Паэту Івану Арабейку — 70


Іван Сяргеевіч Арабейка нарадзіўся 26 сакавіка 1942 года ў в.Хмелева, дзе прайшло яго дзяцінства і дзе паэт напісаў першыя вершы. Родны край, маці, сябры, каханне — нязменныя крыніцы ягонай лірыкі, вобразнай і напеўнай, па-спавядальнаму шчырай і глыбокай. Зборнікі І.Арабейкі “Услед за сонцам” і “Асенні ранак” выйшлі даўно, але добра памятаюцца аматарам паэзіі. Прыемна і тое, што паэтава муза пасля працяглага маўчання спявае зноў і радуе чытачоў газет, часопісаў, альманахаў. Вітаем Івана Сяргеевіча ў юбілей і з нецярплівасцю чакаем новую кніжку, якую ён рыхтуе, жывучы цяпер у в.Жыцін. Здароўя і плёну, паэт!

Запавет
Бягу валёнкі аббіваць.
Шчэ топяць печ — на вокнах золата.
Праз калаўротны спеў чуваць:
— Не напускай у хату холаду.

Як гэта многа — жыць, любіць,
З прахожым першым паздароўкацца,
Суседа словам зачапіць, —
Для сэрца ж не бывае дробязяў.

Цяпло, спагады пачуццё, —
Я гэта ўсё засвоіў змоладу.
Як запавет на ўсё жыццё:
— Не напускай у хату холаду.

Хутчэй жа дзверы прычыняй.
З тугою нейкай лебядзінаю
Перад табою гэты край
Стаіць адчыненай хацінаю.

Сакавік
Піла пад вечар густа жахае.
На снезе цені, цішыня.
Чырвонай трэсачкай на захадзе
Гарыць, палае палазня.

Зямля дрымотна сокі рухае.
Ты прыпыніся, пот сатры.
Сякера стукне ў сук ды слухае,
Як рэха ёкае ў бары.

І кожны дзень, як конь распрэжаны.
Якія далечы ў каня!
Вярхі далёкіх дрэў мярэжаны
Гарластым граем варання.

Прамёрзнуць лужы ўночы досуха, —
І пад падэшвай лёд пяе.
Дадому кот прыходзіць досвіткам
Ды ўсё расол халодны п’е.

Маці
Я помню цябе, мама дарагая.
Я ўнукам пра цябе ўсё раскажу.
Хіба ж даўно было: я прыбягаю
Снапы хутчэй выносіць на мяжу.

Спяшаліся мы. Сонейка сядала
Барвовае, як сечаны бурак.
Ты сноп важкі на бабку надзявала,
Як вышыты калоссем андарак.

Калі ты гаварыла мне пра стому,
Хацелася яшчэ чым памагчы.
І я тады хоць серп твой нёс дадому,
Як беркута на вузенькім плячы.

***
Поўдзень. Дымок. Аднапутка.
Кругам ідзе галава.
Белая, белая будка,
Як над вадою царква.

Мераць бы даль гэту вокам —
Долі не трэба другой.
Недзе далёка-далёка
Неба  сышлося з зямлёй.

І ні душы, нікагутка.
Толькі раўніна звініць.
Толькі дзяўчо каля будкі,
Як незабудка, стаіць.

Мо падысці для размовы.
Вочы здалёк, як агні.
…Раптам гарачыя словы
Свістам разрэжа цягнік.

Асенні ранак
Усход, як хлопчык разрумянены,
Шчэ спаў, уткнуўшыся ў туман.
Мы йшлі ў грыбы ранютка-раненька
У ціш нагледжаных палян.

Святлей, чым днём, было ў бярэзніку.
Танулі ў верасе кашы.
Ты тут шаптала мне гарэзліва:
— Пра гэта месца не кажы.

У сыраежцы ціхай скалачкай
Іграўся згублены прамень.
Я клікаў даль. Не адклікалася
Ні ты, ні птаства, ні глухмень.

І толькі дзесь з працяжным голасам,
Твае шукаючы сляды,
Ад лесу рэха адкалолася
І стала песняй назаўжды.

***
Мая віна, мая бяда,
І лёс адсюль такі нязвычны,
Што я за марай гнаўся ўдаль,
Забыўшы явы голас зычны.

Дзе трэба думаць, я спяшаў.
Дзе йшло на лад — я мудрагеліў.
Надзеямі жыла душа,
А сталася — маной і хмелем.

Святлелі дні ад перамог.
Дужэлі рукі ад работы.
Я ж так адолець і не змог
Будзённы круг кругазвароту.

І ў тым бяда, і ў тым віна,
Што я шукаў канца ў бясконцым,
Што ў лужы бачыў толькі сонца,
Не разглядзеўшы слоты, дна.

І хоць скачы тут, хоць ты плач, —
Я жыў — і нельга перайначыць.
І прарастала зерне ўдач
На чорных скібінах няўдачы.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*