Аднолькавыя лёсы… на паперы

Аднолькавыя лёсы… на паперы

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

У цэнтры вёскі Арэпічы ёсць помнік, узведзены ў памяць пра воінаў-землякоў, што склалі галовы падчас Вялікай Айчыннай вайны. На пастаменце — дзве скульптуры: чырвонаармеец, якога праводзіць на фронт маладая жонка. Ля іх ног — шыльда з прозвішчамі загінулых аднавяскоўцаў. У гэтым мартыролагу даволі проста адшукаць двух Сушчэнкаў — Рамана ды Івана, бацьку і сына. Маюцца пра іх звесткі і ў раённай кнізе “Памяць”. Аднак і тут, на вялікі жаль, без казусу не абышлося…

АДШУКАЙЦЕ АДРОЗНЕННІ ў запісах, змешчаных на 334-й старонцы “гісторыка-дакументальнай хронікі”:
“Сушчэнка Іван Раманавіч… рад.; загінуў 16.03.1945; пахаваны ў г. Секешфехервар (Венгрыя)”.
“Сушчэнка Раман Міронавіч… рад.; загінуў 16.03.1945; пахаваны ў г. Секешфехервар (Венгрыя)”.
Правільна, розняцца толькі імёны і імёны па бацьку.
Аднак насамрэч лёсы падобныя толькі на паперы. Таму пазнаёмімся бліжэй з двума арэпічанамі, што не вярнуліся жывымі з Вялікай Айчыннай.
Першым у далёкі агнявы паход выправіўся старэйшы — Раман Міронавіч СУШЧЭНКА (1902–1945). У Арэпічах баец пакінуў 25-гадовую жонку Анастасію Еўдакімаўну з дзецьмі. Перад тым, як накіраваць навабранца на захад, Жабінкаўскі райваенкамат паслаў яго на ўсход — у вучэбку, размешчаную ў Чарнігаве. Бліжэй да новага года Раман Сушчэнка стаў шарагоўцам 204-га гвар-дзейскага стралковага палка 69-й стралковай дывізіі, якая пасля вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі перайшла венгерскую мяжу. У напружаных баях на возеры Балатан, пад горадам Секешфехервар, на вуліцах Будапешта склалі галовы многія савецкія афіцэры і салдаты, у іх ліку і наш герой. Адбылося гэта 16 сакавіка 1945 года. Баявыя сябры пахавалі яго ў магіле, вырытай паблізу шашы на ўскрайку Секешфехервара.
За месяц да бацькавай гібелі стаў пад ружжо ягоны сын Іван Раманавіч СУШЧЭНКА (1923–1945), прызваны Брэсцкім РВК.
Ваню ўжо давялося “падарожнічаць” па Заходняй Еўропе — у сорак другім у вагоне-“цялятніку”. У такіх “СВ” акупанты везлі маладых беларусаў на працу ў Германію. Вызвалены Чырвонай Арміяй, Іван толькі паспеў вярнуцца дамоў, як маці давялося праводзіць і сына на вайну. 2 красавіка 1945 года радавы Сушчэнка трапіў на ІІ Беларускі фронт. Праз тры дні з Бабруйску даслаў дамоў апошні ліст. Далейшы Іванаў лёс невядомы… Пасля вайны ў афіцыйных паперах побач з ягоным прозвішчам з’явіўся лаканічны надпіс: прапаў без вестак у маі 45-га.
…Гарадок мае няпростае для вымаўлення імя — Секешфехервар. Хоць сэнс назвы просты: “Прастольны белы замак”. Так, некалі ён быў старажытнай сталіцай Венгрыі. Сюды прыязджалі новыя каралі, каб ускласці на галаву залатую карону святога Іштвана, які знайшоў апошні свой спачын у мясцовым саборы побач з іншымі венгерскімі манархамі. Каб паглядзець на каралеўскія дамавіны, штогод сюды прыязджаюць тысячы і тысячы турыстаў. Іх кліча тысячагадовае мінулае. Іншых, хто памятае гісторыю апошніх дзесяцігоддзяў, прыцягваюць пахаванні герояў мінулай вайны. Яны, вызваліцелі, вартыя сапраўды каралеўскага ўшанавання.
На здымку: вёска Арэпічы, помнік землякам, што не вярнуліся з вайны.

Popularity: 1%

Top