У густэчы важных падзей

У густэчы важных падзей

Анатоль БЕНЗЯРУК.

“Прафсаюз — гэта арганізацыя добрых спраў. Яе прызначэнне — стаяць на абароне чалавека працы, а таму заўжды знаходзіцца ў густэчы падзей”. Так вызначыў месца і ролю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі у сучасным жыцці кіраўнік ФПБ Міхаіл Орда, адкрываючы семінар-нараду, што ладзілася 3–4 чэрвеня ў Мінску.

НА ГЭТЫ РАЗ у штаб-кватэры Федэрацыі сабраліся не толькі загадчыкі прэс-службамі абласных аб’яднанняў прафсаюзаў, старшыні раённых і гарадскіх звёнаў.
— Навізна сённяшняга семінара, — падкрэсліў Міхаіл Сяргеевіч, — у тым, што ў нашых прафсаюзах узнікла новая структура — спецыялісты па сувязях з грамадскасцю. Вядома, з Мінску, нават з абласных цэнтраў далёка не ўсё бачна, як дзейнічае першаснае, а таму галоўнае наша звяно — прафсаюзная пярвічка. Разгледзець, чым яна жыве і дапамогуць новыя актывісты, здольныя паспяхова валодаць пяром. Гэта работа надзвычай важная. Яна дазволіць узмацніць на месцах сувязь паміж прафсаюзамі і шараговымі грамадзянамі.
У фокусе семінара-нарады, як заўжды, знаходзіліся важныя пытанні, што паўстаюць у юбілейны для прафсаюзаў год. (Балазе, віншаванні са 115-годдзем прафсаюзнага руху яшчэ не аднойчы гучалі на працягу двух семінарскіх дзён). Міхаіл Орда расказаў пра сустрэчу 2 мая з Аляксандрам Лукашэнкам, на якой кіраўнік краіны падтрымаў многія прафсаюзныя ініцыятывы.
Сярод іх не толькі маніторынг цэнаў, які право-дзяць прафсаюзы на месцах, але й актыўны ўдзел сяброў ФПБ у парламенцкіх выбарах, прызначаных на гэты лістапад.
Між іншым, і самі прафсаюзы сёлета праводзяць свае справаздачна-выбарчыя сходы (яны прайшлі ўжо больш чым у 60 адсотках арганізацый). Асобна Міхаіл Сяргеевіч спыніўся на рабоце прафсаюзных спартыўных школ. З гонарам адзначыў, што на мінулай Алімпіядзе ў Рыа-да-Жанейра з дзевяці медалёў, заваяваных беларусамі, чатыры належаць прафсаюзным спартсменам.
У асобны раздзел былі вылучаны мерапрыемствы, знітаваныя з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыкладам, на Кургане Славы будзе ўсталяваны легендарны самалёт «Іл-2» — падарунак прафсаюзаў да славутай юбілейнай даты, даніна памяці лётчыкам, што ваявалі на гэтых “крылатых машынах Перамогі”. Гэта непасрэдна тычыцца і нашага краю. Паколькі восенню 1944-га ў Агародніках ды Вежках месціўся аэрадром штурмавых авіяпалкоў, а экіпажы двух «Ілаў» знайшлі апошні свой прытулак у нашай жабінкаўскай зямлі.
Узнімаліся таксама пытанні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы і прааваабарончай дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (да слова, толькі летась юрысты ФПБ прыкладна ў 140 выпадках абаранялі ў судах паскарджаных працаўнікоў).
Пра ўдзел прафсаюзных арганізацый у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання і аб адзінай інфармацыйнай прасторы Федэрацыі змястоўна распавялі прысутным намеснікі Старшыні ФПБ Аляксандр Мікша і Алена Манкевіч.
Не менш зацікаўленай выдалася размова ва ўстанове адукацыі ФПБ “Міжнародны ўніверсітэт МІТСО”, дзе на сустрэчу да спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю завіталі галоўныя рэдактары газеты “Беларускі Час” і партала 1prof.by Ігар Касцючэнка і Аляксей Пашкевіч. Бадай, агульную думку выказаў Аляксей Казіміравіч: “Жывём адным жыццём з газетай. Рухаем і падтрымліваем адзін аднаго, фарміруючы пазітыўны імідж прафсаюзаў як на друкаваных старонках, так і ў сацсецях”.
4 чэрвеня ўдзельнікі семінара маглі падвесці вынікі і падзяліцца думкамі на нарадзе, якую вяла сакратар Федэрацыі Ганна Варфаламеева.

Popularity: 1%

Top