адказнасці, але, заўважыўшы, што ў Жабінцы на вуліцы Леніна стаіць без нагляду дарожны веласіпед “Аист”, спакусіўся, зайшоў у двор, перакінуў цераз раму нагу — і згадвай, як звалі! Ды нядоўга яму выпала ездзіць на чужым веліку…
Не ўстаноўленая пакуль асоба паквапілася на інструменты ў Старым Сяле. Нехта ў нерабочы час сарваў навясны замок і прабраўся ў вагончык каля дома, што будуецца. Па гэтай справе, як і па папярэдніх, узбуджана крымінальная справа. Следчым пры раскрыцці варта ўлічваць, што злодзей добра разбіраецца ў будаўнічых інструментах, таму прысвоіў сабе і дрэль, і шрубавёрты, і дыскавую пілу, і вуглашліфавальную машынку, і яшчэ сёе-тое, так што крадзеж пацягнуў на салідную суму больш чым у 10 базавых велічынь.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда