Маленькім — вялікае свята

Маленькім — вялікае свята

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
Дарослыя шчыруюць, каб дзеці жылі ў радасці, сустракаліся са святам нават у будні. Серада, 5 чэрвеня, многім запомніцца ў Якаўчыцах, як дзень, калі ў цэнтры аграгарадка запрацавала дзіцячая гульнёвая пляцоўка, якую спрытна асвойвалі юныя гаспадары.
ДЗЕНЬ, НАПОЎНЕНЫ сонцам, гарачынёй і блакітам яркага лета, найлепшым чынам падыходзіў для святочнай урачыстасці.
Да дзяцей і дарослых з прывітальным словам звярнуўся старшыня райвыканкама Віталь Кулак. Ён нагадаў: сёлетні год у Беларусі — у шэрагу гадоў, прысвечаных малой радзіме, а таму і сённяшні падарунак маленькім — унёсак у вялікую справу клопату пра наш самабытны край. Гэта першы крок, за ім будуць новыя. Прынамсі, жыхары Вялікіх Якаўчыцаў нарэшце дачакаюцца, калі блакітнае паліва прыйдзе ў іх дамы. Да раённых “Дажынак”, якія сёлета прымае аграгарадок, будзе праведзена добраўпарадкаванне, каб праз лічаныя месяцы свята хлебаробаў годна прайшло ў старажытным паселішчы.
За сённяшні падарунак — асаблівая падзяка дырэктару ААТ “Жабінкаўскі” Міхаілу Вячорку. Менавіта на сродкі акцыянернага таварыства невялічкі казачны гарадок паўстаў у самым “сэрцы” аграгарадка. Сам шматдзетны бацька, Міхаіл Мікалаевіч некалі загарэўся ідэяй зрабіць нешта карыснае для дзяцей у самым вялікім населеным пункце Жабінкаўскага сельсавета. Прыемна, што слова не доўга чакала, каб ператварыцца ў добрую справу. За тое дырэктар сельгаспрадпрыемства не толькі пачуў словы падзякі Алега Смаршчка і Мікалая Галавейкі (былога і сённяшняга старшынь сельвыканкама), але й атрымаў кветкі з рук дзяўчынкі, што падбегла да Міхаіла Мікалаевіча адразу, як той скончыў сваю кароткую прамову.
Са свайго боку, да малых і дарослых звярнуўся намеснік начальніка райаддзела МНС Аляксандр Кулік. Выратавальнікі праводзяць акцыю “Не пакідайце дзяцей саміх”, нагадваючы пра небяспеку, якую нясе агонь. Ды і горкамі, арэлямі патрэбна карыстацца асцярожна, каб замест смеху слёзкі не закапалі…
…Праз лічаныя хвіліны кіраўнік Жабінкаўскага раёна і дырэктар “Жабінкаўскага” сельгаставарыства перарэзалі сімвалічную стужку і дзіцячы падворак у імгненне вока напоўнілася юнымі “жыхарамі” садзіка і школы. Пакуль яны аглядалі, асвойвалі, нават “штурмавалі” падарунак, створаны клопатам дарослых, даведаўся ад дырэктара Якаўчыцкай СШ Валерыя Галавейкі прыемную навіну: у наступным навучальным годзе колькасць вучняў вырасце ажно на 10 чалавек.
На адкрыццё пляцоўкі завітала шмат бацькоў з дзецьмі. Пацікавіўся: ці падабаецца ім свята? Станоўча і амаль аднагалосна адказалі дзве шматдзетныя матулі — Юлія Крывалевіч і Святлана Празапас.
— Гэтак надарылася, што 20 чэрвеня — супольны дзень нараджэння, мой і Ромкаў, — сказала Юлія, узнімаючы на рукі гадавалага сына. — І вось напярэдадні такі цудоўны прысвятак! Дзякуй добрым людзям за выдатны падарунак. Будзе куды прыходзіць, каб адпачыць усёй сям’ёй.
І правільна: калі разам, калі сям’ёй — гэта хораша.
Дзень, як ужо раней гаварылася, выдаўся спякотным. І раптам… хлынула з неба вада. Не, не расчыніліся раптам нябёсы. Гэта выратавальнікі вырашылі паказаць сваё майстэрства, а дзятва дый некаторыя дарослыя былі гэтаму толькі радыя!

Popularity: 1%

Top