Чвэрць веку напоўненыя сяброўствам і актыўнасцю

Гэтым днём зала цукровазаводскага клуба была аддадзена ім, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, тым, хто адраджаў народндую гаспадарку пасля ваеннай разрухі, многія дзясяткі гадоў свайго жыцця аддаў навучанню і выхаванню юных жабінкаўцаў, клапаціўся пра здароўе гараджан і вяскоўцаў, варыў цукар не толькі для свайго рэгіёну, а й для блізкага і далёкага замежжа, вырошчваў хлеб, узводзіў бальніцы, дамы культуры і адпачынку, дабротнае і ўтульнае жыллё, быў на кіруючых пасадах у раёне… Працоўная сцяжынка звяла мяне з многімі. Хоць першыя сустрэчы, у якіх, канечне, быў прафесійны працяг, адбыліся так даўно, але яны ў памяці і цяпер. Прыемна было ўбачыць іх праз столькі гадоў зноў, пасталелых, узмужнелых, з ацэньваючым паглядам, у некаторых адчувалася засмучанасць, змучанасць… Аднак пры поціскку рук усё гэта міжволі знікала, пачыналіся ўспаміны пра былое, сумесную працу, жыццёвыя змены… Як і не было тых разлук з былым старшынёй райвыканкама, пазней начальнікам аддзела працы і сацыяльнай абароны райвыканкама В.І.Рай, генеральным дырэктарам і галоўным інжынерам цукровага завода Г.І.Вялько і І.Л.Шастаком, намеснікам дырэкатара камбікормавага завода Н.Г.Гутар, галоўным аграномам калгаса “Беларусь” (цяпер ПУАП “Азяты”) Т.А.Рагалевіч, інжынерам аддзела забеспячэння ПМК-10 І.М.Маёравай, педагогамі школы-інтэрната В.П.Мандрэнка і Р.М.Маргевіч, іншымі, у якіх за многія гады працы побач з імі, як карэспандэнту, давялося неаднойчы браць інтэрв’ю, каб расказаць на раённым радыё ці ў газеце “Сельская праўда” пра жыццё ў працоўных калектывах.


Цяпер усе яны сабраліся на раённы ўрачысты сход з нагоды 25-годдзя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, які адкрыў старшыня раённага савета ветэранаў В.М.Шышчыц. Ён зазначыў, што ў вытокаў гэтага грамадскага аб’яднання былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, засталося ўжо толькі 63 чалавекі. Цяпер у раённай арганізацыі найбольш ветэранаў мірнай працы — 5560 жабінкаўцаў.
Урачысты сход адкрыты і слова для віншавання бярэ старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк, які сказаў: “Ветэранскія арганізацыі дапамагаюць мясцовым дзяржаўным органам улады ў сацыяльнай абароне пенсіянераў, адзінокіх, удзельнічаюць у абследаванні іх жыллёва-бытавых умоў, падказваюць каму патрэбная дапамога і якая. Уплываюць ветэраны на фарміраванне грамадзянскага светапогляду моладзі і найперш школьнікаў, значны ўнёсак іх ёсць у патрыятычным і інтэрнацыянальным выхаванні маладога пакалення. Яны выступаюць на школьных вечарынах, кіналекторыях, інфармацыйных гадзінах. А яшчэ людзі шаноўнага ўзросту клапоцяцца пра ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны. Ад раённага савета ветэранаў пастаянна зыходзіць ініцыятыва, паступаюць канкрэтныя прапановы для зхавання, добраўпарадкавання і ўдасканалення помнікаў, збудавання новых”.


У прывітальным слове Сяргей Васільевіч таксама адзначыў, што ветэраны з’яўляюцца адданымі патрыётамі сваёй Радзімы і займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. У прыватнасці адзначалася актыўнасць і энергія Васіля Міхайлавіча Шышчыца, які з сакавіка 1989 года з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі. Уладзімір Харытонавіч Саўчук пастаянны ўдзельнік раённых мерапрыемстваў, а хор ветэранаў “Тонус”, якім кіруе Людміла Васільеўна Дошчык, вядомы далёка за межамі раёна.
А яшчэ старшыня райсавета дэпутатаў падзякаваў усіх ветэранаў, якія сваёй працай стваралі ўсё тое, што цяпер дапамагае камфортна жыць і працаваць.
Старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц нагадаў пра асноўныя этапы ўтварэння і станаўлення ветэранскіх арганізацый, успомніў тых, хто стаяў у вытокаў руху, хто прыйшоў ім на змену і цяпер узначальвае пярвічкі.
— Пачатак ветэранскаму руху быў пакладзены ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя, — сказаў ён. — З ініцыятывы былых франтавікоў сталі стварацца арганізацыі ветэранаў вайны вайсковых злучэнняў і часцей. Пазней ствараюцца рэспубліканскія, абласныя, гарадскія і раённыя. Жабінкаўская раённая суполка, якая аб’яднала 1200 былых франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, узнікла ў маі 1985 года. На ўстаноўчай канферэнцыі выбралі савет з дзевяці чалавек на чале з П.І.Чаргінцом — старшынёй, А.А.Мацура — намеснікам і В.Я.Цімашук — сакратаром.
Васіль Міхайлавіч узгадаў, якая работа праводзілася ветэранамі на Жабінкаўшчыне, аб далучэнні да іх пенсіянераў мірнай працы 18 лютага 1987 года, што і лічыцца афіцыйнай датай стварэння раённай арганізацыі, назваў тых, хто ў розныя гады ўзначальваў яе.
Наступным этапам у ветэранскім руху, адзначалася ў дакладзе, было стварэнне пярвічак. Узніклі яны ў дыстанцыі пуці, на цукровым і торфабрыкетным заводах, у калгасах і саўгасах, у горадзе — усяго 16. Пазней таксама працягваецца гэтая праца. Цяпер на Жабінкаўшчыне, напрыклад, 30 ветэранскіх суполак, у якіх ветэраны вайны, тылавікі, працоўныя пенсіянеры, афіцэры арміі, праваахоўных органаў.
Выступоўца расказаў чым было напоўнена жыццё старэйшага пакалення ўсе гэтыя 25 гадоў. У прыватнасці, адбылося 7 справаздачна-выбарных канферэнцый, а галоўнай задачай раённай арганізацыі былі і застаюцца абарона правоў і сацыяльных гарантый ветэранаў, пенсіянераў, актыўны ўдзел іх у грамадскім жыцці раёна, у маральным і патрыятычным выхаванні моладзі і арганізацыі культурнага адпачынку саміх людзей шаноўнага ўзросту…
Думкамі на сходзе падзяліліся члены прэзідыума райсавета ветэранаў У.Х.Саўчук і В.М.Гардзейчык, а затым узнагароджваліся самыя актыўныя ветэраны. Гэта былі Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў ад абласнога і раённага саветаў ветэранаў, Пісьмы падзякі райвыканкама, каштоўныя падарункі ад райкамаў прафсаюза работнікаў АПК і аддзела адукацыі і навукі, ад калектываў райспажыўтаварыства і райбыткамбіната.
Прозвішчы некаторых з іх былі апублікаваны ўжо ў газеце. Дапоўнім спіс наступнымі актывістамі, уганараванымі на сходзе. Гэта А.В.Жук, Р.В.Сянчук, З.Ф.Фёдарава, І.Л.Шастак, М.Д.Яроцкі, Р.М.Маргевіч, Я.В.Сасноўская, В.П.Федзюковіч, Г.М.Адамік, У.Х.Саўчук, А.Ф.Крыўчэня, В.М.Струк, І.І.Пішчук, Л.С.Яхалкоўская, Б.Б.Кавальчук.
Завяршыўся сход сустрэчай за сталом, які накрылі для ветэрааў цукравікі. Тут працягвалася зацікаўленая размова пра былыя і сённяшнія дні ветэранаў Жабінкаўшчыны.
Людміла КОСЦІНА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*