У водары кветак

У водары кветак

Як прыемна спяшацца на працу або павольна гуляць па чыстых, утульных вуліцах горада! І як здорава затрымацца вокам на вазонніцах і клумбах, якія робяць галоўныя вуліцы райцэнтра яшчэ больш прывабнымі і прыцягальнымі…
А ў гэтым — заслуга Марыны Ярмолік, рабочай зялёнага будаўніцтва. Так-так, ёсць такая пасада ў Жабінкаўскай ЖКГ. Жанчына амаль дзесяць гадоў працавала кветкаводам у Брэсцкай дыстанцыі зялёных насаджэнняў, а апошнія пяць — клапоціцца аб кветках на вуліцах горада. Разам з калегай Вольгай Дубінай (на здымку) яны трымаюць у парадку клумбы ў Жабінцы і мікрараёне цукровага завода. Фізічна, прызнаецца Марына, няпроста: палоць ад пустазелля, убіраць сухія сцябліны, паліваць. І паспець трэба ўсюды, каб кветкі дарылі толькі станоўчыя эмоцыі. Асабліва многа работы пасля зімы. Здорава, калі людзі цэняць клопаты кветкаводаў. Аднак, знаходзяцца такія, што ламаюць кветкі, псуюць вазонніцы, кідаюць апалую лістоту на клумбы. “Ну, гэта, на шчасце, не часта бывае, — пасміхаецца Марына. — Не раз назіраю, як дарослыя і дзеці фатаграфуюцца ля кветкавых палянак, усміхаюцца, любуюцца рознакаляровым дываном з водарных пялёсткаў. Значыцца, мая работа некаму патрэбна”…
Сапраўды, чараўніцтва, створанае рабочымі камунальнай службы, радуе і лашчыць вока. Для стварэння некаторых кампазіцый патрэбен не дзень — нават больш. Напрыклад, на кампазіцыю “Сцяг Жабінкі” спатрэбілася пяць дзён.
Жабінкаўская ЖКГ неаднойчы прымала ўдзел у абласных конкурсах па афармленню кветкавых клумб, і за яркае, жыццярадаснае афармленне заўжды атрымлівала ўзнагароды і дыпломы.
Даводзіцца Марыне Ярмолік разам
з калегамі, акрамя добраўпарадкавання зялёных зон і кветніц, абразаць дрэвы і кустоўе, вапнаваць дрэвы, бардзюры клумб, клапаціцца, каб тэрыторыя горада выглядала прывабна і чыста. А для гэтага неабходна то падкарміць дрэвы, то падрыхліць глебу.
А нам, жыхарам і гасцям Жабінкі, застаецца атрымліваць асалоду ад афармлення, стракатасці кветнікаў і берагчы намаганні работніц зялёнага будаўніцтва ЖКГ.
Кацярына ЦІТОВА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top