Канікулы цікавыя і бяспечныя

У перыяд доўгачаканых летніх канікулаў у хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляецца шмат вольнага часу: можна адпачыць у дзіцячым лагеры, адправіцца ў паход альбо наведацца да бабулі з дзядулем. Бацькам яшчэ адна нагода задумацца, ці ведае дзіця правілы бяспекі, ці зможа правільна дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі. Тут на дапамогу прыйдуць нашы выратавальнікі-пажарныя. З 1 чэрвеня на Жабінкаўшчыне стартавала рэспубліканская акцыя “Канікулы без дыму і агню”, у рамках якой супрацоўнікі аддзела падзеляцца неабходнымі ведамі і навыкамі з дзецьмі і дарослымі, завітаюць у летнікі і арганізуюць цікавыя мерапрыемствы. Маштабная акцыя прадоўжыцца да канца лета.
Паралельна ў чэрвені-ліпені ў сельскіх населеных пунктах праходзіць акцыя “З клопатам аб бяспецы малой радзімы”. Яе мэта — прадухіленне пажараў ад неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх асоб пенсійнага і пажылога ўзросту.

РАНС ганарыцца Эдуардам

У Брэсце адбыўся фінальны этап абласнога штогадовага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Брэсцкага ўпраўлення МНС Беларусі. У ім прыняў удзел інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Жабінкаўскага РАНС Эдуард Буза. У сваёй падгрупе — “Дзяржаўны пажарны нагляд” — ён прадэманстраваў добры ўзровень па агульнапрафесійнай, спецыяльнай і фізічнай падрыхтоўцы. Эдуард справіўся з тэсціраваннем, што ўключала 50 пытанняў, спрытна падцягнуўся на перакладзіне, прабег дыстанцыі ў 100 і 1000 метраў. У выніку малады чалавек заваяваў трэцяе месца!

Спаборнічалі юныя выратавальнікі

На Жабінкаўшчыне ва ўрочышчы “Сасновы бор” прайшлі XIII абласны злёт-конкурс навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па факультатыўным курсе “Бяспека жыццядзейнасці” і XVIII абласны злёт Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі юных выратавальнікаў-пажарных. На працягу трох дзён хлопчыкі і дзяўчынкі жылі ў палатачных гарадках пад адкрытым небам і сапернічалі ў розных этапах спаборніцтваў. Дарэчы, сёлета ўдзельнікаў аб’ядноўвала тэматыка “Мая малая радзіма”, у гэтай частцы конкурсу наша каманда апынулася ў лідарах. Няпростай была “Эстафета”, якая ўключала тры заданні: устаноўку палаткі, надзяванне абароннага камплекту і процівагаза, выратаванне людзей на ўчастку заражанай мясцовасці. А баявое разгортванне, турыстычная пераправа і пераадоленне воднай перашкодывыявілі, наколькі каманды згуртаваныя.

Пажарныя яшчэ і ў валейбол гуляюць!

Каманда аддзела па надзвычайных сітуацыях паспяхова выступіла ў спаборніцтвах па валейболе сярод аматараў (мужчыны) “Жабінкаўская валейбольная ліга — 2019”. У ёй прынялі таксама ўдзел работнікі нашага цукровага завода, Кобрынскага гандлёвага цэнтра “Палессе”, Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння УП “Брэстаблгаз”, Брэсцкага мясакамбіната і ААТ “Ракітніца”. Каманду выратавальнікаў прадстаўлялі Дзмітрый Дульскі і Ігар Антанюк, Раман Філіпук і Аляксандр Галаванчук, Глеб Місуна і Іван Ганчук ды іншыя. Пераможцам спаборніцтваў стала “салодкае” прадпрыемства Жабінкі, аддзел па надзвычайных сітуацыях заняў другое месца, завяршыў тройку лідараў Брэсцкі мясакамбінат.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК.

Popularity: 1%

Top