ААТ “Хмелева” — 70!

ААТ “Хмелева” — 70!

Матэрыялы падрыхтаваны Анатолем БЕНЗЯРУКОМ і Дар’яй НІКАНЧУК. Фота Дар’і НІКАНЧУК.

Ад “сувораўцаў” да “хмелеўцаў”

Старонкі гісторыі

На землях сучаснага ААТ “Хмелева” калектывізацыя пачалася летам 1949 года. Яна праходзіла ў складаных умовах. Людзі дасюль памятаюць лёс актывісткі Марфы Засімук, забітай бандытамі за тое, што заклікала землякоў уступаць у калгас. І ўсё ж насуперак усялякім перашкодам сельгасарцелі ўзніклі практычна ў кожнай вёсцы. Калгас у Хмелеве атрымаў імя Суворава. Адбылося гэта 14 чэрвеня 1949 года. З гэтага дня і вядуць хмелеўцы гісторыю сваёй гаспадаркі.
Яе ўзначалілі былыя падпольшчыкі, што змагаліся падчас вайны з акупантамі, а пасля вызвалення агітавалі за “супольную працу ў агульнай сялянскай сям’і”. Пагэтаму першым старшынёй стаў Пётр Гардзеевіч Арабейка, бухгалтарам — Даніла Міхайлавіч Казлоўскі.
Праца была тады цяжкай, немеханізаванай. Толькі праз два гады гаспадарцы перадалі трактар, а ў 1954-м — першы грузавік-“трохтонку”.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя дробныя калгасы пачалі ўзбуйняць. “Сувораўцы” не засталіся ўбаку ад гэтага і аб’ядналіся з “калінінцамі” (жыхарамі Рачак, Рудкі, Сакалова, Сакаў і Селішчаў) у адзіны калгас “Зара”.
З 1963 года гаспадарка насіла назву “Радзіма”. Сярод яго кіраўнікоў вылучым Віктара Мікалаевіча Сыча, Сцяпана Наркісавіча Антановіча, сённяшняга дырэктара Барыса Уласавіча Парафенюка.

Перыяд аб’яднання завяршыўся ў 2011 го-дзе, калі да хмелеўскага сельгаспрапрыемства далучылася СВК “Падлессе-Агра” (колішнія “Запаветы Ільіча”). Пры гэтым звязаліся паміж сабой не толькі працаўнікі, землі, тэхніка дзвюх гаспадарак. У адзінае цэлае злучылася і іх гістарычнае мінулае. Таму з гонарам прыгадваюць у сённяшнім адкрытым акцыянерным таварыстве прозвішчы ардэнаносцаў, уганараваных за сваю руплівую працу.
Бясспрэчна, найбольш яркія зоркі — механізатар Мікалай Ясінскі (на здымку) і свінарка Ніна Ульяніцкая.
Мікалай Несцеравіч — адзіны ў Жабінкаўскім раёне поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы (нагадаем, такія асобы і зараз прыраўніваюцца да Герояў Сацыялістычнай Працы). Выдатны руплівец з Падлесся шмат разоў станавіўся пераможцам на жніве, атрымаўшы ганаровае званне Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларускай ССР.
Ніна Варфаламееўна, са свайго боку, абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Пры гэтым заканадаўчая дзейнасць не перашкаджала ёй дасягаць сапраўды адметных вынікаў у працы. У 60-х — 70-х гадах мінулага веку яе поспехі ў свінаводстве былі адзначаны найвышэйшай узнагародай Савецкай краіны — ордэнам Леніна, меўся ў скарбонцы руплівіцы і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Выдатныя дасягненні яшчэ 20 работнікаў сельскагаспадарчай галіны з Падлесся і Хмелева выліліся, так бы мовіць, у метал дзяржаўных узнагарод, калі станавіліся яны кавалерамі ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Дружбы Народаў”, “Знак Пашаны”.
Таму сённяшняе пакаленне працаўнікоў ААТ “Хмелева” — прамыя прадаўжальнікі слаўных традыцый, закладзеных на працягу сямі дзясяткаў гадоў.

На здымку: кіраўнік гаспадаркі Барыс Парафянюк з механізатарамі і вадзіцелямі Мікалаем Марынічам, Дзмітрыем Ляшко, Аляксандрам Бобрыкам, Іванам Андрасюком і Віктарам Жучыкам на жніўным полі.

 

Поспехі прыносяць людзі

Зразумела, што самы вялікі скарб гаспадаркі — гэта яе адказныя і старанныя работнікі. Яны заўжды ў справах, таму і прыйшлося “лавіць” іх на працоўных месцах. Пабывалі на палях, з’ездзілі на ферму, пагутарылі з маладым пакаленнем.

Рупліўцы палёў

Карціна перад вачыма вельмі прыгожая! Грацыёзныя буслы паважна расхаджваюць па палетках, быццам правяраюць якасць работы корманарыхтоўшчыкаў, па наваколлі разносіцца гучны “голас” тэхнікі, а нос казыча непаўторны пах свежаскошанай травы… Ідзе “зялёнае жніво”. У ім заняты вопытныя механізатары і вадзіцелі, якімі ганарыцца сельгаспрадпрыемства. Ну, давайце знаёміцца — тут усе акурат перадавікі!
Ужо 40 гадоў шчыруе ў гаспадарцы вадзіцель Віктар Жучык, хутка дагоніць яго калега Міка-лай Марыніч, які яшчэ ў 1982-м прыйшоў сюды на працу. Мікалай Сямёнавіч ужо шэсць разоў быў адзначаны ўзнагародамі на абласным узроўні.
Дзеля размовы з журна-лістамі спыняюць на некаторы час тэхніку і механізатары. Прыклад для іншых — Іван Андрасюк, які каля 30 гадоў прысвяціў роднай гаспадарцы. Дарэчы, тут шчыравалі і яго бацькі, а Іван Іванавіч прадоўжыў іх справу. Працавалі ў “Хмелеве” і бацькі Аляксандра Бобрыка. Тата быў вадзіцелем, а мама — эканамістам. Ён дэманструе, як хуценька спраўляецца з задачай упакоўшчык рулонаў сенажу, на якім зараз працуе механізатар.
Безумоўна, з сучаснай тэхнікай стала лепш і прасцей, але ж усё роўна не абысціся без добрых спецыялістаў. Усміхаецца нам Дзмітрый Ляшко, які вельмі любіць сваю справу. Летась ён заваяваў трэцяе месца ў вобласці па нарыхтоўцы кармоў.
Бачыце, тут каго не вазьмі — усе з узнагародамі! А хутка — уборачная, якая прынясе не толькі шмат клопатаў, але і новыя прафесійныя дасягненні.

Малочныя рэкі

Свежымі травянымі кармамі ўзмацняюць рацы-ёны буйной рагатай жывёлы на фермах, каб гэтыя рэкі цяклі яшчэ шырэй! Малаку ў гаспадарцы асобая пашана, бо яно прыносіць асноўную выручку. Давайце завітаем на МТФ “Рудка”, дзе ўтрымліваецца 1200 галоў, а удой на адну карову складае 6644 кг.
Сустракаюць аператары машыннага даення Лю-дміла Славінская і Людмі-ла Чмуневіч. Першая ўжо 20 гадоў працуе ў сельгасарганізацыі, тут жа жывёлаводам рупіцца і яе сястра Алена. Другая Людміла сёлета адзначыць больш сур’ёзны юбілей — 35 гадоў прафесійнага стажу. За гэты час жанчына выконвала розныя работы, але заўжды адказна і сумленна, таму з’яўляецца шаноўным чалавекам у раёне. З веданнем справы суразмоўніцы расказваюць пра свае абавязкі, звяр-таюць увагу на ўсе аса-блівасці — ох, гэта ж цэлая навука!
Цялятак ужо 19 гадоў даглядае Таццяна Філатава. Першыя два месяцы жыцця малыя атулены яе ўвагай і клопатам. Жанчына адразу знаёміць са сваімі дапытлівымі “выхаванцамі”.
Ёсць тут і зусім маладыя кадры. Пакуль толькі адзін год працуе Аляксей Косач, ён першы памочнік загадчыка фермай. Як кажуць, маладым — усюды ў нас дарога, таму яшчэ колькі слоў пра моладзь, якая шчыруе ў “Хмелеве”.

Надзея гаспадаркі

Яны — надзея гаспадаркі, за імі будучыня. Маладых работнікаў тут хапае, прычым, у розных сферах. Вось, напрыклад, сям’я Цімафея і Вольгі Посахавых, якія разам рупяцца ў таварыстве. Ён — загадчыкам на цэнтральным складзе, яна — бухгалтарам. Самі з Жабінкі, першай сюды пасля заканчэння каледжа бізнесу і права размеркавалася Вольга, а за ёй у Хмелева перабраўся і Цімафей, які атрымаў адукацыю ў Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Маладая сям’я мае тут уласнае жыллё, пакідаць вёску не збіраецца. У Хмелеве ў іх нарадзіўся сыночак Акім. Займелі і невялічкі агарод, на якім завіхаюцца ў вольны час, і не мараць ні пра якія мегаполісы. Бо гэты куточак дарагі сэрцу, і людзі тут добрыя.
Яшчэ адна маладая сям’я нават утварылася на вачах калег. Гэта Сяргей і Таццяна Куратнікі. Таццяна, яшчэ будучы студэнт-кай сельгасакадэміі, вырашыла, што хоча працаваць у Хмелеве. Тут праходзіла практыку, сюда вярнулася маладым спецыялістам намеснікам галоўнага бухгалтара. Яна вельмі ўдзячная Тамары Лушч, якая дзялілася вопытам і ўсяму вучыла маладую калегу. Зараз Таццяна ўжо сама галоўны бухгалтар, разам з ёй у камандзе — сем чалавек. Муж Сяргей скончыў аграрна-вытворчы ліцэй у Драгічыне, працуе вадзіцелем. Маладыя людзі ўдзячны роднай гаспадарцы за дапамогу і падтрымку, зараз чакаюць свой домік, каб надоўга пусціць карані ў Хмелеве. І яны ў горад не хочуць, жыць падабаецца ў вёсцы, дзе спакой, утульнасць і хараство прыроды.

 

Да росквіту і дабрабыту

Інтэрв’ю з дырэктарам ААТ “Хмелева”
Барысам ПАРАФЕНЮКОМ

— Барыс Уласавіч, учора святкавалася 70-годдзе ААТ “Хмелева”, а праз тыдзень і ваша ўласная круглая дата: роўна 20 гадоў, як вы ўзначалілі родную гаспадарку. Якія, на ваш погляд, найбольшыя змены адбыліся за гэты час?
— Дык перад тым, як стаць кіраўніком у Хмелеве, яшчэ ж амаль два дзясяткі гадоў (пасля Гродзенскага сельгасінстытута) быў аграномам у “Запаветах Ільіча”. Такім чынам, на круг хутка 40 год набярэцца, прысвечаных калектыўнай працы. Так, 22 чэрвеня 1999-га стаў старшынёй у тагачаснай “Радзіме”. Перыяд быў надзвычай няпросты. Наш калгас знаходзіўся першым у чарзе ў раёне на расфарміраванне. Мне, тады яшчэ маладому, 42-гадоваму кіраўніку, было зразумела: каб выправіць становішча, давядзецца і самому працаваць не пакладаючы рук, і падобнай аддачы патрабаваць ад іншых. А для гэтага неабходныя вытворчыя тэхналогіі, дысцыпліна, жаданне зразумець праблемы і вырашаць іх супольна. Сёння, праз гады, скажу так: мне не сорамна людзям у вочы глядзець, бо наша сельгаставарыства — фінансава ўстойлівая арганізацыя (прыбыткі за мінулы год склалі 567 тысяч рублёў). Мы здолелі перажыць усе нягоды і спраўна рухаемся далей.
Калі зусім коратка акрэсліць наш шлях: пачыналі даіць, трымаючы рагуляў на ланцугу, як тое яшчэ дзяды-прадзеды рабілі, а цяпер пабачыце нашы сучасныя даільныя залы ды ўсё зразумееце. Увогуле, малако — наша аснова (маем 117 % да леташняга ўзроўню, пры гэтым 100 % — “экстра”). Больш за 60 % выручкі гаспадарка зарабляе менавіта на малацэ, якое з ахвотай прымаюць на “Савушкавым прадукце”.
— Вядома, поспехі любога прадпрыемства не сыплюцца з неба, іх ствараюць добрыя працаўнікі. Назавіце, калі ласка, вяскоўцаў, якімі ганарацца ў ААТ “Хмелева”?
— Раблю гэта з задавальненнем. Найперш хочацца пералічыць тых, хто ўжо не адзін дзясятак гадоў прысвяціў гаспадарцы і цяпер працягвае шчыраваць у нашым адкрытым акцыянерным таварыстве. Калі ўжо згадалі пра малочную вытворчасць, назаву аператараў машыннага даення Любоў Кавальчук, Валянціну Хоміч, Алену Шкур-дзей, цялятніц Вольгу Кунашка, Людмілу Андрасюк, Ніну Міцкевіч, Ірыну Сянькевіч. Нельга не прыгадаць і тых, хто шчыруе ў полі. Гэта механізатары Дзмітрый Ляшко і Віктар Чаквін, Іван Андрасюк і Міхаіл Залатароў, вадзіцелі Мікалай Марыніч, Віктар Жучык, Сяргей Хвясюк. Ды што казаць, кожны са 190 працаўнікоў уносіць належную лепту ў агульную справу.
— Якую дапамогу аказвае таварыства вяскоўцам, у тым ліку навучальным, культурным установам?
— Калі ў гаспадарку звяртаюцца прадстаўнікі Хмелеўскай школы і Падлесскага дзіцячага сада, стараемся аказаць ім дапамогу. Бо разумеем, што там выхоўваюцца і вучацца дзеці нашых працаўнікоў. Тое ж самае і з нашымі таленавітымі артыстамі з “Дараносіцы” і “Хмелеўскіх валацуг”. Чым можам — дапамагаем, напрыклад, транспартам для канцэртаў. Быў выпадак, нават прыдбалі для іх бязправадны мікрафон. Яны вельмі дзякавалі, бо ў тыя часы далёка не кожны калектыў мог сабе дазволіць гэткую зручную рэч, а хмелеўцы ўжо займелі для выступленняў.
— Вядома ж, кожнаму патрэбны надзейны “тыл”, які забяспечваецца пад дахам роднай хаты. Ці адчуваеце сябе шчаслівым у сямейным жыцці?
— Як у працоўнай кніжцы, лічыце, адзін запіс, дык і ў пашпарце на старонцы, дзе пазначаецца шлюб, — таксама толькі адзін штампік (усміхаецца). Разам з Людмілай Іванаўнай вось ужо 37 гадоў. Вынікам гэтага шлюбу сталі дзве дачкі Оля і Алена, якія нарадзілі нам чатырох цудоўных унукаў — Арсенія, Кіру, Серафіма і Агнію. Растуць малыя бацькам сваім і нам на радасць. Бо найбольшае шчасце, калі і ў будзень, і ў святы цябе чакаюць родныя людзі.
— Барыс Уласавіч, што вы хочаце пажадаць хмелеўскім працаўнікам у юбілейны для іх год?
— Калі зусім лаканічна: здароўя, росквіту, дабрабыту. А яшчэ — дажджу. Мы ўсё зрабілі як належна: угнаенні ўнесены ў глебу ў дастаковай колькасці, пасеў і ўсе агранамічныя работы праведзены своечасова, без парушэнняў. Але спрадвеку сялянскія справы падуладныя капрызам надвор’я. Будзе яно літасцівым — споўняцца пажаданні: будуць і росквіт, і дабрабыт.

Popularity: 1%

Top