Жабінкаўскія інспектары ДАІ гасцявалі ў школьнікаў

Жабінкаўскія інспектары ДАІ гасцявалі ў школьнікаў


Сёлета ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Зрабі паездку бяспечнай!” Ракітніцкую адзінаццацігодку наведалі спецыялісты аддзялення ДАІ, якое ўзначальвае капітан міліцыі А.А.Мядзведзь. Каб высветліць, хто лепш падрыхтаваны да спаборніцтваў юных інспектароў дарожнага руху, што будзе праводзіцца ў красавіку, былі арганізаваны конкурсы, у якіх удзельнічалі вучні 1-8 класаў.

 

— Ракітніцкая школа выбрана для спаборніцтваў не выпадкова, — патлумачыў Андрэй Аляксандравіч. — Яе вучні вядомыя ў раёне як добрыя знаўцы Правілаў дарожнага руху, многія займаюцца пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры Віктара Цікумса ў гуртку юных інспектараў руху. Акрамя таго — паблізу хуткасная шаша, таму прафілактычнай рабоце ў Ракітніцы заўсёды надаецца асаблівая ўвага.
З цікавасцю супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі аглядалі дзіцячыя малюнкі, прысвечаныя правілам паводзін на дарозе. У конкурсе “Малюем дарогу”, што праводзіўся сярод вучняў малодшых класаў, перамаглі Маша Рабцэвіч, Антон Кузьміч, Валодзя Дранец, Яніна Баран і Максім Гадулька. Былі адзначаны і іншыя маленькія мастакі. Яны ўганараваны каштоўнымі падарункамі (прынамсі, спартыўнымі прыналежнасцямі). Акрамя таго першакласнікі атрымалі святлоадбіўныя элементы, што дазваляюць кожнаму пешаходу быць прыкметным на дарозе.
У гэты самы час васьмікласнікі высвятлялі, хто сярод іх з’яўляецца найлепшым “Знаўцам Правілаў дарожнага руху”. Так называўся конкурс, у якім патрабавалася адказаць на пытанні, звязаныя з паводзінамі пешаходаў і вадзіцеляў, найперш кіроўцаў веласіпедаў. Найбольш удумліва з рознымі дарожнымі сітуацыямі разабралася Таня Герасевіч, якая дапусціла толькі адну памылку. На другім і трэцім месцах — Вераніка Целянкевіч і Дзмітрый Мельнічук. Інспектары ДАІ асобна разгледзелі і прааналізавалі ўсе пытанні, якія былі незразумелыя дзецям.
Найбольшае захапленне ў школьнікаў выклікала спаборніцтва сярод навучэнцаў 5-7 класаў у фігурным ваджэнні веласіпедаў. Патрабавалася праехаць вельмі няпростую трасу, якую з найменшай колькасцю памылак асіліў далёка не кожны. Як і сярод знаўцаў дарожных правілаў, лепшымі тут былі дзяўчынкі: сямікласніца Валерыя Шарай і вучаніца 5 класа Настасся Баран, трохі ад іх адсталі хлопчыкі — шасцікласнік Максім Вялесік і пяцікласнік Раман Курапата. Веды і ўменні школьнікаў адзначаны падарункамі — тэніснымі ракеткамі, валейбольнымі і футбольнымі мячамі.


Галоўным вынікам дня, праведзенага разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў школе, на думку супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі сталі не толькі дарункі, здабытыя ў барацьбе, але й навыкі, патрэбныя для бяспекі ў складаных і вельмі адказных жыццёвых сітуацыях, на якія бывае багатай дарога.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час спаборніцтваў знаўцаў дарожнага руху ў Ракітніцкай СШ.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top