Дзве кнігі ёсць: Свяшчэннае Пісанне і Прырода

Дзве кнігі ёсць: Свяшчэннае Пісанне і Прырода

Гутарка з айцом Серафімам


— Дзякуй, айцец Серафім, што пагадзіліся пагутарыць аб прыродзе, у маляўнічым кутку якой раскінуўся і ваш Спаса-Праабражэнскі манастыр. Як абжываліся тут і што для вас наогул прырода?
— З дзяцінства люблю краявіды, птушак і звяроў, чысціню, гармонію. Ставіўся ўважліва і беражліва да кожнага кусціка, кожнай травінкі і казюлькі. Прырода мяне суцяшала, выхоўвала: будзь добрым чалавекам, дары зычлівасць іншым, як дорыць яна сваё багацце ўсім людзям.
Мясціна каля Хмелева мне падабаецца здаўна, са школьных гадоў. Любіў рабіць тут замалёўкі. Я паводле адукацыі мастак. Святаром стаў, калі манастыра яшчэ не было. Людзі і тады любілі хадзіць у ваколіцах храма, адпачываць, калі не было службы. Ствараючы манастыр і ўмовы жыцця ў ім, мы стараліся як мага паўней захаваць прыроду. Будынкі ставілі так, каб яны гарманізавалі з ёй, замест аднаго ссечанага кусціка садзілі два-тры ў іншым месцы. У мяне, ведаеце, ніколі не было звычкі ісці па лесе і збіваць кіем грыб, кусцік травы, нават павуцінку, што пераліваецца ў расе. Усялякае жывое дыханне славіць Бога, і ўсяму жывому баліць: дрэву, калі сякуць яго, траве, калі скошваюць, а што ўжо казаць пра птушку ці звера.
— Гэтаму ж акурат вучыць і хрысціянская вера?
— Адзін айцец царквы, яе падзвіжнік і пустэльнік, кажа: я ў жыцці ведаю дзве кнігі — гэта Свяшчэннае Пісанне і Прырода. Узяць жыціе святых — яны шукалі месца адасаблення сярод прыроды і не ўмешваліся, не ўрываліся ў яе, а прыстасоўваліся і аберагалі, пераймалі дабрадзействы. Святая велікамучаніца Варвара прыйшла да Бога праз прыроду. Захаплялася ёю і задавала сабе пытанне: нехта ж увесь гэты цуд стварыў — так разумна і мудра?.. Рух прыроды адбываецца паводле духоўных законаў, і той, хто стварыў яе, яшчэ больш цудоўны і міласэрны. Колькі ў Пісанні ёсць прыкладаў, калі прырода схіляецца з глыбокай пашанай перад чалавекам як перад вобразам і падабенствам Божым! Так і людзі павінны адносіцца да яе як да тварэння Усявышняга.
— Хто з братоў нашых меншых аблюбаваў гэты шчодры і прыгожы куток?
— Вавёрак шмат, зайцы, лісіцы, куніца ёсць. Мноства ўсемагчымых птушак. Чуеце, дзяцел зараз стукае, лечыць дрэва? Совы пачалі сяліцца. Сойкі, шчыглы, сініцы, зімою снегіры — усё гэта нашы добрыя суседзі, дакладней, сям’я наша агульная. Апрача таго, свойскіх жывёл трымаем, пчолаў.
— Айцец Серафім, абвергніце або пацвердзіце людскую чутку: святую мясціну вараннё, маўляў, пакінула з-за таго, каб не парушаць яе ціхамірнасць…
— Варонаў было багата. Людзі часам прыкрываліся цыратаю, каб не запэцкацца пад іх шматлікімі гнёздамі. Чаму птушкі “выселіліся”, прычына, думаю, простая: куніца паявілася, суседства з якою яны не церпяць, баяцца, мусіць жа. Што цікава. Быў я сведкам, як вароны ўскружыліся, адлятаючы. Адна не хацела ляцець. Ці была хворая. Дык астатнія па галінцы раскідалі гняздо, і ёй нічога не заставалася, як паляцець за імі. Чарада паклапацілася пра яе, не пакінула ў бядзе. І яшчэ адна дабрадзейнасць вароны, як і пчалы ці мурашкі, — працавітасць. Так што ёсць чаму павучыцца. А святому месцу яны не перашкода, не варта нічога перабольшваць.
— На манастырскай тэрыторыі ёсць пладовы сад. Ці любіце бываць у ім, даглядаць?
— Люблю даглядаць, лячыць. Навучыўся гэтаму,  калі быў на послуху ў Жыровічах, у старога манаха Пахомія. Ён працаваў у садзе і на пчальніку. Чамусьці з усіх братоў манастыра выбраў мяне ў памочнікі. Умеў перадаць свае веды і навык. Але часта карыстацца імі зараз не маю часу: выконваю абавязкі святара не толькі тут… З гэтай прычыны, між іншым, не займаюся ў апошнія гады жывапісам, якому трэба аддаваць не менш як дзве гадзіны штодня.
— Прырода, вядома ж, змянілася цяпер, стала больш чуллівай, далікатнай. Пакутуе, бо парушылася гармонія, у чым вінаваты чалавек. Нельга забіраць ад яе ўсё, рабіць жабрачкаю. Але я не думаю, што яна помсціць, проста вучыць, як няможна нам абыходзіцца з ёю. Адсюль і пажаданні. Адчуваць, любіць, аберагаць прыроду. Умець карыстацца ёю і аддаваць ёй: мусіў ссекчы дрэва — пасадзі два-тры. Не дапускаць спажывецкіх адносін, яна ж далёка не бяздонная бочка. Памятаць ужо згаданыя залатыя словы: ёсць дзве кнігі жыцця — Свяшчэннае Пісанне і Прырода.
Гутарыў Алесь КАСКО.
Фота Аляксея Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Вялікі дзякуй за гэты артыкул! Я таксама сустракалася з айцом Серафімам… Скажу толькі адно: ён, сапраўды, чалавек, акрылены Богам, ён бачыць будучыню і адчувае людей… Добры старац, дарадчык, а натхняе яго ікона, дакладней Маці Божая з іконы Чэнстахоўская. Шмат чула ад знаёмых пра цуды ад гэтай іконы… Айцец Серафім — на сваім месцы, прызначаным яму Богам, ля гэтай цудатворнай іконы… Вялікі дзякуй за гэты цудоўны здымак айца Серафіма! Поспяхаў Вам і шчасця!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top