Шырокі спектр паслуг Жабінкаўскіх бытавікоў

Шырокі спектр паслуг Жабінкаўскіх бытавікоў

Ужо даўно не была ў гарадскім Доме быту, што на вуліцы Кірава, а калі зайшла, была прыемна здзіўлена. Нават і не ўяўляла, што тут аказваюць такі шырокі спектр паслуг, усе сацыяльна-значныя. Не памянялася толькі адно: прыветлівыя, добразычлівыя адносіны да наведвальнікаў прыёмшчыцы заказаў Соф’і Мікалаеўны Вабішчэвіч. 25 гадоў яна працуе ў РКБА з кліентамі, ад іх у кнізе заўваг і прапаноў толькі падзякі. Адна з апошніх: “Прашу аб’явіць падзяку і заахвоціць загадчыцу КПП №1 г.Жабінка Вабішчэвіч С.М. за добрую працу ў абслугоўванні, чулыя і ўважлівыя адносіны да кліентаў”.


Соф’я Мікалаеўна пералічвае з якімі патрабаваннямі прыходзяць сюды жабінкаўцы: рамонт адзення, абутку, хімчыстка, мыццё бялізны, выраб помнікаў, агароджы, абліцовачнай пліткі і інш. Дарэчы, бытавікі вывучаюць попыт паслуг на рынку і ўкараняюць новыя, сярод якіх хімчыстка падушак і дываноў, авярлоўка апошніх. І калі трэба правесці ў апошні шлях чалавека, таксама звяртаюцца сюды. Тым больш, што адразу можна заказаць увесь комплекс рытуальных паслуг, у тым ліку і аўтамашыну. Зручна для людзей, асабліва гэта важна ў цяжкую для іх хвіліну страты блізкіх. Не адмаўляе С.М.Вабішчэвіч, калі патрэбна ў сувязі з гэтым прыйсці на працу і ў выхадны, і ў нерабочы час. Жыццё ёсць жыццё…
І гатовыя рэчы Соф’я Мікалаеўна прапануе наведвальнікам: падушкі, коўдры, пасцельную бялізну, вопратку.
— Сёння ўжо 20 чалавек прыняла, — гаворыць яна. — Тры мільёны рублёў нагандлявала. Ідуць і ідуць людзі. Пасля абеду яшчэ столькі чакаецца. А гэта сведчанне таго, што выканаем план. Штомесячна замест 30 мільёнаў здаём у сярэднім 50 мільёнаў рублёў. Зручна стала, што выручку не трэба насіць у КБА, калі даводзілася зачыняць прыёмны пункт, каб туды дабірацца. У выніку не губляем наведвальнікаў.
— Ужо пахне вясной і кліентаў усё прыбаўляецца, — далучаецца да нашай размовы цырульнік Наталля Берднік, у якой тут свой пакой. — Усе хочуць быць прыгожымі. Шкада, што, напэўна, не хапае рэкламы, і не ўсе ведаюць, што ў Доме быту мы працуем з Таццянай Гардзіенка. Але нашы пастаянныя кліенты пасля зімы дарогу сюды не забыліся.
У Таццяны Гардзіенка наперадзе сур’ёзнае выпрабаванне: яна рыхтуецца да абласнога конкурсу майстэрства цырульнікаў “Натхненне-2012”, што пройдзе неўзабаве. Вопыт у яе ўжо ёсць, у вобласці займала трэцяе месца сярод калег.
Як і тады, цяпер таксама сяброўкі па працы ў душы хвалююцца за яе і жадаюць перамогі.
… На другім паверсе Дома быту мяне сустрэла майстар швейнага атэлье Раіса Васільеўна Целянкевіч. У асноўным 7 швачак і закройшчыца З.М.Талканіца займаюцца пашывам спецыяльнай вопраткі для прадпрыемстваў і арганізацый. Іх пастаянныя кліенты — ПМК-19 і ПМК-10, санаторый “Буг”. На продаж шыюць рукавіцы, кашулі, блузкі, трусы.
Са снежня атрымалі выгадны заказ ад Баранавіцкага баваўнянага камбіната на пашыў пасцельнай бялізны.
З планам калектыў атэлье таксама спраўляецца. У лютым выканалі заказаў на 76 мільёнаў рублёў, а прадугледжвалася — на 55 мільёнаў. І ўсё гэта дзякуючы стараннай працы жанчын. Індывідуальных пашываў тут невялікая колькасць (многія цяпер аддаюць перавагу кітайскаму ці турэцкаму шырпатрэбу), але мужчынскі закройшчык Зоя Талканіца без працы не застаецца. Заказваюць у яе штаны, касцюмы, праўда, мужчыны больш сталага ўзросту. І зараз такіх заказаў у яе нямала.
А вось былая работніца КБА Т.А.Дзідэнка прыйшла якраз сюды, каб адрамантаваць некаторыя рэчы.
— З задавальненнем звяртаюся да Зоі Андросенка, — гаворыць яна. — Не хачу да іншых ісці, яна і маланку ўшые, і штаны падкароціць, і латку паставіць так, што не заўважыш… Вось ізноў ёй работу прынесла. Добра, што тут такія майстрыхі ёсць.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: цырульнік Наталля Берднік абслугоўвае пацыентку; швачкі В.Р.Самайлюк, Н.У.Лах, З.А.Андросенка, К.У.Сахарчук і другая злева майстар атэлье Р.В.Целянкевіч.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top