Саламяныя цуды

Саламяныя цуды

З 2002 года ў РЦТДіМ дзейнічае гурток саломапляцення “Залатая саломка”. Тут вучацца тварыць цуды хлопчыкі і дзяўчаткі з 10 да 14 гадоў — ажно 60 чалавек у пяці групах.
Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах Тамара Казлова, якая дзясятак гадоў прарабіла на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, цяпер дапамагае дзецям і падлеткам спраўляцца з прыродным матэрыялам — саломкай.
Снапы саломы выхаванцы цэнтра ператвараюць у ганарлівых аленяў, кветкавыя кампазіцыі і шыкоўныя вазы.
— Дзецям падабаецца рабіць сувеніры сваімі рукамі, — расказвае Тамара Міхайлаўна. — Заадно далучаюцца да культуры, традыцый продкаў. Дарэчы, раней існаваў звычай развешваць у хатах плеценых павучкоў, якія, па павер’ях, збіралі негатыў хаты. А потым абярэг спальвалі і рабілі новы. Праўда, нашы выхаванцы так не робяць — шкадуюць зробленае сваімі рукамі… Акрамя павучкоў, на Юр’еў дзень пляцём саламяных конікаў — сімвал дабрабыту ў гаспадарцы. На Купалле “чаруем” над вяночкамі. Увогуле — салома — матэрыял “паслухмяны”, сонечны, мяккі.
Тамара Міхайлаўна дадае, што за навучальны год з хлопчыкамі і дзяўчынкамі расходваюць мінімум пяць вялікіх снапоў саломы. А нават адзін абхапіць складана — такі вялікі! І руплівіца дзеліцца чарговым “сакрэтам” — збіраць каласы трэба ў перыяд “малочнай” спеласці, калі яны яшчэ крышку зеленаватыя.
Тамара Казлова робіць гэта на дачы — фарміруе снапы і падвешвае пад столяй у хляве. У творчасці выкарыстоўвае саламяныя сцябліны, а зярнятамі з задавальненнем частуюцца курачкі. “Нарыхтоўку” прасушвае, выразае “каленцы” і вытрымлівае на сонейку — яны набіраюцца цяплом, становяцца бліскучымі, ярка-жоўтымі.
Ну, а на занятках саломку апускаюць у гарачую ваду — каб была “падатлівая”.
Выхаванцы РЦТДіМ аб’яднання “Залатая саломка” Юлія Бакун, Ганна Дземянчук, Лера Новік, Кіра Якімчук, Ксенія Юшчук плятуць ужо некалькі гадоў. Ім вельмі падабаецца на занятках. Дзеці з задавальненнем дэманструюць свае самаробкі: дамавічкі, кветкі, беларускія лялькі, лапці, капялюшы, сумачкі, кашалькі…
У прасторным кабінеце афомлена выставы саламяных самаробак Вялікадня “Свята Вясны”.
Саламяныя цуды жабінкаўскіх юных майстроў пабывалі на абласной выставе-конкурсе “Вясёлкавы калейдаскоп”. Былі перамогі і на рэспубліканскіх конкурсах “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”
Плясці з саломкі — праца карпатлівая, але цікавая і непаўторная. Свае цуды з радасцю дзеці дораць сваім блізкім на святы і дні нараджэння.
Тамара Міхайлаўна і ўсе педагогі РЦТДіМ рыхтаваліся да ўдзелу ў абласным этапе конкурсу “Радавод”, які адбыўся ў г. Пружаны. Там жа была арганізавана выстава вырабаў і майстар-клас.
Таццяна КАРПЕНКА.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Popularity: 1%

Top