Кіжэ жывы!

Кіжэ жывы!

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Ці верыце вы ў прывіды? Не, мы не прапануем наведаць спірытычны сеанс, каб выклікаць нейкага духа. Як і раней, размова пра памяць і бяспамяцтва. У гэтым артыкуле будзе шмат двухкоссяў. Паколькі “героямі” яго стануць людзі-фантомы.

НЕКАЛІ ПІМЕН ПАНЧАНКА напісаў: “А за мною заўсёды, да самай труны, будзе крочыць праклятая здань вайны”. Няхай радкі беларускага класіка стануць эпіграфам да гэтай нататкі.
Іншы класік — Юрый Тынянаў — у 20-я гады стварыў аповесць “Падпаручнік Кіжэ”. Сюжэт узяты з гістарычнага анекдота пра Паўла І. Аднойчы цару паднеслі загад, у якім малады пісар, замест фразы “подпоручики же Стивен, Рыбин…”, памылкова напісаў: “подпоручик Киже, Стивен, Рыбин…” А далей з чалавекам-апіскай здараюцца розныя дзіўныя рэчы. Трапіўшы на царскія вочы, ён раптоўна… “ажывае”.
Вядома, ва ўсе вякі бюракратыя вельмі неахвотна прызнае свае памылкі. Таму прывід становіцца рэальнасцю! За тое, што сваім крыкам ён “пабудзіў” імператара, Кіжэ бязлітасна “сякуць” розгамі і “высылаюць” у Сібір. Калі ж царскі гнеў сціхае, міфічны падпаручнік атрымлівае ордэны, жонку, маёнтак, прыгонных. Становіцца нават бацькам і генералам! І вось тут Паўлу Пятровічу захацелася асабіста пазнаёміцца з найлепшым сваім воінам. Царская воля паставіла крыж на лёсе Кіжэ. “Народжаны” адным росчыркам пяра, ён гэтак жа раптоўна “памірае” і з вялікай помпай “пахаваны” ў “Пецярбуржскім Некропалі” сярод іншых славутасцяў…
Прыкладна тое самае, але ўжо не ў літаратурным творы, а ў сапраўднасці назіраем і ў Жабінцы. Тут таксама старанна захоўваюць сваіх Кіжэ.
У кнізе “Памяць” на старонцы 311-й згадваецца рэальны баец “ЛОМОВЦЕВ Иван Фролович”, а на 315-й — ягоны двайнік “ЮМОВЦЕВ Иван Фролович”. Можна ўявіць, як гэта адбылося. Аднойчы нейкі перапісчык прыняў пачатковыя дзве літары ў прозвішчы Ломаўцаў за адну і… з’явіўся наш Кіжэ.
Толькі і гэтага аказалася мала. Ужо іншы вялікі майстар вырашыў “увекавечыць” шматпакутнага Івана Фролавіча на плітах помніка на вуліцы Кірава. Але дарэмная справа шукаць яго там. Замест сапраўднага Ломаўцава І.Ф. вас чакаюць ажно два фантомы: “ЛОМОВ И.Ф.” і “ЮМОВЦЕВ И.Ф.”.
Прыйшоў час расказаць пра сапраўдную, а не прыдуманую асобу. Іван Фролавіч ЛОМАЎЦАЎ (1920–1944) паходзіў з Куйбышаўскай (цяпер Самарскай) вобласці. Жыў ва ўкраінскім Мікалаеве, таму ў Чырвоную Армію быў прызваны толькі вясной сорак чацвёртага. Трапіў на І Беларускі фронт, у 67-ы стралковы полк 20-й стралковай дывізіі. Кулямётчык Ломаўцаў вызначыўся 3 ліпеня 1944 года. У жорсткім баі пад вёскай Семежава Капыльскага раёна ён падбіў легкавы аўтамабіль і прымусіў замоўкнуць два варожыя кулямёты. За свой подзвіг быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Не меншую смеласць яфрэйтар Ломаўцаў праявіў і 21 ліпеня ў баі на вуліцах Жабінкі. На жаль, гэты дзень стаў апошнім у яго жыцці.
Па ўсім відаць, годны быў чалавек нашай памяці. Але ж, як у той песні: “Нешта з памяццю маёй сталася…”
Як пачыналі з класіка, ім і закончым: “Калі пісар перапісваў загад, падпаручнік Кіжэ быў памылкай, апіскай, не больш за тое. Яе маглі не заўважыць, і яна патанула б у моры папер, а паколькі загад нічым не быў цікавы, то малаверагодна, што пазнейшыя гісторыкі нават пачалі б яго пераказваць. Прыдзірлівае вока Паўла Пятровіча… дало ёй сумніцельнае жыццё — апіска стала падпаручнікам без твару, але з прозвішчам”.
На здымку: побач з “Юмовцевым И.Ф.” знаходзіцца яшчэ адзін фантом — “Шатлов И.Н.”, якога ў сапраўднасці звалі Іванам Мікалаевічам ШЫЛАВЫМ.

Popularity: 1%

Top