На мышчыцкіх прасторах у Жабінкаўскім раёне

На мышчыцкіх прасторах у Жабінкаўскім раёне


На пачатку вясны, яшчэ лёд не сышоў, на балотны масіў за вёскай Мышчыцы Ленінскага сельсавета “высадзіўся” працоўны дэсант. Экалагічная акцыя праводзілася з ініцыятывы раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Прынялі ўдзел у ёй работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, райкама БРСМ, дыстанцыі пуці, цукровага і торфабрыкетнага заводаў.
Былое тарфяное радовішча, сапраўды, уяўляе сабой шырокія прасторы — амаль 700 гектараў. Улетку тут вельмі прыгожа. Шмат дрэў і кустоў, травы і чароту, а сярод іх раскінуліся вялікія і малыя вадаёмы, даўно аблюбаваныя рыбаловамі. Сапраўдная паломніцкая мясціна для апошніх. Але што пакідаюць пасля сябе многія з іх, мы, на жаль, ведаем. Папера, бутэлькі, парожнія слоікі і бляшанкі — скрозь на берагах. Ажно два дзясяткі мяхоў смецця назбіралі “дэсантнікі”. Ды праца гэтым не абмежавалася. То рабочы жылкамунгаса Цімафей Посахаў, то сам галоўны дзяржінспектар аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Штык увіхаліся з бензапілой, каб парэзаць зламаныя або паваленыя дрэвы, іх тоўстыя галіны, умерзлыя ў лёд. Усё гэта складвалася на беразе — выдатныя дровы для рыбацкіх вогнішчаў.
— Не ўсё паспелі зрабіць за адзін раз, — сказаў у канцы акцыі С.А.Штык. — Трэба закончыць усталяванне сталоў і лавак для адпачынку, прадоўжыць навядзенне парадку. Добрую справу неўзабаве паўторым.
Ужо і зараз абнавілася мясціна, няма слоў. І ўяўляеш: сышоў нарэшце лёд, аднераставала рыба — і зноў нахлынулі сюды рыбаловы з Жабінкаўшчыны, Кобрына, Брэста. Спыніліся ва ўлюбёных кутках і здзівіліся — як чыста і ўпарадкавана, і загарэліся жаданнем чысціню і парадак падтрымліваць… О, каб жа так і было!
Сымон АКСЕНІН.
На здымку: пад час экалагічнай акцыі.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top