«Працую з людзьмі, яны самае дарагое для мяне»

«Працую з людзьмі, яны самае дарагое для мяне»

Як паведамляла раённая газета “Сельская праўда”, у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2011” дырэктар Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Раіса Мышкавец перамагла ў намінацыі “За дабрачыннасць і міласэрнасць” і была ўзнагароджана Дыпломам І ступені Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Беларускі саюз жанчын” і падарункам.
А 23 сакавіка яна была сярод прэтэндэнтаў на перамогу ў чацвёртым рэспубліканскім конкурсе, які праходзіў у сталіцы Беларусі. Сёння Раіса Макараўна госць нашай газеты, дзеліцца сваімі ўражаннямі аб прайшоўшых мерапрыемстваў.
— Калі мне прапанавалі ўдзельнічаць у абласным этапе конкурсу “Жанчына года-2011”, я задумалася: “А ці маю на гэта права”. Пэўны час вагалася, а потым пагадзілася, пачалася карпатлівая праца над падрыхтоўкай матэрыялаў, якія б грунтоўна расказалі пра мой жыццёвы шлях і работу Цэнтра, спецыялісты якога іншым нясуць душэўнае цяпло, дабро, паразуменне, а парою для адзінокіх, фізічна аслабленых людзей сталага веку робяцца радней родных. І сапраўды альбом-скарбонка атрымаўся важкім на добрыя справы, што адбыліся ў жыццядзейнасці нашага калектыву. Мой жыццёвы дэвіз “Иди, мой друг всегда, иди дорогою добра», якога я прытрымліваюся з маладосці і да цяперашняга часу. Прашу жыць паводле яго і спецыялістаў, якія прыходзяць у наш калектыў. Дарэчы, большасць з іх чулыя, зычлівыя, спагадлівя людзі да тых, хто трапіў у складаныя жыццёвыя і псіхалагічныя сітуацыі. Ад таго на рахунку калектыву шмат добрых спраў, таму што жабінкаўскія сацыяльныя работнікі доўно сталі надзейнымі сябрамі і шчырымі дарадцамі для тых, хто прыкаваны сёння да пасцелі, пазбаўлены магчымасці рухацца, бачыць, як вакол шуміць і квітнее наваколле, сустракаюцца са сваімі блізкімі. Прафесійныя і чалавечыя справы маіх калег і мае асабістыя заўважаны ў вобласці і адзначаны дыпломам І ступені. Мая ўзнагарода, лічу, па праву належыць і ім.
А цяпер колькі слоў пра рэспубліканскі этап конкурсу, што праходзіў у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” Мінска, дзе я была ў складзе дэлегацыі намінантак ад Брэстчыны. На чале яе была старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Арабей.
Дарэчы, прэтэндэнтамі на перамогу ў 11 намінацыях у рэспубліцы сталі 56 удзельніц: яны працуюць і гадуюць дзетак, любяць жыццё, паважаюць тых, хто вакол іх, дапамагаюць ім у цяжкую хвіліну… Тут, у Мінску, я трапіла ў казку, урачыстую, прыгожую, з прыемнымі і шчырымі размовамі. А пачалася яна з верша за кадрам пра чараўніцу нашага жыцця — жанчыну, які чытала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Потым былі выступленні старшыні ГА “Беларускі саюз жанчын”, старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Надзеі Ермаковай і старшыні журы конкурсу “Жанчына года-2011” Антаніны Моравай, якія выказалі меркаванні, што конкурс цікавы, у ім прадстаўлены найлепшыя з жанчын краіны, а таму рашэнні трымаліся журы ў гарачых спрэчках.
На экране праходзіла своеасаблівае кароценькае кіно пра кожную з прэтэндэнтак у той ці іншай намінацыі, адкрываўся канверт і называлася імя пераможцы. Берасцейскія жанчыны названы лепшыя ў намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва” і “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства”. Імі сталі дырэктар ААТ “Даманаўскі вытворча-гандлёвы камбінат” Івацэвіцкага раёна Святлана Масюк і дырэктар Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна Галіна Сцепанюк.
Для кожнай намінанткі спявалі беларускія артысты.
Не магу не сказаць яшчэ пра такія моманты сапраўды прыгожага свята: мне давялося сядзець за адным столікам з тымі, хто журы названы жанчынамі-легендамі — салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, народная артыстка Беларусі Наталля Гайда; доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Любоў Хатылёва; актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Марыя Захарэвіч. І яшчэ адзін штрых: усе прэтэндэнткі ішлі па чырвонай дывановай дарожцы. Гэта так урачыста і чароўна, нібы артысты на фестывалі ў Канах.
Аднак светлая і прыгожая ўрачыстасць закончылася: кожная з нас прывезла дадому прыемныя ўспаміны ад зносін са сваімі суайчынніцамі, якія здольныя на розныя подзвігі дзеля людзей, краіны ў цэлым.
Запісала Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top