Людміла, якая не здрадзіла сваёй мары і прызванню

Людміла, якая не здрадзіла сваёй мары і прызванню

Як гаворыцца ў народнай прыказцы, “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца”. Гэтыя словы можна сказаць і пра Людмілу Астроўскую. Яе работа ў цэнтральнай раённай бібліятэцы нашага горада асноўвалася на дабрыні і ісціне. Яна гаварыла мне, што вельмі любіць сваю працу і стараецца адказна ставіцца да яе. Часта ўзгадваюцца пасяджэнні клуба “Суразмоўнік”, якім кіравала Людміла Аляксандраўна. Яго ўдзельнікі прыходзілі, каб сустрэцца з гэтым разумным і цікавым чалавекам. З такімі ж пісьменнымі, вопытнымі і добразычлівымі людзьмі арганізоўвала Людміла Астроўская незабыўныя сустрэчы і экскурсіі. На пасяджэнні клуба запрашаліся Васіль Вашчук, які шмат гадоў працаваў у афрыканскіх краінах, лячыў людзей, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Панасюк і нараджэнец Разанскай вобласці, ваенны контрразведчык Аляксей Крывашэін, палкоўнік КДБ у адстаўцы. Заўсёды ўражвала разнастайнасць талентаў жабінкаўскай зямлі, з якімі нас знаёміла праз розныя формы (дыспуты, сустрэчы, паэтычныя рынгі) Людміла Аляксандраўна. Мы ў дэталях пазнаёміліся з творчасцю Расціслава Бензерука, Івана Арабейкі, Васіля Грынько, Івана Дацкевіча, Алены Жабінкаўскай, Васіля Гадулькі, Васіля Сахарчука і іншых.
Тэме здаровага ладу жыцця былі прысвечаны сустрэчы з урачамі райбальніцы Ангелінай Чарнейка, Ірынай Астроўскай, Уладзімірам Лапусам, Ганнай Бурак, іншымі.
2012-ы быў аб’яўлены Годам кнігі. У клубе “Суразмоўнік” адно з пасяджэнняў прысвячалася трагічнаму лёсу, складанаму духоўнаму свету, літаратурнай дзейнасці адной з самых загадкавых жанчын ХХ стагоддзя Марыны Цвятаевай. Пра гераічнае мінулае, дарогі Тадэвуша Касцюшкі, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, музей народнай творчасці ў вёсцы Залуззе, аграсядзібу Шадрыных “Лясная гавань”, бітву 1812 года ля вёскі Гарадзечна Пружанскага раёна суразмоўнікі даведаліся падчас адной з экскурсій. Наведалі Свята-Пакроўскую царкву, якая была пабудавана ў 1825 годзе ў цэнтры Гарадзечна ў памяць пра абаронцаў Айчыны. Непадалёк ад храма расце дуб — жывы сведка падзей сівой даўніны. Гэтыя адкрытыя старонкі гісторыі Айчыннай вайны 1812 года ўражваюць, выклікаюць пачуццё гонару ўперамешку з пачуццём смутку і гневу.
Людміла Аляксандраўна ўмела арганізаваць і мела жаданне рабіць добрыя справы. А калі дабрыня ў душы і сэрцы, то гэта заўсёды адлюструецца ў любой справе і працы.
А што кажуць пра Людмілу Астроўскую калегі па рабоце?
Дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна ДУЛЕВІЧ: “Людміла Астроўская прыйшла працаваць у бібліятэку ў жніўні 1980 года пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна. Адразу была назначана загадчыцай аддзела абслугоўвання і нязменна адпрацавала на гэтай пасадзе 35 гадоў. Людмілу Аляксандраўну адрознівала цудоўнае веданне кніжнага фонду. Калі прыходзіла новая партыя кніг для бібліятэкі, яна старалася прачытаць ці прагледзець кожную, каб ведаць, пра што яна, для якой катэгорыі чытачоў прызначаецца, каму прапанаваць яе для чытання. У 1986 годзе пры раённай бібліятэцы было створана аматарскае аб’яднанне “Суразмоўнік”. Людміла Аляксандраўна стала яго актыўнай удзельніцай. З 1995-га аб’яднанне было пераўтворана ў клуб для пажылых людзей, і Людміла Астроўская ўзначальвала яго на працягу дваццаці гадоў. Мноства цікавых сустрэч і экскурсій было арганізавана дзякуючы Людміле Аляксандраўне: гісторыка-краязнаўчае мерапрыемства па Жабінцы “Наш горад учора, сёння, заўтра”, сустрэча з паэтам Вячаславам Фядотавым, наведванне гістарычных мясцін Жабінкаўшчыны, Пружаншчыны і Кобрыншчыны і многія-многія іншыя”.
Бібліятэкар Валянціна СЛАВУЦІЧ: “З Людмілай Аляксандраўнай мы працавалі разам больш за трыццаць гадоў. Яна ўзначальвала ў раённай бібліятэцы аддзел абслугоўвання, інфармацыі і міжбібліятэчнага абанемента. Гэта вельмі творчы і таленавіты чалавек. Пад яе кіраўніцтвам аддзел працаваў якасна, зладжана, панавала атмасфера добразычлівасці, разумення, узаемадапамогі. Паводле водгукаў чытачоў нашай бібліятэкі ўсе мерапрыемствы, якія праводзіліся з ініцыятывы Людмілы Астроўскай, былі цікавымі і змястоўнымі. З Людмілай Аляксандраўнай мы сябруем шмат гадоў. Гэта надзейны і верны чалавек, шчырая сяброўка. 9 мая яна адзначыла чарговы дзень нараджэння. Жадаю ёй здароўя, доўгіх гадоў жыцця і ўсяго самага найлепшага”.
Яўгенія САСНОЎСКАЯ: “З’яўляюся сябрам клуба “Суразмоўнік” шмат гадоў. Час хуткаплынны: зусім нядаўна ім кіравала цудоўны чалавек, прафесіянал сваёй справы Людміла Астроўская. Клуб працуе і зараз, і сёння право-дзяцца цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы. Але мне ўзгадваюцца часы 7 — 10-гадовай даўніны, калі сустракаліся суразмоўнікі даволі часта, выязджалі на экскурсіі па раёне і за яго межамі. Гэту работу арганізоўвала Людміла Аляксандраўна, дамаўлялася з транспартам і кіраўніцтвам месцаў наведвання. Асабіста мне найбольш запомніліся паездкі ў музей Суворава ў Кобрыне і ў Хмелеўскую царкву і мужчынскі манастыр, а таксама экскурсія ў музей народнай творчасці ў вёсцы Залуззе. Сорамна прызнацца, але я не ведала, што ў нашым раёне знаходзіцца такая цікавая ўстанова, якой кіруюць людзі на добраахвотных пачатках… Пры наведванні клуба “Суразмоўнік” мяне заўсёды ўражвала ўступная частка перад пачаткам мерапрыемства. Людміла Аляксандраўна падбірала такія цікавыя матэрыялы, настолькі завалодвала ўвагай прысутных, што ўсе актыўна слухалі, а затым абмяркоўвалі прапанаваныя тэмы. Цяпер яна заслужаным адпачынку, на мінулым тыдні адсвяткавала дзень народзінаў. Хачу пажадаць ёй моцнага здароўя, аптымізму і шчасця”.
Усе члены клуба “Суразмоўнік” жадаюць бачыць Людмілу Аляксандраўну на сваіх пасяджэннях. Канечне, ёй вядомы словы Льва Талстога “Калі ты што-небудзь робіш, рабі гэта добра. Калі ты не можаш або не хочаш рабіць добра, лепш зусім не рабі”. Першы сказ, на мой погляд, стаў дэвізам Людмілы Астроўскай па жыцці.
Раіса МАРГЕВІЧ, сябар клуба “Суразмоўнік”.

Popularity: 1%

Top