Першы партызанскі

Першы партызанскі

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Жабінкаўцы надта “сціплыя” людзі: нават як маем нейкія дасягненні, не надта спяшаемся пра іх заяўляць. Прыкладам, некалькі разоў, рыхтуючы сцэнарыі да розных раённых мерапрыемстваў, у дачыненні да партызанскага атрада імя Чарнака пісаў, што ён быў першым па часе стварэння на Брэстчыне, а можа, і ва ўсёй Беларусі. А потым са здзіўленнем бачыў, як нехта “сарамліва” “ўдакладняў” у тэксце: “адзін з першых”. Згадзіцеся, паміж словамі “першы” і “адзін з першых” — розніца істотная.
ДАВАЙЦЕ РАЗБІРАЦЦА. Заснавальнік атрада Сяргей Сяргеевіч ШЫКАНАЎ пакінуў успаміны, якія назваў “На партызанскіх сцяжынах”. Скуль вынікае, што ў чэрвені сорак першага тады яшчэ малады лейтэнант, камандзір кулямётнага ўзвода 125-га стралковага палка 6-й стралковай дывізіі, стаў удзельнікам баёў на граніцы. Калі фронт імкліва прасунуўся на ўсход, Сяргей Шыканаў разам з таварышамі па зброі аказаўся ў тыле ворага і вырашыў распачаць “партызанку”. Момант нараджэння атрада ён апісвае наступным чынам:
“На шырокай паляне пастроілі ўсіх людзей.
— Таварышы, з гэтага часу наша група абвяшчаецца партызанскім атрадам, — звярнуўся я да ўсіх. Той-сёй выказаў здзіўленне, а нехта і прамое незадаволенне. — Вось што, сябры, хто згодны, заставайцеся, хто хоча, можа прабірацца да лініі фронту. — Пра сябе падумаў, што тыя, хто застануцца, будуць на-
дзейным ядром атрада.
— А што будзем рабіць? — спыталіся з натоўпу.
— Будзем біць фашыста! — з заўважным казахскім акцэнтам крыкнуў Нурум Сыдыкаў.
— Біць!.. Чым? Кіем? Таксама — ваяка.
— Мая не хужа ваяка, чым ты! — агрызнуўся Нурум.
— Цішэй, таварышы, — супакойваю спрачальнікаў. — Думаю, што перш-наперш звяжамся з мясцовым насельніцтвам і пачнем збіраць зброю і боепрыпасы, а затым… — На праўду, я і сам яшчэ не ўяўляў выразна, што затым. Ні я і ніхто іншы з нас не ведалі асаблівасцяў партызанскай вайны. Адно было зразумела — будзем змагацца… Гэтак у ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года быў створаны партызанскі атрад”.
Такім чынам, на трэція суткі вайны не толькі выспявае рашэнне, яно рэалізуецца. Згаданы ў тэксце Нурум Сыдыкавіч СЫДЫКАЎ у студзені 1980-га таксама напісаў юным краязнаўцам са Старога Сяла: “25 чэрвеня 1941 года на Брэстчыне на базе асабовага складу кулямётнай роты быў створаны першы партызанскі атрад”.
Спачатку ён называўся Старасельскім (па месцы дыслакацыі) і атрадам Шыканава (ад прозвішча камандзіра), а з лета 1943 года атрымаў імя Чарнака — у гонар загінулага адважнага разведчыка Міхаіла Мікітавіча ЧАРНАКА (1911–1943).
У 2015 годзе свет пабачыла навуковае выданне “Унёсак беларускага народа ў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”, дзе пра ўзнікненне Старасельскага атрада сказана літаральна наступнае: “Ён быў створаны ўжо на трэці дзень вайны, 24 чэрвеня 1941 года, у лесе каля вёскі Старое Сяло Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці”. Пры гэтым аўтары кнігі спасылаюцца на дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (Фонд 1450. Вопіс 4. Справа 312. Аркуш 161).
Можа, ёсць дадзеныя пра ўзнікненне партызанскіх фарміраванняў раней, чым 24-25 чэрвеня? Зноў жа, такія весткі адсутнічаюць. Першыя 14 партызанскіх атрадаў, створаныя партыйнымі органамі і НКУС, былі сфарміраваны для засылкі ў германскі тыл толькі 26 чэрвеня. А сапраўды масавы рух разгарнуўся яшчэ пазней, пасля вядомай радыёпрамовы Сталіна, у якой савецкі лідар 3 ліпеня заклікаў: “У занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны… У захопленых раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго памагатых, пераследаваць і знішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы”.
Сталінскі голас не чулі ў адарваным ад сувязі Старасельскім лесе. Аднак дзейнічалі, не чакаючы “адмашкі” з Масквы, калі ў тую векапомную ноч з 24 на 25 чэрвеня Сяргей Шыканаў рашуча прамовіў: “Таварышы, з гэтага часу наша група абвяшчаецца партызанскім атрадам”. Самым першым, вядомым на сённяшні дзень.
На здымку: сустрэча былых партызан атрадаў імя Чарнака і Фрунзэ, ліпень 1979 года.

Popularity: 1%

Top