Справы і турботы раённай дзіцячай

Справы і турботы раённай дзіцячай

Кожны раз на пачатку года раённая дзіцячая бібліятэка інфармуе чытачоў аб сваёй рабоце. Пагадзіцеся, наша праца непрыкметная на першы погляд, а разабрацца, дык яна, нібы тая бурлівая рака, не спыняе свайго бегу. І ўсё — дзеля чытачоў, якіх у нас нямнога-нямала — 1944, гэта дзеці і іх бацькі. За год праходзіць больш чым 40 мерапрыемстваў. Нам падабаецца, што на іх любяць прыходзіць і малыя і дарослыя. Шукаем цікавыя формы масавай работы. Сярод іх гульнёвыя віктарыны, тэатралізаваныя відовішчы, лялечныя спектаклі, конкурсы, чытанні ўголас, спартыўныя гульні і інш.
У нас створаны фонд праваслаўнай літаратуры, які складаецца ўжо больш чым з 700 асобнікаў. Ён уключае рэлігійныя кнігі, мастацкую літаратуру, кнігі для бацькоў пра сямейнае выхаванне і многія іншыя. Карыстаецца фонд вялікім попытам. Сярод карыстальнікаў ёсць маладыя мамы з дзеткамі, і мы вырашылі, што настаў час стварыць школу праваслаўя для іх пад назвай “Па раду да бацюшкі”. Зразумела, мерапрыемствы праваслаўнай тэматыкі не абыходзяцца без святара — настаяцеля Свята-Пакроўскага храма Сергія Петрусевіча. Ён заўсёды жаданы госць, любяць яго нашы чытачы. Пытаюцца, просяць бласлаўлення… Пакуль матулі вядуць гаворку ў чытальнай зале, дзеці з бібліятэкаркай бавяць час з лялькамі, чытаюць разам казкі, адгадваюць загадкі, удзельнічаюць у гульнях. Цікавыя ў нас літаратурныя пасядзелкі “Раство Хрыстова”, на якіх гучаць вершы, песні, падрыхтаваныя дзецьмі. За кубачкамі гарбаты час не здоўжваецца, і задаволеныя чытачы ідуць дахаты з думкай, каб… зноў настаў канец месяца, зноў прыйсці на цікавую сустрэчу ў сваю раённую бібліятэку.
Шмат цікавага ёсць. З 2009 года пры дзіцячай бібліятэцы працуе літаратурная студыя “Вестка”. Яе наведваюць дзеці, што спрабуюць пісаць вершы, байкі, казкі, замалёўкі. Многія з вас, шаноўныя чытачы, бачылі іх на старонках “Сельскай праўды”. Сярод сяброў студыі хочацца назваць найперш Насцю Сідорка, вучаніцу сярэдняй школы №3. “Хросным бацькам” паэткі стаў Алесь Каско. Нягледзячы на сваю занятасць, ён кожны раз прыходзіць на пасяджэнні. У нашых з ім задумах — сёлета знайсці фундатараў і выдаць першую Насціну кніжку. Спадзяемся, што ў Год кнігі знойдуцца людзі, якія не пашкадуюць грошай, каб дапамагчы ў выданні зборніка вершаў таленавітай дзевяцікласніцы.


Бывае, задумаешся над звыклым: дзеці — наша будучыня, наш гонар, — і агортвае жаль. Як ні стараемся, а не можам задаволіць юных чытачоў патрэбнай для развіцця літаратурай. Не хапае кніжак для пазакласнага чытання, дык мы вырашылі невялікія творы капіраваць на ксераксе. Заўжды шукаем выйсця, каб чытач быў задаволены, і ўсё ж горкі асадак на душы застаецца.
Штогод, а тым больш сёлета, у Год кнігі, раённая дзіцячая бібліятэка аб’яўляе дабрачынную акцыю “Дар”. Запрашаем усіх, у каго шмат цікавых і ў добрым стане кніжак, падарыць частку іх для нашых маленькіх і дарослых чытачоў, а ў каго ёсць фінансавыя сродкі, пералічыць ахвяраванні на наш разліковы рахунак №3632220400043 аддзялення 402 філіяла Брэсцкай вобласці ААТ “Белінвестбанк”, горад Жабінка, вул.Свабоды, 6а, код 823, УНП 200038464. Адрас раённай дзіцячай бібліятэкі: Жабінка, вул.Савецкая, 3, тэл. 2-17-84.
А пакуль што выказваю вялікую ўдзячнасць адміністрацыі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і асабіста генеральнаму дырэктару таварыства Віктару Рыгоравічу Міронаву за фінансавую падтрымку. Сярод нашых актыўных сяброў жыхарка горада Галіна Пятроўна Кузнец. Яна перыядычна дорыць кнігі. Апошні раз ахвяравала больш чым 300 асобнікаў, якія ўладкаваліся на паліцах стацыянарнай і перасоўнай бібліятэк. Здароўя, дабрабыту і шчасця ёй і ўсім нашым памочнікам!
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.
На здымках: Галіна Фёдараўна Хандрыка з юнымі чытачамі.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top